2 Пятра 3 разьдзел
Другое пасланьне Пятра
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Умілаваныя, гэта ўжо другі ліст пішу да вас; у іх стараюся ажывіць ваш чысты розум напамінам,
Дарагія, пішу да вас ужо другі ліст, стараюся ў іх ажывіць ваш здаровы розум і памяць,
каб вы памяталі тыя словы, якія прадказаны былі святымі прарокамі, і прыказанне Госпада і Збаўцы, перададзенае Апосталамі.
каб вы помнілі словы, якія ўжо даўно былі прадсказаны сьвятымі прарокамі поруч перададзены Госпадам і Збаўцаю, ды пададзены вашымі апосталамі.
Перад усім ведайце, што ў апошнія дні з’явяцца паклёпнікі з кпінамі, якія будуць хадзіць адпаведна сваёй пажадлівасці
Перад усім ведайце, што ў апошні час паявяцца паклёпнікі з кпінямі, каторыя будуць вясьці сябе па сваіх страсьцях:
і будуць пытацца: «Дзе ж абяцанне Яго прыходу?», кажучы: «Бо з таго часу, як бацькі паснулі, усё так застаецца, як ад пачатку стварэння».
і будуць пытацца: Дзе ж абяцаньні Ягонага прыходу? Вось з тога часу як бацькі паснулі, усё адзінакава застаецца, як ад пачатку сьвету?"
Бо не ведаюць яны, тыя, якія так думаюць, што неба было здаўна і што зямля з вады і праз ваду словам Божым паўстала,
Бо ня ведаюць яны цікавыя, што неба было здаўна, і што зямля з вады і праз ваду на слова Божае заіснавала,
ад чаго тады той свет загінуў, затоплены вадою.
ды што праз яе той сьвет загінуў затоплены вадою.
А цяперашнія нябёсы і зямля тым самым словам утрымліваныя агню, захаваны на дзень суда і згубы бязбожных людзей.
А тое самае слова захавала цяперашняе неба і зямлю на кару агня, на дзень суду і загубу бязбогіх людзей.
Няхай для вас, умілаваныя, не будзе таямніцай тое, што адзін дзень у Госпада як тысяча гадоў і тысяча гадоў — як адзін дзень.
Няхай для вас, дарагія ня будзе тайнай гэта вось, што адзін дзень у Госпада як тысяча гадоў, а тысяча гадоў як адзін дзень.
Не марудзіць Госпад з абяцаннем, як некаторым здаецца, што марудзіць, але Ён цярплівы ў адносінах да нас і не хоча нічыёй загубы, але хоча ўсіх давесці да навяртання.
Не замарудзіць з зьдзейсьненьнем свайго абяцаньня — бо некаторыя здаецца, што Госпад марудзіць — ды Ён цярплівы для вас. Ён ня хоча нічыёй загубы, але хоча ўсіх давесьці да наварачэньня.
Як злодзей уначы прыйдзе дзень Госпадаў, у які нябёсы з шумам вялікім прамінуцца, стыхіі, распаленыя, знікнуць, а зямля і ўсе справы на ёй згараць.
Мо злодзей прыйдзе дзень Госпадаў, у каторым неба са свістам праміне, а зоркі ўва агні разсыпяцца, а зямля з сваімі творамі згарыць.
Калі ўсё гэта мае так разбурыцца, дык якімі павінны вы быць у святым жыцці і пабожнасці,
Калі ўсё гэта мае так рухнуць (зьнішчэць), дык якімі павінны (мусіце) вы быць у сьвятым сужыцьці і пабожнасьці,
калі чакаеце і прыспешваеце прыход дня Божага, у які нябёсы, палымнеючы, знікнуць і стыхіі ў паланні агню рассыплюцца.
калі чакаеце і стараецеся прыскорыць прыход дня Божага, у якім нябёсы палымеючыя зчэзнуць, а зоркі ў агні разсыпяцца.
Аднак, паводле абяцання Яго, мы чакаем новых нябёсаў і новай зямлі, на якіх жыве справядлівасць.
Аднак па абяцаньні чакаем новага неба і новай зямлі, у якой зажыве справядлівасьць.
Дзеля таго, умілаваныя, чакаючы гэтага, старайцеся быць без заганы і спракуды, каб Ён застаў вас у супакоі.
Дзеля таго, дарагія, чакаючы гэтага — старайцеся, быць прыгатаванымі, каб Ён застаў вас без заганы і спракуды — у супакою.
І доўгацярплівасць Госпада нашага лічыце за збаўленне, як і наш умілаваны брат Паўла паводле дадзенай яму мудрасці напісаў вам,
А цярплівасьць Госпада нашага лічыце за збаўленную, як і наш дарагі брат Павал у сваёй мудрасьці напісаў вам,
як аб гэтым гаворыць ён ва ўсіх лістах, у якіх ёсць штосьці цяжкае для разумення, што людзі невукі і няўстойлівыя выкрыўляюць, як і іншыя Пісанні, на ўласную згубу.
як таксама ва ўсіх лістох аб гэтым гаворыць. У іх ёсць некаторыя справы трудныя зразумець. Іх людзі недавучаныя і неўстойлівыя людзі выкрыўляюць, як таксама і іншыя Пісаньні на сваю загубу.
Дык вы, умілаваныя, аб гэтым папярэджаныя, сцеражыцеся, каб не даць сябе звесці ў аблуду нягоднікаў і не адпасці ад свайго ўмацавання.
Затым вы, дарагія, аб гэтым папярэжаныя, сьцеражыцеся, каб не ўпутацца ў блуды ліхотнікаў, якія не паважаюць законаў Божых, сваёй трываласьці, не давялі вас да ўпадку.
Дык узрастайце ў ласцы і пазнанні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму хвала і цяпер, і ў дзень вечнасці. Амін.
Дык мужнейце ў ласцы і ў пазнаньні Госпада нашага і Збаўцы, Езуса Хрыста. Яму хвала, як цяпер, так і да дня вечнасьці. Амэн.