Ёва 15 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Рeraklad V. Hadleuski

 
 

У адказ сказаў Эліфаз Тэманіт:
 

«Ці ж будзе мудры адказваць на словы пустыя і ці напоўніць жывот свой гарачым ветрам?
 

Ці будзе спрачацца словамі пустымі, і словамі, якія нічым не дапамогуць?
 

Ты адкідаеш страх Божы і перашкаджаеш у малітве да Бога.
 

Твая сапсаванасць вучыць твае вусны, і ты карыстаешся мовай хітруноў.
 

Асуджаюць цябе вусны твае, але не я, і язык твой сведчыць супраць цябе.
 

Ці ты першы чалавек, які нарадзіўся, і ці ты створаны раней за ўзгоркі?
 

Ці ты раіўся з Богам і ўзяў сабе мудрасць?
 

Ці ты нешта ведаеш, чаго мы не ведаем? Або нешта разумееш, чаго мы не разумеем?
 

Паміж нас ёсць і старыя, і сівыя, шмат старэйшыя, чым твой бацька.
 

Ці табе мала Божых суцяшэнняў і лагоднага слова, учыненага з табою?
 

Чаму так уздымаецца сэрца тваё, ды чаму так устрывожаны вочы твае?
 

Што ты кіруеш супраць Бога дух твой і прамаўляеш з вуснаў тваіх такія словы?
 

Што ёсць чалавек, каб быў ён беззаганным, і каб аказаўся справядлівым народжаны ад жанчыны?
 

Вось, святым Сваім не давярае, і нябёсы не чыстыя перад абліччам Яго.
 

Тым больш сапсаваны і брыдкі чалавек, які, як ваду, п’е несправядлівасць.
 

Я пакажу табе, паслухай мяне: што бачыў, раскажу табе,
 

пра што мудрыя сведчаць і чаго не ўтаілі ад іх бацькі іх:
 

ім толькі была дадзена зямля, і паміж іх не праходзіў чужынец.
 

Бязбожнік мучаецца праз усе дні свае, і няпэўны лік гадоў для гвалтаўніка.
 

Шум страху заўсёды ў вушах яго, быццам, нават калі супакой, на яго нападае нішчыцель.
 

Ён не верыць, што можа вярнуцца назад з цемры, бо яму наканаваны меч.
 

Калі намагаецца ён прасіць хлеба, — дык дзе ж? Ён ведае, што ў руцэ яго прыгатаваны дзень цемры.
 

Будзе баяцца ён бяды і нястачы, яны паваляць яго, як цара, які рыхтуецца да бітвы.
 

Бо ён выцягнуў руку сваю супраць Бога і ўздужаўся супраць Усемагутнага,
 

ён рынуўся на Яго з выцягнутай шыяй, узброены магутным шчытом.
 

Тлустасць пакрыла аблічча яго, а з бакоў яго сала звісае.
 

Ён пасяліўся ў гарадах апусцелых, і ў дамах пустых, што ў курганы ператварыліся.
 

Ён не будзе багаты, і не захаваецца маёмасць яго; і на зямлі ён не пусціць кораня свайго.
 

Не выйдзе ён з цемры; спёка спаліць парасткі яго, і вецер знясе квецень яго.
 

Хай не верыць марнасці ўведзены ў аблуду, бо марнасць будзе яго ўзнагародай.
 

Дні яго адымуцца перш, чым споўняцца, і парастак яго не зазелянее.
 

Сапсаваная будзе, як вінаграднік у першай квецені, гронка яго, ці, як аліўка, што страсае кветкі свае.
 

Бо сям’я бязбожніка няплодная, і агонь паглыне палаткі тых, якія ахвотна хабар прымаюць.
 

Бо ён пачаў пакуту і нарадзіў несправядлівасць, і нутро яго хітрасці рыхтуе».