Асіі 2 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Кажыце братам вашым: «Мой народ» і сёстрам вашым: «Атрымала міласэрнасць».
 

Спрачайцеся з вашай маці, спрачайцеся, бо яна ўжо не жонка Мая, а Я — не муж ёй; хай прыме з твару свайго распуснасць сваю і з грудзей сваіх — чужаложства.
 

Каб часам не агаліў яе цалкам, ды не паставіў яе, як у дзень нараджэння яе, ды не зрабіў яе падобнаю да пустыні, ды не ўчыніў яе сухою зямлёй, ды не забіў яе смагаю.
 

Дзяцей яе не пашкадую, бо яны дзеці распусты,
 

бо маці іх чужаложыла; ганебна паводзіла сябе, якая іх пачала; бо казала: «Пайду за сваімі палюбоўнікамі, якія даюць мне хлеб і воды мае, воўну маю і лён мой, аліву маю і напітак мой».
 

Дзеля таго, вось, загараджу дарогу тваю цернямі і мурам яе загараджу так, што сваіх сцежак не знойдзе;
 

І пойдзе яна за палюбоўнікамі сваімі, ды не дагоніць іх, і будзе шукаць іх, але не знойдзе, і скажа: «Пайду я і вярнуся да майго праўдзівага першага, бо тады намнога лепей мне было, як цяпер».
 

А яна не ведае, што гэта Я даў ёй збожжа, віно, аліву, павялічыў ёй срэбра і золата, з якога зрабілі Баала.
 

Таму вярнуся і забяру ў свой час сваё збожжа і віно сваё ў свой час; адбяру воўну сваю і лён свой, якія закрывалі яе сорам.
 

І цяпер адкрыю агіднасць яе перад вачамі палюбоўнікаў яе, ды [няма] нікога, хто б вырваў яе з рукі Маёй.
 

І спыню ўсе гулянкі яе, святы яе, поўнямесячнікі, шабаты яе ды ўсе ўрачыстасці яе.
 

Знішчу вінаграднік яе і сады фігавыя, пра якія казала: «Гэта плата мая, якую мне далі мае палюбоўнікі». Вось жа, заманю іх у лес, есці іх будзе дзікі звер.
 

І наведаю яе ў дні Баала, калі яму паліла кадзіла, і ўбіралася ў завушніцы і нашыйнікі свае, і бегала за сваімі палюбоўнікамі, а пра Мяне забылася, — кажа Госпад.
 

Дзеля таго, вось, Я заманю яе, ды завяду яе на пустыню, ды буду гаварыць да яе сэрца,
 

і аддам ёй вінаграднікі яе з таго самага месца, і лагчыну Ахор, браму надзеі, і будзе там спяваць Мне, як у дні маладосці сваёй, калі выходзіла яна з зямлі Егіпецкай.
 

І станецца: «У той дзень, — кажа Госпад, — ты назавеш Мяне: “Муж мой” ды не назавеш больш Мяне: “Баал мой”.
 

І выкіну з вуснаў яе імёны баалаў, і ўжо не будзе ўспамінаць імя іх.
 

І заключу ў той дзень пагадненне з імі: са зверам палявым, і з птушкай паднебнай, і з паўзуном зямным: лук, і меч, і вайну сатру з зямлі і дам ім жыць бяспечна.
 

І пашлюблю цябе сабе на вечнасць; і пашлюблю цябе сабе па справядлівасці, і па законе, і па міласэрнасці, і па літасцівасці,
 

і пашлюблю цябе сабе па вернасці, і пазнаеш Госпада.
 

Ды станецца, што ў той дзень выслухаю, — кажа Госпад, — выслухаю неба, а яно выслухае зямлю;
 

і зямля выслухае пшаніцу і віно, і аліву, а гэтыя выслухаюць Езрагэль.
 

І пасею яе для сябе на зямлю, і пашкадую яе, якая была “Без міласэрнасці”; і скажу “Не Майму народу ”: “Ты — народ Мой”, а ён адкажа: “Ты — Бог мой”».