Марка 14 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вацлава Ластоўскага
Да Пасхі і свята праснакоў заставалася два дні. Дык першасвятары і кніжнікі шукалі, як Ісуса схапіць хітрасцю і забіць.
Казалі аднак: «Толькі не ў святочны дзень, каб не дайшло да замяшання ў народзе».
І, калі Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сімона пракажонага, і ўзлягаў за сталом, прыйшла жанчына, трымаючы алябастравую пасудзіну каштоўнага алейку нардавага, і, разбіўшы алябастр, выліла Ісусу на галаву.
А некаторыя з прысутных абураліся ў сабе і казалі: «Нашто было марнаваць гэты алеек?
Можна было гэты алеек прадаць даражэй, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім». І наракалі на яе.
А Ісус сказаў: «Пакіньце яе! Чаму робіце ёй прыкрасць? Яна добры ўчынак зрабіла для Мяне.
Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе і, калі захочаце, зможаце ім добра рабіць, а Мяне не заўсёды мець будзеце.
Яна, што мела, зрабіла: алейкам цела Маё прыгатавала на пахаванне.
Сапраўды кажу вам: дзе толькі будзе прапаведана гэта Евангелле ва ўсім свеце, будзе гаварыцца і пра тое, што яна зрабіла, на памяць пра яе».
А Юда Іскарыёт, адзін з дванаццаці, пайшоў да першасвятароў, каб выдаць Яго ім.
Яны, пачуўшы, вельмі ўзрадаваліся і абяцалі яму, што дадуць яму грошы. Ён жа шукаў, як Яго ў прыдатны час выдаць.
У першы дзень праснакоў, калі прыносіцца ў ахвяру Пасха, кажуць Яму вучні Яго: «Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есці Пасху?»
І пасылае двух вучняў Сваіх і кажа ім: «Ідзіце ў горад, і спаткае вас чалавек, які будзе несці збан вады; ідзіце за ім.
І, куды ўвойдзе, скажыце гаспадару дома: “Настаўнік кажа: “Дзе пакой мой, дзе б разам з Маімі вучнямі мог бы з’есці Пасху?”
Ён вам пакажа вялікую святліцу усланую, прыбраную; вось, там прыгатуйце месца нам».
Дык адправіліся вучні Яго ў горад ды знайшлі, як ім сказаў, і прыгатавалі Пасху.
І, калі настаў вечар, прыходзіць туды з дванаццаццю.
І, калі ўзлеглі і елі, гаворыць Ісус: «Сапраўды кажу вам: адзін з вас, які есць са Мною, выдасць Мяне».
Яны пачалі засмучацца і адзін за адным сталі гаварыць Яму: «Ці гэта не я?» І зноў: «Ці гэта не я?»
Ён гаворыць ім: «Адзін з дванаццаці, які мачае са Мною руку ў місе.
Што праўда, Сын Чалавечы ідзе, як аб Ім напісана. Аднак гора чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены! Лепш было б яму, каб той чалавек не быў народжаны».
І, калі яны елі, Ісус узяў хлеб, і, дабраславіўшы, паламаў, і даў ім, і гаворыць: «Бярыце, ежце: гэта ёсць Цела Маё».
І, узяўшы келіх, падзяку складаючы, даў ім; і пілі з яго ўсе.
І гаворыць ім: «Гэта ёсць Кроў Мая Новага Запавету, якая за многіх праліваецца.
Сапраўды кажу вам: “Не буду піць ужо з гэтага плода вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць новае ў Валадарстве Божым”».
І, засьпяваўшы гімн, узняліся на гару Аліўную.
І гаворыць ім Ісус: «Вы ўсе згоршыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, як напісана: “Удару пастыра, і разбягуцца авечкі”,
але калі ўваскрэсну, раней за вас прыйду ў Галілею».
А Пётра кажа Яму: «Хоць бы ўсе згоршыліся, але я — не».
І гаворыць яму Ісус: «Сапраўды кажу табе: ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы певень прапяе, тройчы зрачэшся Мяне».
Але ён тым мацней сцвярджаў: «Хоць бы мне трэба было памерці з Табою, не зракуся». Падобна і ўсе казалі.
І прыходзяць у сяло, якое завецца Гетсэмань, і гаворыць Ён вучням Сваім: «Пабудзеце тут, пакуль Я памалюся».
І бярэ з сабою Пётру, і Якуба, і Яна, і пачаў тужыць і сумаваць.
І кажа ім: «Сумная душа Мая аж да смерці, пабудзьце тут і чувайце».
І, крыху адышоўшы, Ён упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая часіна.
І казаў: «Абба, Ойча! Табе ўсё магчыма, пранясі міма Мяне гэты келіх; але не як Я хачу, але як Ты!»
І прыходзіць да іх, і знаходзіць іх спячых. Дык гаворыць Пётры: «Сімоне, ты спіш? Не змог ты хоць гадзіну патрываць?
Чувайце і маліцеся, каб не трапіць у спакусу: бо дух бадзёры, а цела нямоглае».
І, адышоўшы, зноў маліўся тымі самымі словамі.
І вярнуўшыся зноў, знайшоў, што яны спяць, бо вочы іх былі ацяжэлыя, і не ведалі, што Яму адказаць.
Ды трэці раз прыходзіць і гаворыць ім: «Спіце ўжо і адпачываеце? Даволі! Надышла гадзіна: вось жа, Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў.
Падыміцеся, пойдзем, вось, ужо блізка той, хто Мяне выдае».
І, калі Ісус яшчэ гаварыў, хутка падышоў Юда Іскарыёт, адзін з дванаццаці, а з ім вялікі натоўп з мечамі і палкамі ад першасвятароў і кніжнікаў ды старэйшын.
Здраднік жа Яго даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён, хапайце Яго і вядзіце асцярожна».
І, калі падышоў, зараз жа прыступіўся да Ісуса і гаворыць: «Рабі! Рабі!», і пацалаваў Яго.
Яны ж наваліліся на Яго і схапілі Яго.
А адзін з тых, што былі з Ісусам, выцягнуўшы меч, ударыў паслугача першасвятара і адсёк яму вуха.
І, адказваючы, Ісус гаворыць ім: «Як на разбойніка выйшлі з мечамі і палкамі, каб схапіць Мяне.
Штодзень быў Я з вамі ў святыні, навучаючы, і вы не ўзялі Мяне, але няхай здзейсняцца Пісанні».
І, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.
І адзін юнак, адзеты толькі посцілкай па клубах, ішоў за Ім, і яго схапілі,
але ён выкруціўся з посцілкі і голы ўцёк ад іх.
І прывялі Ісуса да першасвятара, і сабраліся да яго ўсе першасвятары, старэйшыны і кніжнікі.
Пётра ж здалёку ішоў за Ім, аж увайшлі ў сярэдзіну панадворка першасвятара, і потым сядзеў з паслугачамі і грэўся пры агні.
А першасвятары ды ўся рада шукалі сведчання супраць Ісуса, каб выдаць Яго на смерць, але не знаходзілі.
Бо многія фальшыва сведчылі супраць Яго, але іх сведчанні не сыходзіліся.
І некаторыя, падняўшыся, фальшыва сведчылі супраць Яго, кажучы:
«Мы чулі, як Ён казаў: “Я развалю гэтую святыню, пабудаваную рукамі, а праз тры дні збудую іншую, якая будзе нерукатворнай”».
Але і іх сведчанні не сыходзіліся.
І першасвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся ў Ісуса: «Чаму нічога не адказваеш на тое, у чым яны Цябе абвінавачваюць?»
Ён жа маўчаў і нічога не адказваў. Тады першасвятар спытаўся Яго, кажучы Яму: «Ці Ты Хрыстос, Сын Дабраславёнага?»
Ісус сказаў яму: «Я ёсць, і вы ўбачыце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч Магутнасці ды прыходзіць на аблоках нябесных».
І першасвятар, раздзіраючы шаты свае, гаворыць: «Нашто патрэбны нам яшчэ сведкі?
Вы чулі блюзненне; што вы думаеце?» І яны ўсе прысудзілі, што Ён варты смерці.
І некаторыя пачалі на Яго пляваць і, засланіўшы твар Яго, біць Яго кулакамі, крычучы на Яго: «Праракуй!» І паслугачы давалі Яму поўхі.
І калі Пётра быў на панадворку, на нізе, прыходзіць адна са служак першасвятара
і, убачыўшы Пётру, які грэўся, і прыгледзеўшыся да яго, кажа: «І ты быў з Ісусам з Назарэта».
Але ён запярэчыў, кажучы: «Ані я не ведаю, ані разумею, пра што ты гаворыш». І выйшаў вонкі ў прысенак, і запяяў певень.
І служка, калі ўбачыла яго, пачала зноў казаць тым, што навокал: «Гэта адзін з іх».
А ён ізноў адрокся. І неўзабаве тыя, што там стаялі, кажуць Пётры: «Ты сапраўды з іх, бо ты — з Галілеі, і гутарка твая падобная».
А ён пачаў клясціся і прысягаць: «Не ведаю Гэтага Чалавека, аб Якім кажаце».
І адразу другі раз запяяў певень. Тады Пётра ўспомніў словы, якія яму казаў Ісус: «Раней, чым двойчы запяе певень, ты тройчы зрачэшся Мяне», і пачаў плакаць.