2 летапісаў 25 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Дваццаць пяць гадоў меў Амазія, калі стаў царом, і дваццаць дзевяць гадоў цараваў у Ерузаліме. Імя маці яго Ёадэн з Ерузаліма.
І рабіў ён справядлівае перад абліччам Госпада, але не са шчырым сэрцам.
І, калі ён убачыў, што ўмацаваў сваю ўладу, то забіў паміж паслугачоў сваіх тых, якія забілі бацьку яго, цара,
але не забіў іх сыноў згодна з тым, што напісана ў кнізе закону Майсея, дзе загадаў Госпад, кажучы: «Хай не будуць забітыя бацькі за сыноў, ані сыны за сваіх бацькоў, але кожны памрэ за свой грэх».
Такім чынам, сабраў Амазія жыхароў Юдэі, і паставіў іх па родах тысячнікамі і сотнікамі для ўсёй Юдэі ды Бэньяміна. І далей палічыў ён усіх ад дваццаці гадоў і вышэй, і выявіў трыста тысяч юнакоў, здатных да бою і трымаючых дзіду і шчыт.
Прытым наняў з Ізраэля сто тысяч баявых ваяроў за сто талентаў срэбра.
А прыйшоў да яго чалавек Божы і кажа: «О цар, хай не ідзе з табой войска Ізраэля; бо Госпад не з Ізраэлем ані з ніводным сынам Эфраіма.
Калі думаеш, што войны абапіраюцца на сілу войска, то Бог дасць ворагам перамогу над табою: у моцы бо Божай і дапамагаць, і да ўцёку змушаць».
Ды сказаў Амазія чалавеку Божаму: «Дык што станецца са ста талентамі, якія я выдаў ваярам Ізраэля?» І чалавек Божы адказаў яму: «Госпад мае моц даць табе значна больш за гэта».
Такім чынам, Амазія раздзяліў войска, што прыйшло да яго з Эфраіма, каб вярнуліся ў свае мясціны; а яны, надта ўзлаваўшыся на Юдэю, вярнуліся ў сваю краіну.
Потым Амазія ўпэўнена вывеў войска сваё, і павёў у Саляны лог і пабіў там дзесяць тысяч сыноў Сэіра.
І іншых дзесяць тысяч ваяроў сыны Юды ўзялі ў палон, і прывялі да абрыву якойсьці скалы, і спіхнулі іх з вяршыні ў бездань, так што ўсе пазабіваліся.
А тое войска, якое Амазія адправіў, каб не ішло з ім на вайну, рассыпалася па гарадах Юдэі ад Самарыі аж па Бэтарон, ды, забіўшы тры тысячы ваяроў, узялі яны вялікую здабычу.
Амазія ж, пабіўшы ідумейцаў, прынёс багоў сыноў Сэіра ды паставіў іх у сябе багамі, і пакланяўся перад імі, і ўспальваў ім.
З гэтае прычыны разгневаўся Госпад на Амазію ды паслаў да яго прарока, каб сказаў яму: «Чаму пакланяешся багам, якія не абаранілі свайго народа ад тваёй рукі?»
І калі ён гэта яму казаў, той адказаў яму: «Ці ж мы зрабілі цябе дарадчыкам цара? Перастань! Каб не забіў я цябе!» І перастаў прарок, сказаўшы: «Але я ведаю, што рашыў Бог забіць цябе, бо ты зрабіў такое і не паслухаў маёй парады».
Такім чынам, Амазія, цар Юдэі, параіўшыся, паслаў да Ёаса, сына Ёахаза, сына Егу, цара Ізраэля, сказаць: «Прыйдзі, пабачымся!»
А ён паслаў вестуна сказаць: «Церн на Лібане пераслаў кедру на Лібане такую просьбу: “Дай дачку сваю за жонку майму сыну”. І вось, дзікія звяры, што былі на Лібане, прабеглі і патапталі церн.
Ты сказаў: “Пабіў эдомцаў!” І таму падымаецца сэрца тваё ў пыхлівасць. Сядзі ў сваім доме! Нашто выклікаеш бяду на сябе, каб упаў і ты, і Юдэя з табою?»
Але Амазія не пажадаў выслухаць, таму што воляй Госпада было, каб быў ён аддадзены ў рукі ворагаў дзеля культу шанавання багоў Эдома.
Такім чынам, выступіў Ёас, цар Ізраэля, і ўбачыліся сам на сам ён і Амазія, цар Юдэі, у Бэтсамэсе юдэйскім.
І Юдэя была разбіта ізраэльцамі і ўцякла ў свае палаткі.
Амазію ж, цара Юдэі, сына Ёаса, сына Ёахаза, схапіў у Бэтсамэсе Ёас, цар Ізраэля, ды завёў яго ў Ерузалім, і разваліў мур яго ад брамы Эфраіма аж да брамы Вуглавой на чатырыста локцяў.
Забраў таксама ўсё золата і срэбра, і ўсе пасудзіны, што знайшоў у святыні Божай і ў Абэдэдома ды ў скарбоўнях палаца царскага, а таксама палонных адвёў у Самарыю.
А Амазія, сын Ёаса, цар Юдэі, жыў яшчэ пятнаццаць гадоў па смерці Ёаса, сына Ёахаза, цара Ізраэля.
А астатнія дзеянні Амазіі, ад першых да апошніх, запісаны ў Кнізе Цароў Юдэі і Ізраэля.
Ад часу, калі Амазія адвярнуўся ад Госпада, зрабілі змову супраць яго ў Ерузаліме; і калі ён уцёк у Лахіс, паслалі за ім у Лахіс і там забілі яго.
І перавезлі яго коньмі, і пахавалі з бацькамі яго ў горадзе Давіда.