2 летапісаў 25 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Дваццаць пяць гадоў меў Амазія, калі стаў царом, і дваццаць дзевяць гадоў цараваў у Ерузаліме. Імя маці яго Ёадэн з Ерузаліма.
У дваццаць пяць гадоў зацараваў Амасія і валадарыў у Ерусаліме дваццаць дзевяць гадоў; імя маці ягонай Егаадань зь Ерусаліма.
І рабіў ён справядлівае перад абліччам Госпада, але не са шчырым сэрцам.
І рабіў ён заўгоднае ў вачах Гасподніх, але не ад поўнага сэрца.
І, калі ён убачыў, што ўмацаваў сваю ўладу, то забіў паміж паслугачоў сваіх тых, якія забілі бацьку яго, цара,
Калі ўцьвердзілася за ім царства, тады ён аддаў сьмерці рабоў сваіх, якія забілі цара, бацьку ягонага.
але не забіў іх сыноў згодна з тым, што напісана ў кнізе закону Майсея, дзе загадаў Госпад, кажучы: «Хай не будуць забітыя бацькі за сыноў, ані сыны за сваіх бацькоў, але кожны памрэ за свой грэх».
Але дзяцей іхніх не забіў, бо напісана ў законе, у кнізе Майсеевай, дзе запавядаў Гасподзь, кажучы: не павінны быць забіваныя бацькі за дзяцей, і дзеці не павінны быць забіваныя за бацькоў, а кожны за сваё злачынства павінен памерці.
Такім чынам, сабраў Амазія жыхароў Юдэі, і паставіў іх па родах тысячнікамі і сотнікамі для ўсёй Юдэі ды Бэньяміна. І далей палічыў ён усіх ад дваццаці гадоў і вышэй, і выявіў трыста тысяч юнакоў, здатных да бою і трымаючых дзіду і шчыт.
І сабраў Амасія Юдэяў і паставіў іх па пакаленьнях пад уладу тысячнікаў і сотнікаў, усіх Юдэяў і Веньямініцянаў, і пералічыў іх ад дваццаці гадоў і вышэй, і аказалася іх трыста тысяч чалавек адборных, якія ходзяць на вайну і трымаюць дзіду і шчыт.
Прытым наняў з Ізраэля сто тысяч баявых ваяроў за сто талентаў срэбра.
І наняў зь Ізраільцянаў сто тысяч адважных воінаў за сто талантаў срэбра.
А прыйшоў да яго чалавек Божы і кажа: «О цар, хай не ідзе з табой войска Ізраэля; бо Госпад не з Ізраэлем ані з ніводным сынам Эфраіма.
Але чалавек Божы прыйшоў да яго і сказаў: цару! хай ня ідзе з табою войска Ізраільскае, бо няма Госпада зь Ізраільцянамі, з усімі сынамі Яфрэма.
Калі думаеш, што войны абапіраюцца на сілу войска, то Бог дасць ворагам перамогу над табою: у моцы бо Божай і дапамагаць, і да ўцёку змушаць».
А ідзі ты адзін, рабі дзею, мужна спасобнічай на вайне. Інакш паваліць цябе Бог перад тварам ворага, бо ёсьць сіла ў Бога падтрымаць і паваліць.
Ды сказаў Амазія чалавеку Божаму: «Дык што станецца са ста талентамі, якія я выдаў ваярам Ізраэля?» І чалавек Божы адказаў яму: «Госпад мае моц даць табе значна больш за гэта».
І сказаў Амасія чалавеку Божаму: што ж рабіць са ста талантамі, якія я аддаў войску Ізраільскаму? І сказаў чалавек Божы: Гасподзь можа даць табе больш за гэта.
Такім чынам, Амазія раздзяліў войска, што прыйшло да яго з Эфраіма, каб вярнуліся ў свае мясціны; а яны, надта ўзлаваўшыся на Юдэю, вярнуліся ў сваю краіну.
І аддзяліў іх Амасія, — войска, якое прышло да яго зь зямлі Яфрэмавай, — каб яны ішлі на сваё месца. І запаліўся моцна іхні гнеў на Юдэю, і яны пайшлі назад у сваё месца, у запале гневу.
Потым Амазія ўпэўнена вывеў войска сваё, і павёў у Саляны лог і пабіў там дзесяць тысяч сыноў Сэіра.
А Амасія адважыўся і павёў народ свой, і пайшоў у даліну Саляную і пабіў сыноў Сэіра дзесяць тысяч;
І іншых дзесяць тысяч ваяроў сыны Юды ўзялі ў палон, і прывялі да абрыву якойсьці скалы, і спіхнулі іх з вяршыні ў бездань, так што ўсе пазабіваліся.
і дзесяць тысяч жывых узялі сыны Юдавыя ў палон, і прывялі іх на вяршыню скалы, і скінулі іх зь вяршыні скалы, і ўсе яны разьбіліся цалкам.
А тое войска, якое Амазія адправіў, каб не ішло з ім на вайну, рассыпалася па гарадах Юдэі ад Самарыі аж па Бэтарон, ды, забіўшы тры тысячы ваяроў, узялі яны вялікую здабычу.
А войска, якое Амасія адаслаў назад, каб яно не хадзіла зь ім на вайну, рассыпалася па гарадах Юдэі ад Самарыі да Вэтарона і перабіла ў іх тры тысячы, і нарабавала шмат здабычы.
Амазія ж, пабіўшы ідумейцаў, прынёс багоў сыноў Сэіра ды паставіў іх у сябе багамі, і пакланяўся перад імі, і ўспальваў ім.
Амасія, прыйшоўшы пасьля паражэньня Ідумэянаў, прынёс багоў сыноў Сэіра і пакінуў іх у сябе багамі, і перад імі кланяўся і ім кадзіў.
З гэтае прычыны разгневаўся Госпад на Амазію ды паслаў да яго прарока, каб сказаў яму: «Чаму пакланяешся багам, якія не абаранілі свайго народа ад тваёй рукі?»
І загарэўся гнеў Госпада на Амасію, і паслаў Ён да яго прарока, і той сказаў яму: навошта ты прыходзіш да багоў народу гэтага, якія ня выбавілі народу свайго ад рукі тваёй?
І калі ён гэта яму казаў, той адказаў яму: «Ці ж мы зрабілі цябе дарадчыкам цара? Перастань! Каб не забіў я цябе!» І перастаў прарок, сказаўшы: «Але я ведаю, што рашыў Бог забіць цябе, бо ты зрабіў такое і не паслухаў маёй парады».
Калі ён гаварыў яму, цар адказваў: хіба дарадцам царскім паставілі цябе? перастань, каб не забілі цябе. І перастаў прарок, сказаўшы: ведаю, што рашыў Бог загубіць цябе, таму што ты зрабіў гэта і ня слухаеш рады маёй.
Такім чынам, Амазія, цар Юдэі, параіўшыся, паслаў да Ёаса, сына Ёахаза, сына Егу, цара Ізраэля, сказаць: «Прыйдзі, пабачымся!»
І параіўся Амасія, цар Юдэйскі, і паслаў да Ёаса, сына Ёахаза, сына Іуевага, цара Ізраільскага, сказаць: выходзь, пабачымся асабіста.
А ён паслаў вестуна сказаць: «Церн на Лібане пераслаў кедру на Лібане такую просьбу: “Дай дачку сваю за жонку майму сыну”. І вось, дзікія звяры, што былі на Лібане, прабеглі і патапталі церн.
І паслаў Ёас, цар Ізраільскі, да Амасіі, цара Юдэйскага, сказаць: цёран, які на Ліване, паслаў да кедра, які таксама на Ліване, сказаць: аддай дачку сваю за жонку сыну майму. Але прайшлі зьвяры дзікія, якія на Ліване, і затапталі гэты цёрн.
Ты сказаў: “Пабіў эдомцаў!” І таму падымаецца сэрца тваё ў пыхлівасць. Сядзі ў сваім доме! Нашто выклікаеш бяду на сябе, каб упаў і ты, і Юдэя з табою?»
Ты кажаш: вось я пабіў Ідумэянаў, — і ўзьнеслася сэрца тваё да славы. Сядзі лепей у сябе дома. Навошта табе намышляць небясьпечную дзею? Упадзеш ты і Юдэя з табою.
Але Амазія не пажадаў выслухаць, таму што воляй Госпада было, каб быў ён аддадзены ў рукі ворагаў дзеля культу шанавання багоў Эдома.
Але не паслухаўся Амасія, бо ад Бога было гэта, каб перадаць іх у руку Ёаса за тое, што пачалі прыходзіць да багоў Ідумэйскіх.
Такім чынам, выступіў Ёас, цар Ізраэля, і ўбачыліся сам на сам ён і Амазія, цар Юдэі, у Бэтсамэсе юдэйскім.
І выступіў Ёас, цар Ізраільскі, і ўбачыліся асабіста, ён і Амасія, цар Юдэйскі, у Вэтсамісе Юдэйскім.
І Юдэя была разбіта ізраэльцамі і ўцякла ў свае палаткі.
І былі разьбіты Юдэі Ізраільцянамі, і разьбегліся кожны ў намёт свой.
Амазію ж, цара Юдэі, сына Ёаса, сына Ёахаза, схапіў у Бэтсамэсе Ёас, цар Ізраэля, ды завёў яго ў Ерузалім, і разваліў мур яго ад брамы Эфраіма аж да брамы Вуглавой на чатырыста локцяў.
І Амасію, цара Юдэйскага, сына Ёаса, сына Ёахазавага, захапіў Ёас, цар Ізраільскі, у Вэтсамісе і прывёў яго ў Ерусалім, і разбурыў сьцяну Ерусалімскую ад брамы Яфрэмавай да брамы вугольнай, на чатырыста локцяў;
Забраў таксама ўсё золата і срэбра, і ўсе пасудзіны, што знайшоў у святыні Божай і ў Абэдэдома ды ў скарбоўнях палаца царскага, а таксама палонных адвёў у Самарыю.
і ўзяў усё золата і срэбра, і ўвесь посуд, які быў у доме Божым у Авэд-Эдома, і скарбы дома царскага, і заложнікаў, і вярнуўся ў Самарыю.
А Амазія, сын Ёаса, цар Юдэі, жыў яшчэ пятнаццаць гадоў па смерці Ёаса, сына Ёахаза, цара Ізраэля.
І жыў Амасія, сын Ёсаваў, цар Юдэйскі, пасьля сьмерці Ёаса, сына Ёахазавага, цара Ізраільскага, пятнаццаць гадоў.
А астатнія дзеянні Амазіі, ад першых да апошніх, запісаны ў Кнізе Цароў Юдэі і Ізраэля.
Астатнія дзеі Амасіі, першыя і апошнія, апісаны ў кнізе цароў Юдэйскіх і Ізраільскіх.
Ад часу, калі Амазія адвярнуўся ад Госпада, зрабілі змову супраць яго ў Ерузаліме; і калі ён уцёк у Лахіс, паслалі за ім у Лахіс і там забілі яго.
І пасьля таго часу, як Амасія адступіў ад Госпада, склалі супроць яго змову ў Ерусаліме, і ён уцёк у Лахіс. І паслалі за ім у Лахіс, і забілі яго там.
І перавезлі яго коньмі, і пахавалі з бацькамі яго ў горадзе Давіда.
І прывезьлі яго на конях, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Юдавым.