2 летапісаў 32 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Па гэтых падзеях і па такой вернасці прыйшоў Санхэрыб, цар асірыйцаў, і, напаўшы на Юду, асадзіў умацаваныя гарады, хочучы іх узяць.
Пасьля такіх дзеяў і вернасьці прыйшоў Сэнахірым, цар Асірыйскі, і ўступіў у Юдэю і аблажыў умацаваныя гарады, і думаў адарваць іх сабе.
Калі гэта заўважыў Эзэкія, гэта значыць, што падышоў Санхэрыб і што ўсю сілу вайны накіраваў на Ерузалім,
Калі Эзэкія ўбачыў, што прыйшоў Сэнахірым з намерам ваяваць супроць Ерусаліма,
параіўшыся з кіраўнікамі і наймужнейшымі ваярамі, вырашыў засыпаць вусці ручаёў, якія былі за горадам, і, паколькі ўсе былі аднае думкі аб гэтым,
тады рашыў з князямі сваімі і з ваеннымі людзьмі сваімі засыпаць крыніцы вады, якія па-за горадам, і тыя дапамаглі яму.
сабралася вялікая грамада, і засыпалі ўсе ручаі і раку, якая працякала пасярэдзіне зямлі, кажучы: «Хай не прыходзяць асірыйскія цары і не знаходзяць многа вады!»
І сабралася мноства народу, і засыпалі ўсе крыніцы і паток, які працякаў па краіне, кажучы: хай ня знойдуць цары Асірыйскія, прыйшоўшы сюды, многа вады.
Дзейнічаў рупліва, адбудаваў таксама ўвесь мур, і пабудаваў на ім вежы, і знадворку — другі мур, і аднавіў Мэло ў горадзе Давіда, і зрабіў многа дзідаў і шчытоў.
І падбадзёрыўся ён, і аднавіў усю абваленую сьцяну, і падняў яе да вежы, і звонку паставіў другую сьцяну, і ўмацаваў Міло ў горадзе Давідавым, і нарыхтаваў мноства зброі і шчытоў.
І паставіў ваенных кіраўнікоў над народам, і сазваў іх да сябе на плошчу гарадской брамы ды прамовіў да іх сэрца гэтыя словы:
І паставіў ваеначальнікаў над народам, і сабраў іх да сябе на пляц каля гарадское брамы, і гаварыў да сэрца іхняга, і сказаў:
«Адважна дзейнічайце і будзьце дужымі! Не бойцеся, не дрыжыце перад царом асірыйцаў і вялікім мноствам, якое з ім. Многа бо больш з намі, чым з ім:
будзьце цвёрдыя і мужныя, ня бойцеся і не палохайцеся цара Асірыйскага і ўсяго мноства, якое зь ім, бо з намі больш, чым зь ім;
з ім плячо чалавечае, а з намі — Госпад, Бог наш, Ён — Успаможца наш, будзе ваяваць за нас!» І народ ад гэтых слоў Эзэкіі, цара Юдэі, падняўся духам.
зь ім сіла плоцкая, а з намі Гасподзь Бог наш, каб дапамагаць нам і змагацца на вежах нашых. І падмацаваўся народ словамі Эзэкіі, цара Юдэйскага.
Пасля гэтага Санхэрыб, цар асірыйскі, — бо ён з усім войскам асаджаў Лахіс, — выслаў паслугачоў сваіх у Ерузалім, да Эзэкіі, цара Юдэі, і да ўсяго народа, што пражываў у горадзе, заяўляючы:
Пасьля гэтага паслаў Сэнахірым, цар Асірыйскі, рабоў сваіх у Ерусалім, — сам ён стаяў супроць Лахіса, і ўся сіла ягоная зь ім, — да Эзэкіі, цара Юдэйскага, і да ўсіх Юдэяў, якія ў Ерусаліме, сказаць:
«Гэта кажа Санхэрыб, цар асірыйцаў: “На каго вы маеце надзею, седзячы ў Ерузаліме ў асадзе?
так кажа Сэнахірым, цар Асірыйскі: на што вы спадзеяцеся і сядзіце ў крэпасьці Ерусаліме?
Ці не зводзіць вас Эзэкія, каб выдаць вас на смерць ад голаду і смагі, сцвярджаючы, што Госпад, Бог ваш, вызваліць вас з рукі цара асірыйцаў?
І ці ня зводзіць вас з тропу Эзэкія, каб аддаць вас сьмерці з голаду і смагі, кажучы: Гасподзь Бог наш уратуе нас ад рукі цара Асірыйскага?
Ці ж Эзэкія не той, хто знішчыў узгоркі Яго і ахвярнікі ды загадаў Юдэі і Ерузаліму, кажучы: “Перад адным ахвярнікам будзеце пакланяцца і на ім будзеце паліць ахвяры”?
Ці ня гэты Эзэкія разбурыў вышыні ягоныя і ахвярнікі ягоныя і сказаў Юдэі і Ерусаліму: перад ахвярнікам адзіным пакланяйцеся і на ім учыняйце дымленьні?
Ці ж вы не ведаеце, што я зрабіў і што зрабілі мае папярэднікі ўсім народам зямлі? Ці ж змаглі багі тых земляў выратаваць свой край ад маёй рукі?
Хіба вы ня ведаеце, што зрабіў я і бацькі мае з усімі народамі земляў? Ці маглі багі народаў зямных выратаваць зямлю сваю ад рукі маёй?
Хто ж паміж усіх багоў тых народаў, якіх знішчылі бацькі мае, хто змог вырваць свой народ з рукі маёй, каб і Бог ваш мог таксама вырваць вас з гэтае рукі?
Хто з усіх багоў народаў, зьнішчаных бацькамі маімі, мог выратаваць народ свой ад рукі маёй? Як жа можа ваш Бог уратаваць вас ад рукі маёй?
Дык хай не падманвае вас Эзэкія, і пустымі абяцаннямі хай не ашуквае, і не верце яму. Бо калі ніякі Бог ніякага народа або царства не змог вырваць свой народ з маёй рукі і з рукі маіх папярэднікаў, тым больш ваш Бог не зможа вырваць вас з маёй рукі».
І цяпер хай ня зводзіць вас Эзэкія і ня ўхіляе вас такім чынам: ня верце яму: калі ня меў сілы ніводзін бог ніводнага народу і царства выратаваць народ свой ад рукі маёй і ад рукі бацькоў маіх, дык і ваш Бог ня выратуе вас ад рукі маёй.
Але паслугачы яго яшчэ больш гаварылі супраць Госпада Бога і супраць Эзэкіі, слугі Яго.
І яшчэ шмат чаго гаварылі рабы ягоныя супроць Госпада Бога і супроць Эзэкіі, раба Ягонага.
Таксама напісалі ліст, поўны блюзнення на Госпада, Бога Ізраэля, і гаварылі супраць Яго: «Як багі народаў зямлі не змаглі вызваліць народаў сваіх з маёй рукі, так і Бог Эзэкіі не зможа вырваць народа свайго з гэтай рукі».
І лісты пісаў ён, у якіх ганіў Госпада Бога Ізраілевага і гаварыў супроць Яго такія словы: як багі народаў зямных ня выратавалі народаў сваіх ад рукі маёй, так Бог Эзэкіі ня выратуе народу Свайго ад рукі маёй.
Апрача таго, крычалі вялікім крыкам на гебрайскай мове да народа ў Ерузаліме, які быў на муры, каб яго запалохаць і запужаць і так здабыць горад.
І крычалі гучным голасам на Юдэйскай мове да народу Ерусалімскага, які быў на сьцяне, каб запалохаць яго і настрашыць яго і ўзяць горад.
І супраць Бога Ерузаліма Санхэрыб гаварыў, як супраць багоў народаў зямлі, якія ёсць творы рук чалавечых.
І гаварылі пра Бога Ерусаліма, як пра багоў народаў зямлі, — выраб рук чалавечых.
Дык цар Эзэкія і прарок Ісая, сын Амоса, маліліся дзеля блюзнення гэтага і прызывалі неба.
І памаліўся цар Эзэкія і Ісая, сын Амосаў, прарок, і залямантавалі да неба.
І паслаў Госпад анёла, які паразіў усіх дужых ваяроў і князёў у лагеры цара асірыйцаў; і ён вярнуўся з ганьбаю ў сваю зямлю. І калі ён увайшоў у дом бога свайго, сыны, якія выйшлі з нутра яго, — забілі яго там мечам.
І паслаў Гасподзь анёла, і ён вынішчыў усіх адважных і галоўнага начальніка і начальнікаў у войску цара Асірыйскага. І вярнуўся ён з сорамам у зямлю сваю; і калі прыйшоў у дом бога свайго, выхадні сьцёгнаў яго забілі яго там мечам.
Такім чынам, збавіў Госпад Эзэкію і жыхароў Ерузаліма ад рукі Санхэрыба, цара асірыйцаў, і ад рукі ўсіх ворагаў, і даў ім навокал супакой.
Так уратаваў Гасподзь Эзэкію і жыхароў Ерусаліма ад рукі Сэнахірыма, цара Асірыйскага, і ад рукі ўсіх і аберагаў іх адусюль.
Многія таксама прынеслі дары Госпаду ў Ерузаліме ды каштоўнасці Эзэкію, цару Юдэі, які ўзвысіўся па гэтых падзеях на віду ўсіх народаў.
Тады многія прыносілі дарункі Госпаду ў Ерусалім і дарагія рэчы Эзэкію, цару Юдэйскаму. І ён узьвялічыўся пасьля гэтага ў вачах усіх народаў.
У тыя дні расхварэўся Эзэкія аж да смерці і маліў Госпада; і выслухаў яго Госпад, і даў яму знак.
У тыя дні захварэў Эзэкія сьмяротна. І памаліўся Госпаду, і Ён пачуў яго і даў яму азнаку.
Эзэкія, аднак, не адплаціў за дабрадзействы, якія атрымаў, бо сэрца яго ўзнялося ў пыхлівасці; і ўзгарэўся супраць яго і супраць Юдэі і Ерузаліма гнеў Госпада.
Але не аддаў Эзэкія за ўчыненыя яму дабрадзействы, бо заганарылася сэрца ягонае. І быў на яго гнеў Божы і на Юдэю і на Ерусалім.
І потым Эзэкія ўпакорыўся дзеля пыхі сэрца свайго, як ён, так і жыхары Ерузаліма; і таму не прыйшоў гнеў Госпада на іх у дні Эзэкіі.
Але калі ўпакорыўся Эзэкія ў ганарыстасьці сэрца свайго, — сам і жыхары Ерусаліма, дык ня прыйшоў на іх гнеў Гасподні ў дні Эзэкіі.
Эзэкія ж стаў вельмі багатым і слаўным; сабраў сабе вялікія скарбы срэбра, золата і каштоўнага каменя, духмянасцей, шчытоў ды ўсякага роду каштоўнасцей.
І было ў Эзэкіі багацьця і славы вельмі многа, і сховішча ён зрабіў у сябе пад срэбра і золата і камяні каштоўныя, і пад пахошчы і шчыты і пад усякі каштоўны посуд;
Назапасіў у кладоўкі збожжа, віна, алівы ды ў хлявы для ўсякіх гатункаў жывёлы і ў аўчарнікі для статка.
і кладоўкі пад усе ўтворы зямлі, хлеб, віно і алей, і стойлы ўсякаму быдлу, і двары для статкаў.
Нажыў сабе статкі і ў вялікай колькасці авечак і валоў, бо Бог даў яму вялікія багацці.
І гарады пабудаваў сабе. І статкаў дробнага і буйнога быдла было ў яго мноства, бо даў яму Бог даволі вялікую маёмасьць.
Гэта ён, Эзэкія, спыніў верхні працёк водаў Гіхона і павярнуў іх проста ўніз на заходні бок горада Давідава. Эзэкію шанцавала ва ўсіх яго прадпрыемствах.
А ён, Эзэкія, замкнуў верхні праток водаў Геона і правёў іх уніз да заходняга боку горада Давідавага. І дзеяў пасьпяхова Эзэкія ў кожнай справе сваёй.
Калі, аднак, прыбылі паслы ад князёў Бабілона, пасланыя імі да яго, каб запытацца пра цуд, які здарыўся ў краі, тады пакінуў яго Бог, каб выпрабаваць, каб выявілася ўсё, што было ў яго сэрцы.
Толькі пры паслах цароў Вавілонскіх, якія прысылалі да яго спытацца пра азнаку, якая была на зямлі, пакінуў яго Бог, каб выпрабаваць яго і адкрыць усё, што ў яго на сэрцы.
Рэшта дзеяў Эзэкіі і яго міласцівасць апісаны ў бачанні Ісаі, сына Амоса, прарока, і ў Кнізе цароў Юдэі і Ізраэля.
Астатнія дзеі Эзэкіі і дабрачынствы ягоныя апісаны ў відзежах Ісаі, сына Амосавага, прарока, і ў кнізе цароў Юдэйскіх і Ізраільскіх.
Супачыў Эзэкія са сваімі бацькамі і пахавалі яго ля ўваходу да магіл сыноў Давіда. Пахаванне яму справіла ўся Юдэя ды ўсе жыхары Ерузаліма. Пасля яго цараваў Манаса, сын яго.
І спачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго над магільніцамі сыноў Давідавых, і ўшанаваньні яму зрабілі пасьля сьмерці ягонай ўсе Юдэі і жыхары Ерусаліма. І зацараваў Манасія, сын ягоны, замест яго.