2 летапісаў 12 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
І калі царства Рабаама ўсталявалася і ўмацавалася, занядбаў ён закон Госпадаў, і з ім увесь Ізраэль.
Калі царства Раваама ўцьвердзілася, і ён зрабіўся моцны, тады ён пакінуў закон Гасподні, і ўвесь Ізраіль зь ім.
А ў пяты год царавання Рабаама, Сэсак, цар Егіпта, пайшоў на Ерузалім — бо яны зграшылі Госпаду —
На пятым годзе валадараньня Раваама, Сусакім, цар Егіпецкі, пайшоў на Ерусалім, — бо яны адступіліся ад Госпада, —
з тысячай двумастамі калясніц, з шасцюдзесяццю тысячамі коннікаў, і з безліччу народа, які ішоў з ім з Егіпта, гэта значыць: з лібійцамі, і сакцыйцамі, і этыёпцамі.
з тысячаю і дзьвюмастамі калясьніц і шасьцюдзесяцьцю тысячамі коньнікаў; і ня было ліку народу, які прыйшоў зь ім зь Егіпта, Лівійцаў, Сукхітаў і Эфіопаў;
І заняў самыя ўмацаваныя гарады ў Юдэі і дайшоў да Ерузаліма.
і ўзяў умацаваныя гарады ў Юдэі і прыйшоў да Ерусаліма.
Сямэя ж прарок пайшоў да Рабаама і князёў Юдэі, якія сабраліся ў Ерузаліме, уцёкшы ад Сэсака, і сказаў ім: «Гэта кажа Госпад: “Вы пакінулі Мяне, і Я пакінуў вас у руцэ Сэсака”».
Тады Самэй прарок прыйшоў да Раваама і князёў Юдэі, якія сабраліся ў Ерусалім, ратуючыся ад Сусакіма, і сказаў ім: так кажа Гасподзь: вы пакінулі Мяне, затое і Я пакіну вас у рукі Сусакіму.
І ўпакораныя князі Ізраэля і цар сказалі: «Госпад справядлівы!»
І ўпакорыліся князі Ізраілевыя і цар і сказалі: справядлівы Гасподзь.
І, калі пабачыў Госпад, што ўпакорыліся, прамовіў Госпад да Сямэі, кажучы: «Таму, што ўпакорыліся вы, не знішчу іх, і скора дам ім ратунак, і не выльецца абурэнне Маё на Ерузалім праз руку Сэсака.
Калі ўбачыў Гасподзь, што яны ўпакорыліся, тады было слова Гасподняе Самэю, і сказана: яны ўпакорыліся; ня зьнішчу іх і неўзабаве дам і ўратаваньне, і не пральецца гнеў Мой на Ерусалім рукою Сусакіма;
Стануць, аднак, яго нявольнікамі, каб пазнаць, што значыць служыць Мне і служыць цару зямному».
аднак яны будуць слугамі ягонымі, каб ведалі, як служыць Мне і служыць царствам зямным.
Такім чынам, напаў Сэсак, цар Егіпта, на Ерузалім і забраў скарбы святыні Госпадавай і палаца царскага; і ўсё забраў сабе, а таксама залатыя шчыты, якія зрабіў Саламон.
І прыйшоў Сусакім, цар Егіпецкі, ў Ерусалім і ўзяў скарбы дома Гасподняга і скарбы дома царскага; усё ўзяў ён, узяў і шчыты залатыя, якія зрабіў Саламон.
Замест іх зрабіў цар Рабаам медныя шчыты і перадаў іх кіраўнікам коннікаў, якія вартавалі ўваход у палац цара.
І зрабіў цар Раваам замест іх шчыты медныя, і аддаў іх на рукі начальнікам целаахоўцаў, якія ахоўвалі ўваход дома царскага.
І калі ўваходзіў цар у дом Госпада, уваходзілі коннікі і прыносілі іх, і зноў заносілі іх у свой арсенал.
Калі выходзіў цар у дом Гасподні, прыходзілі целаахоўцы і несьлі іх, і потым зноў выносілі іх у палату целаахоўцаў.
Аднак калі цар упакорыўся, адвярнуўся ад яго гнеў Госпадаў, і таму не быў ён цалкам знішчаны; таксама і ў Юдэі мелі месца добрыя справы.
І калі ён упакорыўся, тады адхіліўся ад яго гнеў Госпада, і не загубіў яго да канца; прытым і ў Юдэі было нешта добрае.
Такім чынам, набраўся сіл цар Рабаам у Ерузаліме і далей цараваў. Калі ж стаў царом, меў сорак адзін год, і семнаццаць гадоў валадарыў у Ерузаліме, у горадзе, які выбраў Госпад, каб там пакінуць Сваё імя паміж усіх пакаленняў Ізраэля. І імя маці яго Наама аманіцянка.
І ўмацаваўся цар Раваам у Ерусаліме і валадарыў. Сорак адзін год было Равааму, калі ён зацараваў, і сямнаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які з усіх плямёнаў Ізраілевых выбраў Гасподзь, каб там было імя Ягонае. Імя маці яго Наама, Аманіцянка.
Дапусціўся ж зла ды не падрыхтаваў свайго сэрца, каб звярнуцца да Госпада.
І рабіў ён ліхое, бо ня схіліў сэрца свайго да таго, каб уісьціць Госпада.
А дзеянні Рабаама першыя і апошнія, апісаны ў Словах прарока Сямэі і Адо прадракальніка, а таксама радаводы і войны, якія ўзніклі між Рабаамам і Ерабаамам за ўвесь час.
Дзеі Раваамавыя, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Самэя прарока і Ады празорліўца пры радаводах. І былі войны ў Раваама зь Ераваамам ва ўсе дні.
І супачыў Рабаам з бацькамі сваімі, і пахаваны быў у горадзе Давіда, і сын яго Абія стаў царом замест яго.
І спачыў Раваам з бацькамі сваімі і пахаваны ў горадзе Давідавым. І зацараваў Авія, сын ягоны, замест яго.