2 летапісаў 27 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Ёатам меў дваццаць пяць гадоў, калі пачаў цараваць, і шаснаццаць гадоў быў царом у Ерузаліме. Імя маці яго — Еруса, дачка Садока.
 
Дваццаць пяць гадоў было Ёатаму, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Еруша, дачка Садока.

І дзейнічаў ён справядліва перад Госпадам, рабіў усё так, як бацька яго, Озія, за выключэннем таго, што не ўваходзіў у святыню Госпада, але народ ўсё яшчэ грашыў.
 
І рабіў ён спадобнае ў вачах Гасподніх гэтак сама, як рабіў Азія, бацька ягоны, толькі ён не ўваходзіў у храм Гасподні, і народ усё яшчэ грашыў далей.

Гэта ён пабудаваў Верхнюю браму дома Госпада і многа папрацаваў дзеля муроў Афэла.
 
Ён пабудаваў верхнюю браму дома Гасподняга, і многае пабудаваў на сьцяне Афэла;

Ён пабудаваў таксама гарады ў гарах Юдэі, і ў лясах — крэпасці і вежы.
 
і гарады пабудаваў на гары Юдэйскай, і ў лясах пабудаваў палацы і вежы.

Ён ваяваў з царом сыноў Амона і перамог іх, і ў тым годзе далі яму аманіты сто талентаў срэбра ды дзесяць тысяч кораў пшаніцы і столькі ж кораў ячменю; падобна плацілі яму аманіты ў другім і трэцім годзе.
 
Ён ваяваў з царом Аманіцянаў і адолеў іх, і далі яму Аманіцяне ў той год сто талантаў срэбра і дзесяць тысяч кораў пшаніцы і ячменю дзесяць тысяч. Гэта давалі яму Аманіцяне і на другі год, і на трэці.

І ўзмацаваўся Ёатам, бо ішоў дарогамі сваімі перад Госпадам, Богам сваім.
 
Такі моцны быў Ёатам таму, што клаў шляхі свае прад абліччам Госпада Бога свайго.

А астатнія дзеянні Ёатама і ўсе яго войны ды дарогі запісаны ў Кнізе цароў Ізраэля і Юдэі.
 
Астатнія дзеі Ёатама і ўсе войны яго і паводзіны яго апісаны ў кнізе цароў Ізраільскіх і Юдэйскіх:

Меў дваццаць пяць гадоў, калі стаў царом ды шаснаццаць гадоў цараваў ён у Ерузаліме.
 
дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме.

І супачыў Ёатам са сваімі бацькамі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда; і па ім царом быў Ахаз, сын яго.
 
І спачыў Ёатам з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ахаз, сын ягоны, замест яго.