2 летапісаў 27 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Дваццаць пяць год было Ёфаму, як загаспадарстваваў, і шаснанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Еруша Садочышка.
Дваццаць пяць гадоў было Ёатаму, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Еруша, дачка Садока.
І рабіў ён пасьцівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ сусім чыста так, як рабіў Узя, айцец ягоны; ня ўходзіў, адылі, у дом СПАДАРОЎ; і люд яшчэ згубна дзеялі.
І рабіў ён спадобнае ў вачах Гасподніх гэтак сама, як рабіў Азія, бацька ягоны, толькі ён не ўваходзіў у храм Гасподні, і народ усё яшчэ грашыў далей.
Ён пабудаваў вышнюю браму дому СПАДАРОВАГА, і шмат пабудаваў сьцяны Офела;
Ён пабудаваў верхнюю браму дома Гасподняга, і многае пабудаваў на сьцяне Афэла;
І места пабудаваў на гары Юдэйскай, і ў лясох пастанавіў палацы а вежы.
і гарады пабудаваў на гары Юдэйскай, і ў лясах пабудаваў палацы і вежы.
Ён ваяваў з каралём сыноў Амонавых і здолеў іх; і далі яму сынове Амонавы таго году сто таланяў срэбра, і дзесяць тысячаў мераў пшонкі, і ячменю дзесяць тысячаў. Гэта давалі ізноў яму сынове Амонавы і на другі год, і на трэйці.
Ён ваяваў з царом Аманіцянаў і адолеў іх, і далі яму Аманіцяне ў той год сто талантаў срэбра і дзесяць тысяч кораў пшаніцы і ячменю дзесяць тысяч. Гэта давалі яму Аманіцяне і на другі год, і на трэці.
Гэтак мацаваўся Ефам, бо ён уладзіў дарогі свае перад відам СПАДАРА, Бога свайго.
Такі моцны быў Ёатам таму, што клаў шляхі свае прад абліччам Госпада Бога свайго.
Засталыя справы Ёфамовы, і ўсі войны ягоныя, і дарогі ягоныя апісаны ў кнізе каралёў Ізраельскіх а Юдэйскіх.
Астатнія дзеі Ёатама і ўсе войны яго і паводзіны яго апісаны ў кнізе цароў Ізраільскіх і Юдэйскіх:
Дваццаць пяць год было яму, як ён загаспадарстваваў, і шаснанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме.
дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме.
І супачыў Ёфам із айцамі сваімі, і пахавалі яго ў месце Давідавым. І загаспадарстваваў Агаз, сын ягоны, замест яго.
І спачыў Ёатам з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ахаз, сын ягоны, замест яго.