2 летапісаў 7 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Як скончыў Салямон малітву, зышло цяпло зь неба, праглынула ўсепаленьне а аброкі, і слава СПАДАРОВА напоўніла дом.
 
Калі закончыў Саламон малітву, сышоў агонь зь неба і паглынуў цэласпаленьне і ахвяры, і слава Гасподняя напоўніла дом.

І не маглі сьвятары ўвыйсьці да дому СПАДАРОВАГА, бо слава СПАДАРОВА напоўніла дом СПАДАРОЎ.
 
І не маглі сьвятары ўвайсьці ў дом Гасподні, бо слава Гасподняя напоўніла дом Гасподні.

І ўсі сынове Ізраелявы, бачачы, як зышло цяпло й слава СПАДАРОВА на дом, палі відам на зямлю, на мост, і пакланіліся, і выхвалялі СПАДАРА, бо Ён добры, бо на векі міласэрдзе Ягонае.
 
І ўсе сыны Ізраілевыя, бачачы, як сышоў агонь і слава Гасподняя на дом, упалі тварам на зямлю, на памост, і пакланіліся, і славасловілі Госпада, бо Ён добры, бо вавек міласьць Ягоная.

Кароль жа а ўвесь люд пачалі абракаць аброкі перад відам СПАДАРА.
 
А цар і ўвесь народ пачалі прыносіць ахвяры прад абліччам Госпада.

І аброк кароль Салямон на аброк дваццаць дзьве тысячы валоў і сто дваццаць тысячаў авец: гэтак пасьвяцілі дом Божы кароль а ўвесь люд.
 
І прынёс цар Саламон у ахвяру дваццаць дзьве тысячы валоў і сто дваццаць тысяч авечак: так асьвяцілі дом Божы цар і ўвесь народ.

Сьвятары стаялі ў службе сваёй, і Левіты з музыцкімі снадзьмі СПАДАРОВЫМІ, каторыя зрабіў кароль Давід да выхваляньня СПАДАРА, бо на векі міласэрдзе Ягонае, бо Давід выхваляў імі; сьвятары ж трубілі перад ім, і ўвесь Ізраель стаяў.
 
Сьвятары стаялі ў служэньні сваім, і лявіты з музычнымі спарудамі Госпада, якія зрабіў цар Давід дзеля праслаўленьня Госпада, бо вечная міласьць Ягоная, бо Давід славасловіў празь іх; а сьвятары трубілі перад ім, і ўвесь Ізраіль стаяў.

І пасьвяціў Салямон і нутраную часьць панадворку, што перад домам СПАДАРОВЫМ, бо там аброк усепаленьні а тук супакойных аброкаў, бо аброчнік мядзяны, зроблены Салямонам, ня мог тоўпіць усепаленьня, і хлебнага аброку, і тукаў.
 
Асьвяціў Саламон і ўнутраную частку двара, якая перад домам Гасподнім, бо прынёс там цэласпаленьні і тлушч мірных ахвяр, бо ахвярнік медны, зроблены Саламонам, ня мог умяшчаць цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня і тлушчу.

І зрабіў Салямон таго часу сямідзеннае сьвята, і ўвесь Ізраель ізь ім — грамада вельма вялікая, ад уходу ў Гамаф аж да ракі Ягіпецкае.
 
І зрабіў Саламон у той час сямідзённае сьвята, і ўвесь Ізраіль зь ім — сход вельмі вялікі, які сабраўся ад уваходу ў Эмат да ракі Егіпецкай;

І зрабілі восьмага дня ўрочысты збор, бо пасьвячэньне аброчніка рабілі сем дзён і сьвята сем дзён.
 
а ў дзень восьмы зрабілі сьвята, бо асьвячэньне ахвярніка ўчынялі сем дзён і сьвята сем дзён.

І дваццаць трэйцяга дня сёмага месяца адпусьцілі люд да буданоў іхных, каторы радаваўся а весяліўся ў сэрцу з дабра, якое ўчыніў СПАДАР Давіду а Салямону а Ізраелю, люду Свайму.
 
І на дваццаць трэці дзень сёмага месяца цар адпусьціў народ у намёты іхнія, радуючыся ў сэрцы за дабро, якое зрабіў Гасподзь Давіду і Саламону і Ізраілю, народу Свайму.

І скончыў Салямон дом СПАДАРОЎ а дом каралеўскі; і ў вусім, што задумаў Салямон у сэрцу зрабіць у доме СПАДАРОВЫМ і ў сваім собскім доме, ён меў дасьпех.
 
І закончыў Саламон дом Гасподні і дом царскі; і ўсё, што прапанаваў Саламон у сэрцы сваім зрабіць у доме Гасподнім у доме сваім, учыніў ён пасьпяхова.

І зьявіўся СПАДАР Салямону ночы, і сказаў яму: «Я пачуў малітву тваю і абраў Сабе месца гэтае на дом абраканьня.
 
І зьявіўся Гасподзь Саламону ўначы і сказаў яму: Я пачуў малітву тваю і выбраў Сабе месца гэтае ў доме ахвярапрынашэньня.

Калі Я замкну неба і ня будзе дажджу, і калі раскажу шаранчы жэрці зямлю, альбо пашлю мор на люд Свой;
 
Калі Я зачыню неба і ня будзе дажджу, і калі загадаю саранчы паядаць зямлю, альбо пашлю згубную пошасьць на народ Мой,

Калі скарыцца люд Мой, што завецца імям Маім, і будзе маліцца а шукаць віду Майго, і адвернуцца ад благіх дарогаў сваіх, то Я пачую зь неба, і дарую грахі іхныя, і ўздараўлю зямлю іхную.
 
і ўпакорыцца народ Мой, які называецца імем Маім, і будуць маліцца, і шукацьмуць аблічча Майго, і адвернуцца ад благіх шляхоў сваіх, дык Я пачую зь неба і дарую грахі іхнія і ацалю зямлю іхнюю.

Цяпер вочы Мае будуць адчыненыя й вусны ўважлівыя да малітвы на месцу гэтым.
 
Цяпер вочы Мае будуць адкрытыя і вушы Мае ўважлівыя да малітвы на месцы гэтым.

І цяпер Я абраў а пасьвяціў дом гэты, каб імя Мае было там на векі; і вочы Мае а сэрца Мае будуць там усі дні.
 
І цяпер Я выбраў і асьвяціў дом гэты, каб імя Маё было там вечна; і вочы Мае і сэрца Маё будзе там ва ўсе дні.

І калі ты будзеш хадзіць перад відам Маім, як хадзіў Давід, айцец твой, і рабіць подле ўсёга, што Я расказаў табе, і дзяржаць уставы Мае а суды Мае;
 
І калі ты будзеш хадзіць прад абліччам Маім, як хадзіў Давід, бацька твой, і будзеш рабіць усё, што Я загадаў табе, і будзеш захоўваць пастановы Мае і законы Мае,

То Я ўмацую пасад каралеўства твайго, як Я змовіўся з Давідам, айцом тваім, кажучы: "Ня будзе адцяты ў цябе муж-гаспадар у Ізраелю".
 
дык умацую трон царства твайго, як Я абяцаў Давіду, бацьку твайму, кажучы: не перастанецца ў цябе муж, які валодае Ізраілем.

Калі ж вы адвернецеся й пакінеце ўставы Мае а расказаньні Мае, каторыя Я даў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць багом іншым, і кланяцца ім,
 
А калі вы адступіцеся і пакінеце пастановы Мае і запаведзі Мае, якія Я даў вам і пойдзеце і пачняце служыць багам іншым і пакланяцца ім,

То Я выкараню іх ізь зямлі, каторую Я даў ім, і гэты дом, што Я пасьвяціў імені Свайму, адхіну ад віду Свайго, і аддам яго на прыказь а пасьмех усіх народаў.
 
дык Я зьнішчу Ізраіля з улоньня зямлі Маёй, якую Я даў ім, і храм гэты, які Я асьвяціў імю Майму, адкіну ад аблічча Майго і зраблю яго прыпавесьцю і пасьмешышчам ва ўсіх народаў.

І з дому гэтага, што быў найвышшы, кажны, міма яго праходзячы, зумеецца й скажа: "За што ўчыніў так СПАДАР ізь зямлёю гэтаю і з домам гэтым?"
 
І з храма гэтага высокага кожны, хто праходзіцьме міма яго, жахнецца і скажа: за што зрабіў так Гасподзь зь зямлёю гэтаю і з храмам гэтым?

І скажуць: "За тое, што яны пакінулі СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, каторы вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае, і ўхапіліся за багоў іншых, і кланяліся ім, і служылі ім, — за тое Ён навёў на іх усе гэтае ліха"».
 
І скажуць: за тое, што яны пакінулі Госпада, Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, і прыляпіліся да багоў іншых, і пакланяліся ім, і служылі ім, — за тое Ён навёў на іх усё гэтае бедства.