2 летапісаў 23 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сёмага году ўмацаваўся Егояда, і ўзяў у змову із сабою вайводцаў сотняў: Азару Ерогаменка а Ізмайлу Егогананенка а Азару Оведзёнка а Маасэю Адаёнка а Елішафата Зыхранка.
 
А на сёмым годзе ўзбадзёрыўся Ёдай і прыняў у саюз з сабою начальнікаў сотняў: Азарыю, сына Ерахамавага, і Ісмаіла, сына Егахананавага, і Азарыю, сына Авэдавага, і Маасэю, сына Адаі, і Элішафата, сына Зіхры.

І яны прайшлі па Юдэі, і зьберлі Левітаў з усіх местаў Юдэі й галоваў айцоў Ізраелявых, і прышлі да Ерузаліму.
 
І яны прайшлі па Юдэі і сабралі лявітаў з усіх гарадоў Юдэі і ўзначальцаў пакаленьняў Ізраілевых, і прыйшлі ў Ерусалім.

І ўся грамада ўчыніла змову з каралём у доме СПАДАРОВЬМ. І сказаў ім: «Вось, сын каралеўскі мае гаспадарстваваць, як СПАДАР сказаў праз сыноў Давідавых.
 
І заключыў увесь сход спрымірэнства ў доме Божым з царом. І сказаў ім Ёдай: вось сын цара павінен быць царом, як сказаў Гасподзь пра сыноў Давідавых.

Гэта вы маеце рабіць: трайціна з вас, у сыботу прыходзячых, ізь сьвятароў а Левітаў, будзе брамнікамі ля парогаў;
 
Вось што вы зрабеце: траціна вас, што прыходзяць у суботу, са сьвятароў і лявітаў, будзе брамнікамі каля парогаў,

І трайціна ў доме каралеўскім, і трайціна ў браме хундамэнту, а ўвесь люд будзе на панадворках дому СПАДАРОВАГА.
 
і траціна пры доме царскім, і траціна каля брамы Есод, а ўвесь народ на дварах дома Гасподняга.

Але ніхто хай ня ўходзе да дому СПАДАРОВАГА, з выняткам сьвятароў а служачых ізь Левітаў. Яны маюць увыйсьці, бо сьвятасьць яны; яле ўвесь люд хай будзе на старожы СПАДАРОВАЕ.
 
І ніхто хай не заходзіць у дом Гасподні, акрамя сьвятароў і служак зь лявітаў. Яны могуць увайсьці, бо асьвечаныя; а ўвесь народ хай стаіць на варце Гасподняй.

І хай Левіты аступяць караля з усіх бакоў, кажны із зброяю сваёй у руццэ сваёй, і хто будзе ўходзіць у дом, хай будзе забіты. І будзьце вы пры каралю, як ён будзе ўходзіць і выходзіць».
 
І хай лявіты абступяць цара з усіх бакоў, кожны са зброяй сваёй у руцэ сваёй, і хто будзе ўваходзіць у храм, хай будзе забіты. І будзьце вы пры цары, калі ён будзе ўваходзіць і выходзіць.

І зрабілі Левіты а ўсі Юдэі подле ўсёга, што расказаў Егояда сьвятар; і ўзялі кажны людзёў сваіх, у сыботу прыходзячых з адыходзячымі ў сыботу, бо не адпусьціў Егояда сьвятар адмененых радаў.
 
І зрабілі лявіты і ўсе Юдэі, што загадаў Ёдай сьвятар; і ўзялі кожны людзей сваіх, якія прыходзяць у суботу з тымі, што адыходзяць у суботу, бо не адпусьціў сьвятар Ёдай чэргаў, якія зьмяніліся.

І раздаў Егояда сьвятар вайводцам сотняў дзіды а малыя шчыты а панцыры караля Давіда з дому Божага;
 
І раздаў Ёдай сьвятар начальнікам сотняў дзіды і малыя і вялікія шчыты цара Давіда, якія былі ў доме Божым;

І пастанавіў увесь люд, кажнага із зброяй сваёй у руццэ сваёй, ад правага боку дому аж да левага боку дому, ля аброчніка а ля дому навокал караля.
 
і паставіў увесь народ, кожнага са зброяю ягонай у руцэ ягонай, ад правага боку храма да левага боку храма, каля ахвярніка і каля дома, вакол цара.

І вывялі сына каралёвага, і ўзлажылі на яго карону а сьветчаньні, і ўстанавілі яго каралём; і Егояда а сынове ягоныя памазалі яго, і сказалі: «Хай жывець кароль!»
 
І вывелі сына цара, і ўсклалі на яго вянок і аздобы, і паставілі яго царом; і памазалі яго Ёдай і сыны ягоныя і сказалі: хай жыве цар!

І пачула Афаля голас люду, што бег і выхваляў караля, і вышла да люду да дому СПАДАРОВАГА,
 
І пачула Гатолія голас народу, які бег і абвяшчаў пра цара, і выйшла да народу ў дом Гасподні,

І абачыла, і вось, кароль стаіць ля стаўпа пры ўходзе, і князі й трубы ля караля, і ўвесь люд зямлі вяселіцца, і трубяць у трубы, і пяюны з музыцкімі снадзямі, і наўчаныя пяяць хвалу. Тады Афаля разьдзерла адзецьці свае й закрычэла: «Змова! змова!»
 
і ўбачыла: і вось цар стаіць на ўзвышэньні сваім каля ўваходу, і князі і трубы каля цара, і ўвесь народ зямлі весяліцца, і трубяць у трубы, і сьпевакі са спарудамі музычнымі і ўмелыя ў славаслоўі. І падрала Гатолія вопратку на сабе і закрычала: змова! змова!

Тады Егояда сьвятар вывеў вайводцаў сотняў, што былі пастаноўленыя над войскам, і сказаў ім: «Вывядзіце яе з радоў, а хто пойдзе за ёю, хая будзе забіты мячом»; бо сьвятар сказаў: «Не забіце яе ў доме СПАДАРОВЫМ».
 
І выклікаў Ёдай сьвятар начальнікаў сотняў, начальнікаў над войскам, і сказаў ім: выведзіце яе прэч, і хто пойдзе за ёю, хай будзе забіты мечам. Бо сьвятар сказаў: ня ўсьмерціце яе ў доме Гасподнім.

І налажылі рукі на яе, і прышла яна да ўходу конскае брамы дому каралеўскага, там забілі яе.
 
І далі ёй месца, і калі яна прайшла да ўваходу конскае брамы царскага дома, там забілі яе.

І ўчыніў Егояда змову меж сабою й меж усім людам а каралём, каб яны былі людам СПАДАРОВЫМ.
 
І заключыў Ёдай запавет паміж сабою і ўсім народам і царом, каб быць народам Гасподнім.

І ўвесь люд пайшоў да дому Вааловага, і зламіў яго, і аброчнікі а абразы яго разьбілі, і забіў Матфана, сьвятара Вааловага, перад аброчнікамі.
 
І пайшоў увесь народ у капішча Ваала, і разбурылі яго, і ахвярнікі ягоныя і балванаў ягоных пабілі, і Матана, жраца Ваалавага, забілі перад ахвярнікамі.

Таксама Егояда прызначыў урады дому СПАДАРОВАГА пад руку сьвятароў Левітаў, каторых Давід разьдзяліў у доме СПАДАРОВЫМ да абраканьня ўсепаленьняў СПАДАРУ, як напісана ў Праве Масеявым, з радасьцяй а пяцьцём, подле загады Давіда.
 
І даручыў Ёдай справы дома Гасподняга сьвятарам і лявітам, як разьмеркаваў Давід у доме Гасподнім, дзеля прынашэньня цэласпаленьняў Госпаду, як напісана ў законе Майсеевым, з радасьцю і сьпевамі, паводле статуту Давідавага.

І пастанавіў брамнікаў ля брамаў дому СПАДАРОВАГА, каб ня ўходзіў нячысты чым-колечы.
 
І паставіў ён брамнікаў каля брамы дома Гасподняга, каб не ўваходзіў нячысты ў чым-небудзь.

І ўзяў вайводцаў сотняў, і выдатных, і дзяржаўцаў люду, і ўвесь люд зямлі, і зьвялі караля з дому СПАДАРОВАГА, і прайшлі пераз высокую браму да дому каралеўскага, і пасадзілі караля на пасадзе каралеўскім.
 
І ўзяў начальнікаў сотняў, і вяльможаў, і начальнікаў у народзе, і ўвесь народ зямлі, і правёў цара з дома Гасподняга і прайшлі праз верхнюю браму ў дом царскі, і пасадзілі цара на царскі трон.

І весяліўся ўвесь люд зямлі, і ў месьце было ціха. А Афалю забілі мячом.
 
І весяліўся ўвесь народ, і горад супакоіўся. А Гатолію забілі мечам.