2 летапісаў 3 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І пачаў Салямон станавіць дом СПАДАРОЎ у Ерузаліме, на гары Мора, ідзе СПАДАР зьявіўся Давіду, айцу ягонаму, на месцу, каторае прыгатаваў Давід, на малатаўні Орнана Евусіча.
І пачаў Саламон будаваць дом Гасподні ў Ерусаліме на гары Морыя, якая ўказана была Давіду, бацьку ягонаму, на месцы, якое падрыхтаваў Давід, на гумне Орны Евусэяніна.
І пачаў ён станавіць на другі дзень другога месяца, на чацьверты год гаспадарстваваньня свайго.
А пачаў ён будаваць у другі дзень другога месяца, на чацьвёртым годзе валадараньня свайго.
І гэта под, што быў даўшы Салямон пад будоўлю дому Божага: даўжыня локцямі, — подле першага мераньня, — шасьцьдзясят локцяў, і шырыня дваццаць локцяў;
І вось падмурак пакладзены Саламонам пры будове дома Божага; даўжыня яго шэсьцьдзясят локцяў, па ранейшай меры, а шырыня дваццаць локцяў;
І сені, што сьпераду, удаўжкі, подле шырыні дому, дваццаць локцяў, а ўвышкі сто дваццаць. І ашаляваў яго ўнутры чыстым золатам.
і бабінец, які перад домам, даўжынёю па шырыні дома ў дваццаць локцяў, а вышынёю ў сто дваццаць. І абклаў яго ўсярэдзіне чыстым золатам.
І большы дом накрыў кіпрысавым дзервам, і ашаляваў шчырым золатам, і парабіў на ім пальмы а ланцужкі.
А дом галоўны ашаляваў дрэвам кіпарысавым і абклаў яго найлепшым золатам, і вырабіў на ім пальмы і ланцужкі.
І прыбраў дом дарагім каменьням дзеля хараства; золата ж — золата Парваімскае.
І абклаў дом іншымі камянямі дзеля прыгажосьці; а золата было золата Парваімскае.
Ён ашаляваў дом, балькі, вярэі а сьцены яго а дзьверы яго золатам; выразаў херуваў на сьценах.
І пакрыў дом, бярвеньні, парогі і сьцены яго і дзьверы яго золатам, і выразаў на сьценах херувімаў.
І збудаваў Сьвятое-Сьвятых: даўжыня яго, подле шырыні дому, дваццаць локцяў, і шырыня яго дваццаць локцяў; і ашаляваў яго добрым золатам, на шасьцьсот таланяў.
І зрабіў Сьвятое Сьвятых: даўжыня яго па шырыні дома ў дваццаць локцяў, і шырыня яго ў дваццаць локцяў; і накрыў яго найлепшым золатам на шасьцьсот талантаў.
І вага гваздоў пяцьдзясят сыкляў золата. І вышнія залі ашаляваў золатам.
У цьвіках вагі па пяцьдзясят сікляў золата. Сьвятліцы таксама пакрыў золатам.
І зрабіў у доме Сьвятога-Сьвятых двух херуваў выразанае работы, і пацягнуў іх золатам.
І зрабіў ён у Сьвятым Сьвятых два херувімы разьбёнага вырабу і пакрыў іх золатам.
Крыльле херуваў удаўжкі дваццаць локцяў. Адно крыло пяцёх локцяў датыкалася сьцяны дому, а другое крыло пяцёх локцяў стыкалася з крылом другота херува;
Крылы ў херувімаў даўжынёю былі ў дваццаць локцяў. Адно крыло ў дваццаць локцяў дакраналася да сьцяны дома, а другое крыло таксама ў пяць локцяў сыходзілася з крылом другога херувіма;
І крыло аднаго херува пяцёх локцяў датыкалася сьцяны дому, а друтое крыло пяцёх локцяў стыкалася з крылом другога херува.
і крыло другога херувіма ў пяць локцяў дакраналася да сьцяны дома, а другое крыло ў пяць локцяў сыходзілася з крылом другога херувіма.
Крылы гэтых херуваў распушчаліся на дваццаць локцяў; і яны стаялі на нагах сваіх, відамі сваімі ўнутр.
Крылы ў гэтых херувімаў распасьцёрты на дваццаць локцяў; і яны стаялі на нагах сваіх, абліччамі сваімі да храма.
І зрабіў запінаху ізь сіні а пурпуры а шкарлату а зь цянюсенькага палатна, і намаляваў херуваў на ёй.
І зрабіў заслону зь яхантавай, пурпуровай і барвовай тканіны і зь вісону і выявіў на ёй херувімаў.
І зрабіў перад домам два стаўпы, трыццаць пяць локцяў увышкі, і апуку, што на версе кажнага зь іх, пяцёх локцяў.
І зрабіў перад храмам два слупы, даўжынёю па трыццаць пяць локцяў, і капітэль наверсе кожнага ў пяць локцяў.
І зрабіў ланцужкі, як у нутраным пакою, і палажыў на галавы стаўпоў, і зрабіў сто гранатовых яблыкаў, і палажыў на ланцужкі.
І зрабіў ланцужкі, як у сьвятыні, і паклаў наверсе слупоў, і зрабіў сто гранатавых яблыкаў і паклаў на ланцужкі.
І пастанавіў стаўпы перад палацам адзін з правага боку, другі зь левага, і назваў імя правага Яхін, а імя левага Воаз.
І паставіў слупы перад храмам, адзін з правага боку, другі зь левага, і даў імя праваму Яхін, а леваму імя Воаз.