2 летапісаў 29 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Гэзэка загаспадарстваваў, маючы дваццаць пяць год, і дваццаць дзевяць год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Аўя Захарышка.
 
Эзэкія зацараваў у дваццаць пяць гадоў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці яго Авія, дачка Захара.

І рабіў ён пасьцівае ў ваччу СПАДАРА сусім чыста так, як рабіў Давід, айцец ягоны.
 
І рабіў ён заўгоднае ў вачах Гасподніх гэтак сама, як рабіў Давід, бацька ягоны.

Ён жа першага году дзяржавы свае, першага месяца адчыніў дзьверы дому СПАДАРОВАГА і паправіў іх;
 
У першы год валадараньня свайго, у першы месяц, ён адчыніў дзьверы дома і аднавіў іх,

І казаў прыйсьці сьвятаром а Левітам, і зьбер іх на ўсходняй вуліцы,
 
і загадалі прыйсьці сьвятарам і лявітам, і сабраў іх на пляцы ўсходнім,

І сказаў ім: «Паслухайце мяне, Левітаве! Цяпер пасьвяціцеся й пасьвяціце дом СПАДАРА, Бога айцоў вашых, і выкіньце нечысьць ізь сьвятыні;
 
і сказаў ім: паслухайце мяне, лявіты. Сёньня асьвяцецеся самі і асьвяцеце дом Госпада Бога бацькоў вашых, і выкіньце нячыстае са сьвятыні.

Бо бацькі нашы ізрадзілі, і рабілі ліха ў ваччу СПАДАРА, Бога нашага, і пакінулі Яго, і адвярнулі відзеньні свае ад сялібы СПАДАРОВАЕ, і павярнуліся завыйкам;
 
Бо бацькі нашыя рабілі беззаконна, і рабілі незаўгоднае ў вачах Госпада Бога нашага, і пакінулі Яго, і адвялі яны твары свае ад жытлішча Гасподняга, і павярнуліся сьпінаю,

Таксама заперлі дзьверы сеняў, і згасілі лянпы, і кадзіла не кадзілі ані абракалі ўсепаленьняў у сьвятыні Богу Ізраельскаму.
 
і замкнулі дзьверы бабінца, і патушылі сьвяцільні, і не палілі дымленьня, і ня ўзносілі цэласпаленьняў у сьвятыні Бога Ізраілевага.

Дык гнеў СПАДАРОЎ быў на Юдэі а на Ерузаліме, і аддаў іх на немарасьць, зьдзівеньне а на сьмех, як вы бачыце ачыма сваімі.
 
І быў гнеў Госпада на Юдэю і на Ерусалім, і Ён аддаў іх на ганьбу, на спусташэньне і на пасьмешышча, як вы бачыце на вочы вашыя.

І вось, палі айцове нашы ад мяча, а сынове нашыя а дачкі нашыя а жонкі нашыя ў палоне за гэта.
 
І вось загінулі бацькі нашыя ад меча, а сыны нашыя і дочкі нашыя і жонкі нашыя за гэта ў палоне дагэтуль.

Цяпер на сэрцу ў мяне — зрабіць змову із СПАДАРОМ, Богам Ізраелявым, і адверне ад нас пал гневу свайго.
 
Цяпер у мяне на сэрцы — заключыць запавет з Госпадам Богам Ізраілевым, хай ухіліць ад нас полымя гневу Свайго.

Сынове мае! ня будзьце нядбайлыя, бо вас абраў СПАДАР стаяць перад Ім, служыць Яму й быць Яму паслугачымі а кадзеньнікамі».
 
Дзеці мае, ня будзьце неахайныя, бо вас выбраў Гасподзь стаяць прад абліччам Ягоным і быць у Яго службітамі і запальвачамі дымленьня.

І ўсталі Левітаве: Магаф Амасаёнак а Ёель Азаронак, з Когафічаў; і зь Мерарычаў: Кіш Аўдзянок а Азара Егалелеенак; і з Ґіршонічаў: Ёаг Зымянок а Едэн Ёажонак;
 
І ўсталі лявіты: Махат, сын Амасая, і Ёэль, сын Азарыі, з сыноў Каатавых; і з сыноў Мэрарыных; Кіс, сын Аўдыя, і Азарыя, сын Егалелела; і з племя Гірсонавага: Ёах, сын Зімы, і Элдэн, сын Ёаха;

І зь Еліцафанічаў: Шымры а Еуель; і з Асафічаў: Захара а Матфаня;
 
і з сыноў Эліцафанавых: Шымры і Еэл; і з сыноў Асафавых: Захар і Матанія;

І з Гэманічаў: Егуель а Шымей; і зь Ідыфунічаў: Шымая а Уззель.
 
і з сыноў Эманавых: Ехіэл і Шымэй; і з сыноў Ідытунавых: Шэмая і Ўзіел.

Яны зьберлі братоў сваіх, і пасьвяціліся, і прышлі з расказаньня караля словам СПАДАРОВЫМ пратаць дом СПАДАРОЎ.
 
Яны сабралі братоў сваіх і асьвяціліся, і пайшлі па загадзе цара ачышчаць дом Гасподні па словах Госпада.

І ўвыйшлі сьвятарове ўнутр дому СПАДАРОВАГА пратаць, і вынесьлі ўсе нячыстае, што знайшлі ў доме СПАДАРОВЫМ, на панадворак дому СПАДАРОВАГА; а Левітаве ўзялі гэта, вынесьці вон да цур’я Кідрону.
 
І ўвайшлі сьвятары ўсярэдзіну дома Гасподняга дзеля ачышчэньня, і вынесьлі ўсё нячыстае, што знайшлі ў храме Гасподнім, на двор дома Гасподняга, а лявіты ўзялі гэта, каб вынесьці прэч да патока Кедрона.

І пачалі пасьвячаць першага дня першага месяца, і восьмага дня месяца ўвыйшлі ў сені СПАДАРОВЫ; і пасьвячалі дом СПАДАРОЎ восьмі дзён, і шаснанцатага дня першага месяца скончылі.
 
І пачалі ачышчаць у першы дзень першага месяца, і ў восьмы дзень таго самага месяца ўвайшлі ў бабінец Гасподні; і асьвячалі дом Гасподні восем дзён, а на шаснаццаты дзень першага месяца закончылі.

І прышлі ў сярэдзіну дому да караля Гэзэкі, і сказалі: «Мы выпраталі дом СПАДАРОЎ, і аброчнік да ўсепаленьня, і ўсе судзьдзе яго, і стол раскладаньня, і ўсе судзьдзе яго;
 
І прыйшлі ў дом да цара Эзэкіі і сказалі: мы ачысьцілі дом Гасподні, і ахвярнік для цэласпаленьняў, і ўвесь посуд яго, і стол для пакладных хлябоў, і ўвесь посуд яго;

І ўсе судзьдзе, каторае закінуў кароль Агаз за дзяржавы свае, у ізрадзе сваёй, мы прыгатавалі й пасьвяцілі, і во яны перад аброчнікам СПАДАРОВЫМ».
 
і ўвесь посуд, які занядбаў цар Ахаз у час валадараньня свайго, у беззаконьні сваім, мы падрыхтавалі і асьвяцілі, і вось ён перад ахвярнікам Гасподнім.

Тады ўстаў рана кароль Гэзэка, і зьбер князёў места, і ўзышоў да дому СПАДАРОВАГА.
 
І ўстаў цар Эзэкія з самага рана і сабраў начальнікаў горада, і пайшоў у дом Гасподні.

І прывялі сем цялят-бычкоў а сем бараноў а сем баранчыкаў а сем казлоў на аброк за грэх за каралеўства а за сьвятыню а за Юдэю; і расказаў ён сыном Ааронавым, сьвятаром, абрачы на аброчніку СПАДАРОВЫМ.
 
І прывялі сем цялят і сем бараноў, і сем ягнят і сем казлоў на ахвяру за грэх царства і за сьвятыню і за Юдэю; і загадаў ён сынам Ааронавым, сьвятарам, узьнесьці цэласпаленьне на ахвярнік Гасподні.

І зарэзалі буйны статак, і ўзялі сьвятарове кроў, і пакрапілі аброчнік; і зарэзалі бараны, і пакрапілі крывёй аброчнік; і зарэзалі баранчыкі, і пакрапілі крывёй аброчкік.
 
І закалолі цялят, і ўзялі сьвятары кроў, і акрапілі ахвярнік, і закалолі бараноў, і акрапілі крывёю ахвярнік, і закалолі ягнят, і акрапілі крывёю ахвярнік.

І прывялі казлы за грэх перад відзеньне караля а грамады, і яны ўзлажылі рукі свае на іх.
 
І прывялі казлоў за грэх перад аблічча цара і сходу, і яны ўсклалі рукі свае на іх.

І зарэзалі іх сьвятарове, і ачысьцілі крывёй іх аброчнік на залашчаньне за грахі ўсяго Ізраеля; бо за ўсяго Ізраеля расказаў кароль усепаленьне а аброк за грэх.
 
І закалолі іх сьвятары, і ачысьцілі крывёю іхняй ахвярнік для загладжваньня грахоў усяго Ізраіля, бо за ўсяго Ізраіля загадаў цар прынесьці цэласпаленьне і ахвяру за грэх.

І пастанавіў ён Левітаў у доме СПАДАРОВЫМ із цымбаламі, псалтырамі а гарпамі, подле расказаньня Давіда а Ґада, відзеньніка каралёвага, і Нафана прарокі, бо рукою СПАДАРОВАЮ расказаньне — рукою прарокаў Ягоных.
 
І паставіў ён лявітаў у доме Гасподнім з кімваламі, псалтырамі і цытрамі, па статуце Давіда і Гада, празорліўца царовага, і Натана прарока, бо ад Госпада быў статут гэты праз прарокаў Ягоных.

І стаялі Левітаве із снадзівамі Давідавымі і сьвятарове — з трубамі.
 
І сталі лявіты з музычнымі спарудамі Давідавымі і сьвятары з трубамі.

І сказаў Гэзэка абрачы ўсепаленьне на аброчніку. І таго часу, як пачалося ўсепаленьне, пачалося пяцьцё СПАДАРУ з трубамі а із снадзямі Давідавымі, караля Ізраелявага.
 
І загадаў Эзэкія ўзьнесьці цэласпаленьне на ахвярнік. І ў той час, як пачалося цэласпаленьне, пачалося сьпяваньне Госпаду, пад гукі труб і спарудаў Давіда, цара Ізраілевага.

І ўся грамада кланялася, і пяюны пяялі, і трубялі трубілі ўсе, пакуль ня скончылася ўсепаленьне.
 
І ўвесь сход маліўся, і сьпевакі сьпявалі, і трубілі трубы, пакуль не закончылася цэласпаленьне.

І, як скончылі абраканьне, клякалі кароль а ўсі, што апынуліся зь ім, і кланяліся.
 
Пасьля заканчэньня цэласпаленьня, цар і ўсе, хто быў пры ім, укленчылі і пакланіліся.

І сказаў кароль Гэзэка а князі Левітам, каб яны выхвалялі СПАДАРА словамі Давіда а Асафа відзеньніка, і яны выхвалялі аж да радасьці, і нахіналіся, і кланяліся.
 
І сказаў цар Эзэкія і князі лявітам, каб яны славілі Госпада словамі Давіда і Асафа празорліўца, і яны славілі з радасьцю, і кленчылі і кланяліся.

І адказаваў Гэзэка, і сказаў: «Цяпер вы пасьвяціліся СПАДАРУ; дабліжчася й прыносьце аброкі а падзякі да дому СПАДАРОВАГА». І грамада абракла аброкі а падзякі, і, колькі было ахвотных сэрцам, усепаленьні.
 
І Эзэкія сказаў далей: цяпер вы прысьвяцілі сябе Госпаду; прыступайце і прыносьце ахвяры і падзякавальныя прынашэньні ў дом Гасподні. І панёс сход ахвяры і падзякавальныя прынашэньні, і кожны, хто прыхільны быў сэрцам, — цэласпаленьні.

І быў лік усепаленьняў, каторыя грамада прывялі: буйнога статку семдзясят, сто бараноў, дзьвесьце баранчыкаў; усе гэта на ўсепаленьні СПАДАРУ.
 
І быў лік цэласпаленьняў, якія прывёў сход: семдзесят валоў, сто бараноў, дзьвесьце ягнят — усё гэта на цэласпаленьне Госпаду.

І пасьвячаных рэчаў шасьцьсот буйнога статку і тры тысячы авец.
 
Іншых сьвяшчэнных ахвяраў было: шасьцьсот з буйнога быдла і тры тысячы з дробнага быдла.

Але сьвятароў было мала, і яны не маглі абяліць усі аброкі да ўсепаленьняў; і сілілі іх браты іхныя, Левітаве, пакуль работа была скончана і пакуль іншыя сьвятарове пасьвяціліся; бо Левітаве былі гатоўшага сэрца пасьвяціцца, чымся сьвятарове.
 
Але сьвятароў было мала, і яны не маглі зьдзіраць скуру з усіх цэласпаленьняў, і дапамагалі ім браты іхнія лявіты, да заканчэньня справы і пакуль асьвяціліся іншыя сьвятары, бо лявіты былі больш старанныя ў асьвячэньні сябе, чым сьвятары.

Ды ўсепаленьняў было множасьць з тукамі супакойных аброкаў і з узьліваньнямі да ўсепаленьня. Гэтак адпраўлена была служба дому СПАДАРОВАГА.
 
Прытым цэласпаленьняў было мноства з тлушчам і мірных ахвяраў і з паліваньнем пры цэласпаленьні. Так адноўлена служэньне ў доме Гасподнім.

І цешыўся Гэзэка а ўвесь люд, што Бог прыгатаваў люд, бо справа была неўспадзеўкі.
 
І радаваўся Эзэкія і ўвесь народ за тое, што Бог так схіліў народ, бо гэта ўчынілася неспадзявана.