2 летапісаў 8 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сталася ў канцы дваццатых год, як Салямон пастанавіў дом СПАДАРУ і свой дом,
 
Калі прайшлі дваццаць гадоў, у якія Саламон будаваў дом Гасподні і свой дом,

Што тыя месты, каторыя даў Салямону Гурам, Салямон забудаваў і асяліў там сыноў Ізраелявых.
 
Саламон забудаваў і гарады, якія даў Саламону Хірам, і пасяліў у іх сыноў Ізраілевых.

І пайшоў Салямон на Гамаф-Сову, і перамог яе.
 
І пайшоў Саламон на Эмат-Сува і ўзяў яго.

І пастанавіў ён Фадмор на пустыні, і ўсі месты складаў заклаў у Гамафе.
 
І пабудаваў ён Тадмор у пустыні, і ўсе гарады пад запасы, якія заснаваў у Эмаце.

Ён забудаваў Веф-Горон вышні й Веф-Горон дольні, месты ўмацаваныя, ізь сьценамі, брамамі а заваламі,
 
Ён забудаваў Вэтарон верхні і Вэтарон ніжні, гарады ўмацаваныя, са сьценамі, брамамі і замкамі,

І Ваалаф, і ўсі месты дзеля запасаў, што былі ў Салямона, і ўсі месты дзеля цялежак, і месты коньнікам, і ўсе, што зычыў Салямон пастанавіць у Ерузаліме, і на Лібане, і ў вусёй зямлі дзяржавы свае.
 
і Ваалат і ўсе гарады пад запасы, якія былі ў Саламона, і ўсе гарады пад калясьніцы, і гарады для коньнікаў, і ўсё, што хацеў Саламон пабудаваць у Ерусаліме і на Ліване і ва ўсёй зямлі валоданьня свайго.

Увесь люд, засталы ад Гэцічаў а Аморэяў а Перэзэяў а Гэвеяў а Евусэяў, каторыя ня з Ізраялян, —
 
Увесь народ пазасталы ад Хэтэяў і Амарэяў, і Фэрэзэяў і Эвэяў і Евусэяў, якія былі ня з сыноў Ізраілевых,

Дзяцей іхных, засталых просьле іх у зямлі, каторых сынове Ізраелявы ня зьнішчылі, — абярнуў Салямон у даньнікаў аж дагэтуль.
 
дзяцей іхніх, пазасталых пасьля іх на зямлі, якіх ня зьнішчылі сыны Ізраілевыя, — зрабіў Саламон аброчнымі да сёньня.

Із сыноў жа Ізраелявых не аддаў Салямон за нявольнікаў да свае работы, бо яны ваюны, і князі-ўраднікі, і князі над цялежкамі й коньнікамі ягонымі.
 
А сыноў Ізраілевых не рабіў Саламон працаўнікамі па справах сваіх, а яны былі воінамі і начальнікамі целаахоўцаў ягоных і правадырамі калясьніц ягоных і коньнікаў ягоных.

І гэта князі-ўраднікі, што былі ў караля Салямона, дзьвесьце пяцьдзясят, каторыя радзілі люд.
 
І было галоўных прыстаўнікаў у цара Саламона, што кіравалі народам, дзьвесьце пяцьдзясят.

І ўзьвёў Салямон дачку фараонаву зь места Давідавага да дому, каторы пастанавіў ёй; бо, казаў ён: «Ня мае жыць жонка ў мяне ў дамове Давідавай, караля Ізраельскага, бо месцы сьвятыя яны, бо ўвыйшла ў іх скрыня СПАДАРОВА».
 
А дачку фараонавую перавёў Саламон з горада Давідавага ў дом, які пабудаваў для яе, бо, казаў ён не павінна жыць жанчына ў мяне ў доме Давіда, цара Ізраілевага, бо сьвяты ён, таму што ўвайшоў у яго каўчэг Гасподні.

Тады Салямон абракаў усепаленьні СПАДАРУ на аброчніку СПАДАРОВЫМ, каторы ён збудаваў перад сеньмі;
 
Тады пачаў узносіць Саламон цэласпаленьні Госпаду на ахвярніку Гасподнім, які ён зладзіў перад бабінцам,

І таксама кажную рэч упару абракаў подле расказаньня Масеявага ў сыботы, на маладзіку месяцаў і ў урочыстыя сьвяты, трэйчы ў год: у сьвята праснакоў, і ў сьвята тыдняў, і ў сьвята буданоў.
 
каб па статуце кожнага дня прыносіць цэласпаленьні, паводле наказу Майсеевага, у суботы і на маладзіка і ў сьвяты тры разы ў год: у сьвята праснакоў і ў сьвята сяміц і ў сьвята кучак.

І ўстанавіў, подле загады Давіда, айца свайго, радоўку сьвятаром да службы іхнае і Левітам да абавязку іхнага, хваліць а паслугаваць перад сьвятарамі, усе спраўляць упару; таксама брамнікам радоўку ў кажнай браме, бо так расказаў Давід, чалавек Божы.
 
І ўстанавіў ён, паводле распараджэньня Давіда, бацькі свайго, чэргі сьвятароў па службе іхняй і лявітаў па вартах іхніх, каб яны славасловілі і служылі пры сьвятарах па статуце кожнага дня, і брамнікаў па чэргах іхніх, да кожнае брамы, бо такі быў тастамант Давіда, чалавека Божага.

І не адхіналіся ад расказаньня караля сьвятаром а Левітам у кажнай справе і ўзглядам скарбаў.
 
І не адступаліся ад загадаў цара пра сьвятароў і лявітаў ні ў чым, ні ў адносінах скарбаў.

Гэтак заладжана была ўся работа Салямонава ад дня закладзінаў дому СПАДАРОВАГА аж да супоўнага сканчэньня яго, дому СПАДАРОВАГА.
 
Так зладжана была ўся дзея Саламона ад дня заснаваньня дома Гасподняга да поўнага завяршэньня яго — дома Гасподняга.

Тады пайшоў Салямон да Ецон-Ґаверу а да Елофу, каторы на беразе мора, у зямлі Едомскай.
 
Тады пайшоў Саламон у Эцыён-Гевэр і ў Элат, які на беразе мора, у зямлі Ідумэйскай.

І прыслаў яму Гурам служцамі сваімі караблі й слугаў, зналых мора, і яны паплылі із служцамі Салямонавымі да Офіру, і ўзялі стуль чатырыста пяцьдзясят таланяў золата, і прывезьлі каралю Салямону.
 
І прыслаў яму Хірам праз слуг сваіх караблі і рабоў, якія ведаюць мора, і выправіліся яны з слугамі Саламонавымі ў Афір, і здабылі адтуль чатырыста пяцьдзясят талантаў золата, і прывезьлі цару Саламону.