2 летапісаў 8 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І сталася ў канцы дваццатых год, як Салямон пастанавіў дом СПАДАРУ і свой дом,
І сталася па заканчэньні дваццатага году, калі Салямон пабудаваў Дом ГОСПАДА і дом свой,
Што тыя месты, каторыя даў Салямону Гурам, Салямон забудаваў і асяліў там сыноў Ізраелявых.
што тыя гарады, якія даў Салямону Хурам, забудаваў Салямон і пасяліў там сыноў Ізраіля.
І пайшоў Салямон на Гамаф-Сову, і перамог яе.
І пайшоў Салямон у Хамат-Цову, і перамог яе.
І пастанавіў ён Фадмор на пустыні, і ўсі месты складаў заклаў у Гамафе.
І забудаваў ён Тадмор у пустыні, і ўсе гарады сьвірнаў, якія пабудаваў у Хамаце.
Ён забудаваў Веф-Горон вышні й Веф-Горон дольні, месты ўмацаваныя, ізь сьценамі, брамамі а заваламі,
І ён забудаваў Бэт-Харон верхні і Бэт-Харон ніжні, гарады ўмацаваныя, з мурамі, брамамі і заваламі,
І Ваалаф, і ўсі месты дзеля запасаў, што былі ў Салямона, і ўсі месты дзеля цялежак, і месты коньнікам, і ўсе, што зычыў Салямон пастанавіць у Ерузаліме, і на Лібане, і ў вусёй зямлі дзяржавы свае.
і Баалат, і ўсе гарады сьвірнаў, якія былі ў Салямона, і ўсе гарады калясьніцаў, і гарады вершнікаў, і ўсё, што надумаў Салямон пабудаваць у Ерусаліме, і на Лібане, і ў-ва ўсёй зямлі панаваньня свайго.
Увесь люд, засталы ад Гэцічаў а Аморэяў а Перэзэяў а Гэвеяў а Евусэяў, каторыя ня з Ізраялян, —
Увесь народ, які застаўся з Хетаў, Амарэйцаў, Пэрэзэяў, Гівеяў, якія не з Ізраіля,
Дзяцей іхных, засталых просьле іх у зямлі, каторых сынове Ізраелявы ня зьнішчылі, — абярнуў Салямон у даньнікаў аж дагэтуль.
з сыноў іхніх, якія засталіся пасьля іх у зямлі, якіх ня зьнішчылі сыны Ізраіля, зрабіў Салямон даньнікамі аж да сёньняшняга дня.
Із сыноў жа Ізраелявых не аддаў Салямон за нявольнікаў да свае работы, бо яны ваюны, і князі-ўраднікі, і князі над цялежкамі й коньнікамі ягонымі.
А сыноў Ізраіля не зрабіў Салямон слугамі пры працы сваёй, бо яны [былі] людзьмі вайсковымі і начальнікамі выбранцоў, і начальнікамі над калясьніцамі ягонымі і вершнікамі ягонымі.
І гэта князі-ўраднікі, што былі ў караля Салямона, дзьвесьце пяцьдзясят, каторыя радзілі люд.
І яны былі князямі-намесьнікамі, якія ў валадара Салямона, — дзьвесьце пяцьдзясят, якія мелі ўладу над народам.
І ўзьвёў Салямон дачку фараонаву зь места Давідавага да дому, каторы пастанавіў ёй; бо, казаў ён: «Ня мае жыць жонка ў мяне ў дамове Давідавай, караля Ізраельскага, бо месцы сьвятыя яны, бо ўвыйшла ў іх скрыня СПАДАРОВА».
І перавёў Салямон дачку фараона з гораду Давіда ў дом, які пабудаваў для яе; бо ён казаў: «Ня будзе жыць жонка мая ў доме Давіда, валадара Ізраіля, бо ён сьвяты, бо ўвайшоў у яго Каўчэг ГОСПАДА».
Тады Салямон абракаў усепаленьні СПАДАРУ на аброчніку СПАДАРОВЫМ, каторы ён збудаваў перад сеньмі;
Тады Салямон узносіў цэласпаленьні для ГОСПАДА на ахвярніку ГОСПАДА, які ён пабудаваў перад прысенкам,
І таксама кажную рэч упару абракаў подле расказаньня Масеявага ў сыботы, на маладзіку месяцаў і ў урочыстыя сьвяты, трэйчы ў год: у сьвята праснакоў, і ў сьвята тыдняў, і ў сьвята буданоў.
і паводле парадку дня кожны ўзносіў [ахвяры] паводле прыказаньня Майсея ў суботы, у маладзік і на ўрачыстыя сьвяты, тройчы ў год: у сьвята Праснакоў, і ў сьвята Тыдняў, і ў сьвята Намётаў.
І ўстанавіў, подле загады Давіда, айца свайго, радоўку сьвятаром да службы іхнае і Левітам да абавязку іхнага, хваліць а паслугаваць перад сьвятарамі, усе спраўляць упару; таксама брамнікам радоўку ў кажнай браме, бо так расказаў Давід, чалавек Божы.
І ўстанавіў ён паводле вызначэньня Давіда, бацькі свайго, чэргі сьвятароў для служэньня іхняга і лявітаў паводле абавязкаў іхніх, хваліць і паслугаваць пры сьвятарах, паводле парадку дня на кожны дзень, і прыдзьвернікаў паводле чаргі іхняй пры кожнай браме, бо такое прыказаньне Давіда, чалавека Божага.
І не адхіналіся ад расказаньня караля сьвятаром а Левітам у кажнай справе і ўзглядам скарбаў.
І не адыходзілі ад прыказаньня валадара адносна сьвятароў і лявітаў у-ва ўсякай справе і адносна скарбонкі.
Гэтак заладжана была ўся работа Салямонава ад дня закладзінаў дому СПАДАРОВАГА аж да супоўнага сканчэньня яго, дому СПАДАРОВАГА.
Гэтак была зроблена ўся праца Салямона ад дня закладаньня Дому ГОСПАДА аж да поўнага заканчэньня Дому ГОСПАДА.
Тады пайшоў Салямон да Ецон-Ґаверу а да Елофу, каторы на беразе мора, у зямлі Едомскай.
Тады пайшоў Салямон у Эцыён-Гэбэр і ў Элят, які на беразе мора, у зямлі Эдом.
І прыслаў яму Гурам служцамі сваімі караблі й слугаў, зналых мора, і яны паплылі із служцамі Салямонавымі да Офіру, і ўзялі стуль чатырыста пяцьдзясят таланяў золата, і прывезьлі каралю Салямону.
І прыслаў яму Хурам праз рукі слугаў сваіх караблі і слугаў, якія былі знаўцамі мора, і яны паплылі са слугамі Салямона ў Афір, і ўзялі адтуль чатырыста пяцьдзясят талентаў золата, і прывезьлі да валадара Салямона.