2 летапісаў 20 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І сталася просьле гэтага: прышлі сынове Моава а сынове Амона, і зь імі з Маонян, ваяваць ізь Ясапатам.
І сталася пасьля гэтага, прыйшлі сыны Мааву і сыны Амона, і з імі Мэуняне ваяваць з Язафатам.
І прышлі, і наказалі Ясапату, кажучы: «Ідзець на цябе вялікая множасьць з-за мора, ад Арама і во яны ў Гацацон-Тамары, каторая Енґеды».
І прыйшлі, і паведамілі Язафату, кажучы: «Ідзе на цябе вялікае мноства з таго боку мора, з Сірыі, і вось, яны ў Хацацон-Тамары, гэта Эн-Геды».
І зьлякаўся Ясапат, і зьвярнуў відзеньне свае сачыць СПАДАРА, і абясьціў пост па ўсёй Юдэі.
І спалохаўся Язафат, і зьвярнуў аблічча сваё, каб шукаць ГОСПАДА, і абвясьціў пост у-ва ўсім Юдзе.
І зьберліся Юдэі шукаць СПАДАРА, нават з усіх местаў Юдзіных прышлі яны шукаць СПАДАРА.
І сабраўся Юда шукаць ГОСПАДА, таксама з усіх гарадоў Юды прыйшлі шукаць ГОСПАДА.
І стаў Ясапат у грамадзе Юдэяў а Ерузалімлян у Доме СПАДАРОВЫМ, перад новым панадворкам,
І стаў Язафат у царкве Юды і Ерусаліму ў Доме ГОСПАДА перад новым панадворкам,
І сказаў: «СПАДАРУ, Божа айцоў нашых! Ці ня Ты Бог на нябёсах? І ты пануеш над усімі каралеўствамі паган, і ў Тваёй руццэ сіла а моц, так што ніхто ня можа спрацівіцца Табе!
і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа бацькоў нашых! Ці ня Ты — Бог у небе? І Ты пануеш над усімі валадарствамі народаў, і ў руцэ Тваёй сіла і моц, і ніхто ня можа супрацівіцца Табе!
Ці ня Ты, Божа наш, выгнаў жыхараў зямлі гэтае перад відам люду Свайго, Ізраеля, і аддаў яе насеньню Абрагамоваму, прыяцеля Свайго, на век?
Ці ня Ты, Божа наш, выгнаў жыхароў зямлі гэтай перад абліччам народу Твайго, Ізраіля, і аддаў яе насеньню Абрагама, сябра Твайго, на вякі?
І яны асяліліся на ёй, і пастанавілі Табе на ёй сьвятыню ў імя Твае, кажучы:
І яны пасяліліся ў ёй, і пабудавалі Табе ў ёй сьвятыню для імя Твайго, кажучы:
"Калі прыйдзе на нас бяда: меч, суд а ліпучка а галадоў, мы станем перад домам гэтым і ў прытомнасьці Тваёй, бо імя Твае ў доме гэтым, і загукаем да Цябе ў немарасьці сваёй, і Ты пачуеш а ўратуеш!"
“Калі прыйдзе на нас бяда: меч, пакараньне, пошасьць і голад, мы станем перад Домам гэтым і перад абліччам Тваім, бо імя Тваё ў Доме гэтым, і будзем клікаць да Цябе ў горы нашым, і Ты пачуеш, і выратуеш!”
І цяпер, вось, сынове Амонавы а Моаўляне а гара Сэір, каторай Ты не дазволіў Ізраелю перайсьці, як яны йшлі ізь зямлі Ягіпецкае, і яны абмінулі іх, і ня зьнішчылі іх,
І цяпер, вось, сыны Амона, Мааву і [жыхары] гары Сэір, праз якіх Ты не дазволіў Ізраілю перайсьці, калі ён выходзіў з зямлі Эгіпецкай, і яны абмінулі іх, і ня зьнішчылі іх.
Вось, яны плацяць нам, што прышлі выгнаць нас ізь дзяржавы, каторую Ты даў нам на спадак.
І вось, яны плацяць нам тым, што прыйшлі выгнаць нас са спадчыны Тваёй, якую Ты даў нам як спадчыну.
Божа наш! ці ня будзеш судзіць іх? бо няма ў нас сілы супроці множасьці гэтае вялікае, што прышла на нас, і мы ня ведаем, што рабіць, але да Цябе вочы нашы!»
Божа наш! Ці Ты ня будзеш судзіць іх? Бо няма ў нас сілы супраць мноства гэтага, якое прыйшло на нас, і мы ня ведаем, што рабіць, але да Цябе вочы нашыя!»
І ўсі Юдэі стаялі перад відам СПАДАРОВЫМ, і дзецяняткі іхныя, жонкі іхныя а сынове іхныя.
І ўвесь Юда стаяў перада абліччам ГОСПАДА, таксама дзеці іхнія, жонкі іхнія і сыны іхнія.
Тады на Ягазеля, сына Захарынага, сына Венаінага, сына Ееля Матфанёнка, Левіта із сыноў Асафовых, зышоў Дух СПАДАРОЎ сярод грамады,
І на Яхазіэля, сына Захарыі, сына Бэнаі, сына Еіэля, сына Маттаніі, лявіта з сыноў Асафа, зыйшоў Дух ГОСПАДА сярод царквы.
І сказаў ён: «Слухайце, усі Юдэі а жыхары Ерузаліму а каролю Ясапаце! Гэтак кажа СПАДАР вам: "Ня бойцеся ані лякайцеся множасьці гэтае вялікае, бо ня ваша вайна, а Божая.
І ён сказаў: «Слухайце, увесь Юда і жыхары Ерусаліму, і валадар Язафат! Гэта кажа вам ГОСПАД: “Ня бойцеся і не палохайцеся мноства гэтага вялікага, бо ня вашая вайна гэтая, але Божая.
Заўтра зыйдзіце супроці іх; вось, яны ўзыходзяць на схон Цыцу, а вы знойдзеце іх на канцу даліны, перад пустынёю Еруелям.
Заўтра зыйдзіце супраць іх. Вось, яны ўзыходзяць на ўзвышша Цыц, і вы знойдзеце іх на канцы даліны, перад пустыняй Еруэль.
Ня вам біцца гэты раз; вы станьце, стойце й глядзіце на выбаўленьне СПАДАРОВА вам, Юда а Ерузаліме!" Ня бойцеся а не лякайцеся. Заўтра выйдзіце наўпярэймы ім, і СПАДАР будзе з вамі».
Ня вашая бітва гэтая! Вы станьце, стойце і глядзіце на збаўленьне ад ГОСПАДА для вас, Юда і Ерусалім!” Ня бойцеся і не палохайцеся. Заўтра выйдзіце перад аблічча іхняе, і ГОСПАД будзе з вамі».
І пакланіўся Ясапат відам да зямлі, і ўся Юдэя а жыхары Ерузаліму палі перад СПАДАРОМ, каб пакланіцца СПАДАРУ.
І пакланіўся Язафат абліччам да зямлі, і ўвесь Юда і жыхары Ерусаліму ўпалі перад абліччам ГОСПАДА, каб пакланіцца ГОСПАДУ.
І ўсталі Левіты із сыноў Когафовых а із сыноў Корыных — хваліць СПАДАРА, Бога Ізраелявага, голасам вельмі вялікім а ўзьнятым.
І ўсталі лявіты з сыноў Кегата і з сыноў Караха, каб хваліць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, голасам вялікім і ўзьнятым.
І ўсталі яны рана нараніцы, і выступілі ў бок пустыні Фекойскае; і, як яны выступілі, стаў Ясапат і сказаў: «Паслухайце мяне Юдэі а жыхары Ерузаліму! Верце ў СПАДАРА, Бога свайго, і будзеце непахісныя, верце прарокам Ягоным, і пашчасьце вам»
І ўсталі яны рана раніцаю, і вырушылі ў пустыню Тэкоа. І калі яны выходзілі, устаў Язафат і сказаў: «Паслухайце мяне, Юда і жыхары Ерусаліму! Верце ў ГОСПАДА, Бога вашага, і будзеце непахісныя; верце прарокам Ягоным, і будзеце мець посьпех».
І, як ён парадзіўся зь людам, ён пастанавіў пяюноў СПАДАРУ, выхваляць харашыню сьвятасьці, каб вышлі перад узброенымі й казалі: «Выхваляйце СПАДАРА, бо на векі міласэрдзе Ягонае!»
І, радзіўся ён з народам, і паставіў сьпевакоў для ГОСПАДА, тых, якія хваляць у велічы сьвятасьці, каб яны ішлі перад узброенымі і казалі: «Выслаўляйце ГОСПАДА, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная!»
І ў тую часіну, як яны пачалі пяяць а выхваляць, СПАДАР зьвярнуў засаду супроці сыноў Амонавых, Моававых і гары Сэіру, каторыя вышлі супроці Юды, і яны былі паражаны.
І ў той час, калі яны пачалі сьпевы і хвалу, ГОСПАД учыніў нязгоду ў сыноў Амона, Мааву і [жыхароў] гары Сэір, якія выйшлі супраць Юды, і яны былі пабітыя.
І паўсталі сынове Амонавы а Моаўляне на жыхараў гары Сэіру, каб разбураць а нішчыць; а як скончылі із жыхарамі Сэіру, тады пачалі нішчыць адны адных.
І паўсталі сыны Амона і Мааву на жыхароў гары Сэір, каб выбіць і зьнішчыць; а калі скончылі з жыхарамі Сэіру, паўсталі адны на адных, каб зьнішчыць.
І як Юдэі прышлі аж да назіральнае вежы на пустыні, і глянулі на тую множасьць, і вось — трупы, на зямлі ляжачыя, і няма ўцеклага.
І Юда прыйшоў да вартавой вежы ў пустыні, і зьвярнуўся да мноства гэтага, і вось, мёртвыя, якія ляжаць на зямлі, і няма ўратаванага.
І прышоў Ясапат а люд ягоны глабаць здабыткі іхныя, і знайшлі ў іх множасьць і маемасьці, і трупоў, і дарагія рэчы, і набралі сабе толькі, што не панесьці. І тры дні яны глабалі здабытак, бо вялікі ён!
І прыйшоў Язафат і народ ягоны, каб зрабаваць здабычу іхнюю, і знайшлі ў іх мноства маёмасьці, і мёртвых, і начыньняў каштоўных, і набралі сабе [столькі], што не маглі несьці. І тры дні яны рабавалі здабычу, бо яе было шмат.
А чацьвертага дня зьберліся на даліну дабраславенства, бо там яны дабраславілі СПАДАРА. Затым і завуць тое месца даліною дабраславенства дагэтуль.
А ў чацьвёрты дзень яны сабраліся ў даліне Бэраха, бо там яны дабраславілі ГОСПАДА. Дзеля гэтага назвалі імя месца таго даліна Бэраха аж да сёньня.
І абярнуліся кажны муж Юдэі а Ерузаліму, і Ясапат на чале іх, каб зьвярнуцца да Ерузаліму зь весялосьцяй, бо ўзрадаваў іх СПАДАР над варагамі іхнымі.
І павярнуліся ўсе мужы Юды і Ерусаліму, і Язафат на чале іх, каб вярнуцца ў Ерусалім з радасьцю, бо ўзрадваў іх ГОСПАД [збаўленьнем] ад ворагаў іхніх.
І прышлі да Ерузаліму з псалтырамі а гусьлямі а з трубамі да дому СПАДАРОВАГА.
І прыйшлі яны ў Ерусалім з псалтырамі, гусьлямі і трубамі ў Дом ГОСПАДА.
І быў страх Божы на ўсіх каралеўскіх краёх, як яны пачулі, што СПАДАР ваяваў супроці варагоў Ізраеля.
І быў страх Божы на ўсіх валадарствах зямлі гэтай, калі яны пачулі, што ГОСПАД ваяваў супраць ворагаў Ізраіля.
І было ціха ў каралеўстве Ясапатавым, бо супакоіў яго СПАДАР.
І было ў супакоі валадарства Язафата, і даў яму Бог ягоны супакой навакол.
І гаспадарстваваў Ясапат над Юдаю; яму было трыццаць пяць год, як ён пачаў гаспадарстваваць, і гаспадарстваваў дваццаць пяць год у Ерузаліме. А імя маці ягонае Азува Шылгелішка.
І валадарыў Язафат над Юдам. Меў ён трыццаць пяць гадоў, калі заваладарыў, і валадарыў дваццаць пяць гадоў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Азува, дачка Шыльхі.
І хадзіў ён дарогаю айца свайго Асы, і не адхінаўся ад яе, робячы справядлівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ.
І хадзіў ён шляхам бацькі свайго Асы, і не ўхіляўся з яго, робячы тое, што слушнае ў вачах ГОСПАДА.
Адно ўзвышшы ня былі аддалены, і яшчэ люд не прыгатаваў сэрцаў сваіх да Бога айцоў сваіх.
Толькі ўзгоркі не былі прыбраныя, і народ яшчэ не падрыхтаваў сэрца свайго [быць] пры Богу бацькоў сваіх.
Засталыя справы Ясапатавы першыя й апошнія, вось, яны апісаныя ў кнізе Егу Гананёнка, каторая менавана ў кнізе каралёў Ізраельскіх.
А рэшта дзеяньняў Язафата, першыя і апошнія, вось, яны запісаныя ў дзеях Егу, сына Ханані, якая далучана да Кнігі валадароў Ізраіля.
А просьле тога Ясапат, кароль Юдэйскі, пасябраваў з Агазяю, каралём Ізраельскім, каторы рабіў нягодна.
А пасьля гэтага Язафат, валадар Юды, злучыўся з Ахазіем, валадаром Ізраіля, які дзейнічаў злачынна.
І ён пасябраваў ізь ім будаваць караблі, плаваць да Таршышу; і яны пабудавалі караблі ў Ецон-Ґеверу.
І ён злучыўся з ім, каб будаваць караблі і хадзіць у Таршыш. І яны будавалі караблі ў Эцыён-Гэбэры.
Тады Елезэр Додавёнак із Марэшы праракаў празь Ясапата, кажучы: «За тое, што ты пасябраваў з Агазяю, СПАДАР разбурыў твае работы». І разьбіліся караблі, і не маглі йсьці да Таршышу.
І прарочыў Эліэзэр, сын Дадавіі з Марэшы, пра Язафата, кажучы: «За тое, што ты злучыўся з Ахазіем, ГОСПАД зруйнуе працу тваю». І разьбіліся караблі, і не маглі ісьці ў Таршыш.