2 летапісаў 36 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І ўзяў люд зямлі Егоагаза Ёсянка, і ўстанавілі яго за караля ў Ерузаліме, замест айца ягонага.
 
І ўзяў народ зямлі Егаахаза, сына Ёсіі, і паставілі яго за валадара ў Ерусаліме пасьля бацькі ягонага.

Дваццаць тры гады было Егоагазу, як загаспадарстваваў, і тры месяцы гаспадарстваваў у Ерузаліме.
 
Дваццаць тры гады было Егаахазу, калі ён пачаў валадарыць, і тры месяцы ён валадарыў у Ерусаліме.

І ськінуў яго ў Ерузаліме кароль Ягіпецкі, і налажыў на зямлю кары сто таланяў срэбра і талань золата.
 
І скінуў [з пасаду] яго ў Ерусаліме валадар Эгіпту, і налажыў на зямлю кару ў сто талентаў срэбра і талент золата.

І ўстанавіў кароль Ягіпецкі над Юдэяю а Ерузалімам Елякіма, брата ягонага, і зьмяніў імя ягонае на Егоякім; а Егоагаза, брата ягонага, узяў Нехо й павёў яго да Ягіпту.
 
І валадар Эгіпту паставіў за валадара над Юдам і Ерусалімам Эліякіма, брата ягонага, і зьмяніў імя ягонае на Егаякім, а Егаахаза, брата ягонага, узяў Нэхо і завёў яго ў Эгіпет.

Дваццаць пяць год было Егоякіму, як загаспадарстваваў, і адзінанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме. І рабіў ён ліха ў ваччу СПАДАРА, Бога свайго.
 
Дваццаць пяць гадоў было Егаякіму, калі ён пачаў валадарыць, і адзінаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме. І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА, Бога свайго.

І супроці яго ўзышоў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, і закаваў яго ў мядзяныя ланцугі, каб павесьці яго да Бабілёну.
 
Супраць яго прыйшоў Навухаданосар, валадар Бабілону, і закаваў яго ў кайданы мядзяныя, каб завесьці яго ў Бабілон.

І із судзьдзя дому СПАДАРОВАГА прывёз Невухаднецар да Бабілёну, і палажыў іх у палацу сваім у Бабілёне.
 
І начыньні Дому ГОСПАДА завёз Навухаданосар у Бабілон, і палажыў іх у палацы сваім у Бабілоне.

Засталыя справы Егоякімовы й агіды ягоныя, якія ён рабіў, і якія знойдзены ў яго, вось, яны апісаны ў кнізе каралёў Ізраельскіх а Юдэйскіх. І загаспадарстваваў Егояхін, сын ягоны, замест яго.
 
А іншыя дзеяньні Егаякіма і брыдоты ягоныя, якія ён рабіў, і якія знойдзены ў яго, вось, яны запісаны ў Кнізе валадароў Ізраіля і Юды. І пачаў валадарыць Егаяхін, сын ягоны, пасьля яго.

Восем год было Егояхіну, як загаспадарстваваў, і тры месяцы й дзесяць дзён гаспадарстваваў у Ерузаліме. І рабіў ён ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ.
 
Восемь гадоў было Егаяхіну, калі ён пачаў валадарыць, і тры месяцы і дзесяць дзён ён валадарыў у Ерусаліме. І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА.

Як мінуў год, паслаў кароль Невухаднецар, і прывялі яго да Бабілёну разам із дарагім судзьдзям дому СПАДАРОВАГА, і прызначыў за гаспадара над Юдаю а Ерузалімам Сэдэку, брата ягонага.
 
І на наступны год паслаў валадар Навухаданосар, і прывёў яго ў Бабілон разам з каштоўным начыньнем Дому ГОСПАДА, і паставіў за валадара над Юдам і Ерусалімам Сэдэкію, брата ягонага.

Дваццаць адзін год быў Сэдэку, як загаспадарстваваў, і адзінанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме.
 
Дваццаць адзін год быў Сэдэкіі, калі ён пачаў валадарыць, і адзінаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме.

І рабіў ён ліха ў ваччу СПАДАРА, Бога свайго. Ён не скарыўся перад Ярэмаю, прарокам, што праракаў ад вуснаў СПАДАРОВЫХ;
 
І рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА, Бога свайго. Ён не ўпакорыўся перад абліччам Ярэміі прарока, [які гаварыў] з вуснаў ГОСПАДА.

І таксама збунтаваўся супроці караля Невухаднецара, што ўзяў ізь яго прысягу Богам, і закаляніў завыек свой, і закаляніў сэрца свае да тога, што не навярнуўся да СПАДАРА, Бога Ізраелявага.
 
І таксама ён збунтаваўся супраць валадара Навухаданосар, які ўзяў з яго прысягу перад Богам, і зрабіў цьвёрдым карак свой, і закамяніў сэрца сваё, каб не навярнуцца да ГОСПАДА, Бога Ізраіля.

Таксама ўсі начэльнікі сьвятароў а люд вельма шмат ізраджалі, подле ўсіх агідаў паган, і плюгавілі дом СПАДАРОЎ, каторы Ён пасьвяціў у Ерузаліме.
 
Таксама ўсе начальнікі, сьвятары і народ памнажалі нявернасьць сваю паводле ўсіх брыдотаў народаў, і ганьбілі Дом ГОСПАДА, які Ён асьвяціў у Ерусаліме.

І пасылаў СПАДАР, Бог айцоў іхных, да іх пасланцоў сваіх, рана ўстаючы й пасылаючы; бо меў Ён жаласьць над людам Сваім і над сялібаю Сваёю.
 
І пасылаў ГОСПАД, Бог бацькоў іхніх, да іх пасланцоў Сваіх, рана ўстаючы і пасылаючы, бо меў Ён спагаду да народу Свайго і да Сялібы Сваёй.

Але яны сьміяліся з пасланцоў Божых, і ўлегцы мелі словы Ягоныя, і зьдзекаваліся з прарокаў Ягоных, пакуль не паўстаў гнеў СПАДАРОЎ на люд Ягоны, ажно ня было леку.
 
Але яны сьмяяліся з пасланцоў Божых, і грэбавалі словам Ягоным, і зьдзекваліся з прарокаў Ягоных, аж узьняўся гнеў ГОСПАДА на народ Ягоны, ажно не было лекаваньня.

І Ён узьвёў на іх караля Хальдэйскага, каторы зрабіў сьмерць маладзёнам іхным мячом у доме сьвятыні іхнай, і не пажалеў ані маладзёна, ані дзеўкі, ані старога, ані сівога, — усе аддаў у рукі ягоныя.
 
І Ён прывёў на іх валадара Халдэйскага, і той пазабіваў мячом юнакоў іхніх у Доме Сьвятыні іхняй, і не пашкадаваў ані юнака, ані дзяўчыны, ані старога, ані сівога, усё аддаў у рукі ягоныя.

І ўсе судзьдзе дому Божага, вялікае й малое, і скарбы дому СПАДАРОВАГА, і скарбы караля а князёў ягоных, — усе завёз ён да Бабілёну.
 
І ўсе начыньні Дому Божага, вялікія і малыя, і скарбы Дому ГОСПАДА, і скарбы валадара і князёў ягоных, усё завёз ён у Бабілон.

І спалілі дом Божы, і разбурылі сьцяну Ерузаліму, і ўсі палацы яго спалілі цяплом, і ўсі дарагія рэчы яго зьнішчылі.
 
І спалілі Дом Божы, і зруйнавалі муры Ерусаліму, і ўсе палацы ягоныя спалілі агнём, і ўсе каштоўныя рэчы ягоныя зьнішчылі.

І перасяліў ён засталых ад мяча да Бабілёну; і былі яны слугамі ягонымі а сыноў ягоных, аж да ўлады гаспадарства Пэрскага.
 
І перасяліў ён тых, якія засталіся ад мяча, у Бабілон, і былі яны слугамі ягонымі і сыноў ягоных аж да пачатку валадараньня валадарства Пэрсаў,

Каб споўніліся словы СПАДАРОВЫ вуснамі Ярэмы, пакуль зямля не здаволілася із спустошаньня сыботаў сваіх. Усі дні яна супачывала да сканчэньня семдзясят год.
 
каб споўнілася слова ГОСПАДА праз вусны Ярэміі: «Аж пакуль зямля не задаволіцца за суботы свае, усе дні спусташэньня ейнага будзе яна супачываць да сканчэньня сямідзесяці гадоў».

А першага году Кіра, караля Пэрскага, каб скончыўся рок словам СПАДАРОВЫМ вуснамі Ярэмы, узрушыў СПАДАР дух Кіра, караля Пэрскага, і ён агаласіў па ўсім каралеўстве сваім, і таксама пісома, кажучы:
 
А ў першы год Кіра, валадара Пэрсаў, каб споўнілася слова ГОСПАДА праз вусны Ярэміі, узрушыў ГОСПАД дух Кіра, валадара Пэрсаў, і ён абвясьціў у-ва ўсім валадарстве сваім, і таксама пісьмова, кажучы:

«Гэтак кажа Кір, кароль Пэрскі: "Усі каралеўствы зямлі даў імне СПАДАР, Бог нябёсны; і Ён расказаў імне пастанавіць Яму дом у Ерузаліме, каторы ў Юдэі. Хто ё з вас, з усёга люду Ягонага, СПАДАР, Бог ягоны, зь ім, і хай ён узыйдзе"».
 
«Гэта кажа Кір, валадар Пэрсаў. Усе валадарствы зямлі даў мне ГОСПАД, Бог нябесны. І Ён загадаў мне пабудаваць Яму Дом у Ерусаліме, які ў Юдэі. Хто ёсьць з вас з народу Ягонага, [няхай будзе] ГОСПАД, Бог ягоны, з ім, і няхай ён узыйдзе [ў Ерусалім]».