2 летапісаў 31 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І, як усе гэта скончылася, вышлі ўсі Ізраяляне, што былі ў местах Юдэйскіх, да ўсіх местаў Юдэйскіх, і разьбілі асобкі, высеклі гаі, і разбурылі ўзвышшы а аброчнікі ў вусёй Юдэі і ў зямлі Веняміновай, Яхрэмавай а Манасавай, аж да канца. І зьвярнуліся ўсі сынове Ізраелявы кажны да дзяржавы свае, да места свайго.
І калі ўсё гэта скончылася, выйшаў увесь Ізраіль, які знаходзіўся [там], у гарады Юды, і пабілі слупы, і пасеклі астартаў, і разбурылі ўзвышшы і ахвярнікі ў-ва ўсім Юдзе і Бэн’яміне, у Эфраіме і Манасе, аж да канца. І вярнуліся ўсе сыны Ізраіля кожны да ўласнасьці сваёй, у горад свой.
І прызначыў Гэзэка радоўкі сьвятароў а Левітаў, подле радоў іхных, кажнага чалавека подле службы ягонае, сьвятароў а Левітаў да ўсепаленьняў а да супакойных аброкаў, да паслугаваньня а да дзякаваньня а да выхваляньня ў брамах табару СПАДАРОВАГА.
І прызначыў Эзэкія чэргі сьвятароў і лявітаў паводле чэргаў іхніх, кожнага паводле служэньня ягонага, сьвятароў і лявітаў для цэласпаленьняў і для ахвяраў мірных, каб паслугавалі, славілі і хвалілі ў брамах табараў ГОСПАДА.
Таксама дар каралеўскі з маемасьці ягонае на абраканьне: абракаць нараніцы і ўвечары, і на абраканьні ў сыботы, і на маладзікі, і на ўрочыстыя сьвяты, як напісана ў Праве СПАДАРОВЫМ.
А частку валадара з маёмасьці ягонай [ён прызначыў] на цэласпаленьні, на цэласпаленьні раніцаю і ўвечары, і на цэласпаленьні ў суботы і ў маладзікі, і на ўрачыстыя сьвяты, як напісана ў Законе ГОСПАДА.
І расказаў люду, што жыў у Ерузаліме, даваць дар сьвятаром а Левітам, каб яны былі рупліўшыя ў праве СПАДАРОВЫМ.
І сказаў народу, які жыў у Ерусаліме, каб давалі частку для сьвятароў і лявітаў, каб яны ўмацаваліся ў Законе ГОСПАДА.
І як толькі расказаньне было пушчана, памножылі сынове Ізраелявы пачаткі збожжа, новага віна а алею а мёду і з усёга прыбытку польнага; і дзесяціну ўсяго прынесьлі яны ў множасьці.
І калі пашырылася слова гэтае, прынесьлі сыны Ізраіля пяршыны збожжа, і віна, і алею, і мёду, і ўсіх пладоў палявых; і прынесьлі яны шмат дзесяцінаў з усяго.
І сынове Ізраелявы а Юдзіны, што жылі ў местах Юдэі, таксама далі дзесяціну валоў а авец, і дзесяціну сьвятасьцяў, пасьвячаных СПАДАРУ, Богу свайму, яны прынесьлі; і налажылі кучы, кучы.
І сыны Ізраіля і Юды, якія жылі ў гарадах Юды, таксама прынесьлі дзесяціну валоў і авечак, і дзесяціну рэчаў сьвятых, пасьвячоных ГОСПАДУ, Богу іхняму, і налажылі купы купаў.
Трэйцяга месяца пачалі класьці гэтыя кучы, а месяца сёмага скончылі.
У трэці месяц пачалі класьці гэтыя купы, а ў сёмым месяцы скончылі.
І прышлі Гэзэка а князі, і абачылі кучы, і дабраславілі СПАДАРА а люд Ягоны, Ізраеля.
І прыйшлі Эзэкія і князі, і ўбачылі купы гэтыя, і дабраславілі ГОСПАДА і народ Ягоны, Ізраіля.
І папытаўся Гэзэка ў сьвятароў а Левітаў праз гэтыя кучы.
І пытаўся Эзэкія сьвятароў і лявітаў пра купы гэтыя.
І адказаў яму Азара, найвышшы сьвятар із дому Садокавага, і сказаў: «Адгэнуль, як пачалі зносіць дары да дому СПАДАРОВАГА, мы елі а сыціліся і засталася множасьць, бо дабраславіў СПАДАР люд Свой; і затым, што засталася, ё гэта вялікая множасьць.
І сказаў яму Азарыя, найвышэйшы сьвятар з дому Цадока, і сказаў: «Ад таго часу, калі пачалі прыносіць дары ў Дом ГОСПАДА, мы елі і насыціліся, і засталося мноства, бо дабраславіў ГОСПАД народ Свой; і тое, што засталося — гэтае мноства вялікае».
І казаў Гэзэка прыгатаваць сьвірны ў доме СПАДАРОВЫМ; і прыгатавалі.
І сказаў Эзэкія, каб падрыхтавалі каморы ў Доме ГОСПАДА, і падрыхтавалі [іх].
І верна ўнесьлі дары а дзесяціны а пасьвячанае; а над імі загаднік быў Хононя Левіт а Шымей, брат ягоны, другім.
І верна перанесьлі [туды] дары, і дзесяціны, і рэчы сьвятыя; і над імі загадчыкам быў Кананія лявіт і Шымэй, брат ягоны, другім.
Егіель жа а Азазя а Нагаф а Асагэль а Ерымоф а Езавад а Елель, Ісхама а Манаф а Беная — нагляднікі пад рукою Хононі а Шымея, брата ягонага, із загады караля Гэзэкі а Азары, дамавера дому СПАДАРОВАГА.
А Ехіэль, Азазія, Нахат, Асагэль, Ерымот, Ёзавад, Эліэль, Ісмахія, Махат і Бэная [былі] наглядчыкамі пад рукою Кананіі і Шымэя, брата ягонага, паводле загаду валадара Эзэкіі і Азарыі, начальніка над Домам Божым.
І Корэ Імянок, Левіт, брамнік на ўсход над самахотнымі аброкамі СПАДАРУ, выдаваць дары СПАДАРОВЫ і найсьвятшыя рэчы.
І Карэ, сын Імны, лявіт, прыдзьвернік з усходняга боку, [быў] над дарамі дабраахвотнымі для Бога, каб выдаваць [братам] дары ГОСПАДАВЫ і сьвятое сьвятых.
І пры ім Едэн а Мінямін а Ешуа а Шэмая а Амара а Шэханя ў местах сьвятарскіх, каб верна раздаваць братом сваім дзелі, як вялікаму, так і малому,
І пад рукой ягонай [былі] Эдэн, Мін’ямін, Ешуа, Шэмая, Амарыя і Шэханія ў гарадах сьвятарскіх, каб верна раздаваць [належнае] братам сваім паводле чаргі, як вялікаму, так і малому,
Апрача радаводу мужчынаў ад трох год і вышэй, кажнаму, што ўходзе да дому СПАДАРОВАГА, штадзенную дзель ягоную дзеля службы ў іх урадзе подле радоў іхных,
акрамя сьпісу іхняга, мужчын ад трох гадоў і вышэй, усім, хто ўваходзіць у Дом ГОСПАДА, на [выкананьне] слова дзень пры дні, на служэньне сваё паводле абавязкаў сваіх паводле чэргаў сваіх,
Радаводу сьвятароў, па дамох айцоў іхных, і Левітам ад дваццацёх год і вышэй подле службы іх у ўрадзе і ў радох іхных,
і ўнесеным у сьпіс сьвятарам, паводле дому бацькоў іхніх, і лявітам ад дваццаці гадоў і вышэй паводле абавязкаў іхніх і паводле чэргаў іхніх,
І радаводу ўсіх дзецянят іхных, жонак іхных а сыноў іхных а дачок іхных, — усёй грамадзе, бо верна пасьвяціліся ў сьвятасьць.
і ўнесеным у сьпіс з усімі дзецьмі іхнімі, жонкамі іхнімі, і сынамі іхнімі, і дочкамі іхнімі, з усёй царквой — усёй грамадзе, бо яны верна пасьвяціліся на сьвятое [служэньне].
І сыном Ааронавым, сьвятаром у палёх перадмесьцяў местаў іхных, у кажным месьце прызначыў мужоў выменаваных, выдаваць дзелі ўсім мужчынам сярод сьвятароў і ўсім Левітам у радаводах іхных.
А для сыноў Аарона, сьвятароў, [якія мелі] палі на пашах гарадоў іхніх, у-ва ўсіх гарадах [ён прызначыў] мужоў, якія названыя па імёнах, каб даваць часткі ўсім мужчынам сярод сьвятароў і ўсім лявітам, унесеным у сьпіс.
І зрабіў гэтак Гэзэка па ўсёй Юдэі, і рабіў, што добрае а пасьцівае а праўдзівае перад СПАДАРОМ, Богам сваім.
І зрабіў гэтак Эзэкія ў-ва ўсім Юдзе, і рабіў ён тое, што добрае, слушнае і праўдзівае перад абліччам ГОСПАДА, Бога свайго.
І кажную работу, што ён пачынаў на службе дому СПАДАРОВАГА, і ў Праве і ў расказаньнях, шукаючы Бога свайго, ён рабіў з усёга сэрца свайго, і меў дасьпех.
І ў-ва ўсёй працы, якую ён пачынаў, і ў служэнні Дому Божага, і ў [выкананьні] Закону і прыказаньняў, каб шукаць Бога свайго, ён рабіў з усяго сэрца свайго, і меў посьпех.