2 летапісаў 7 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Як скончыў Салямон малітву, зышло цяпло зь неба, праглынула ўсепаленьне а аброкі, і слава СПАДАРОВА напоўніла дом.
Калі скончыў Салямон малітву, зыйшоў агонь з неба, і праглынуў цэласпаленьні і ахвяры, і слава ГОСПАДА напоўніла Дом.
І не маглі сьвятары ўвыйсьці да дому СПАДАРОВАГА, бо слава СПАДАРОВА напоўніла дом СПАДАРОЎ.
І не маглі сьвятары ўвайсьці ў Дом ГОСПАДА, бо слава ГОСПАДА напоўніла Дом ГОСПАДА.
І ўсі сынове Ізраелявы, бачачы, як зышло цяпло й слава СПАДАРОВА на дом, палі відам на зямлю, на мост, і пакланіліся, і выхвалялі СПАДАРА, бо Ён добры, бо на векі міласэрдзе Ягонае.
І ўсе сыны Ізраіля, бачачы, як зыйшоў агонь і слава ГОСПАДА на Дом, упалі абліччам на зямлю, на падлогу, і пакланіліся, і выслаўлялі ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная.
Кароль жа а ўвесь люд пачалі абракаць аброкі перад відам СПАДАРА.
І валадар і ўвесь народ ахвяравалі ахвяры перад абліччам ГОСПАДА.
І аброк кароль Салямон на аброк дваццаць дзьве тысячы валоў і сто дваццаць тысячаў авец: гэтак пасьвяцілі дом Божы кароль а ўвесь люд.
І ахвяраваў валадар Салямон як ахвяру дваццаць дзьве тысячы валоў і сто дваццаць тысячаў авечак, і асьвяцілі Дом Божы валадар і ўвесь народ.
Сьвятары стаялі ў службе сваёй, і Левіты з музыцкімі снадзьмі СПАДАРОВЫМІ, каторыя зрабіў кароль Давід да выхваляньня СПАДАРА, бо на векі міласэрдзе Ягонае, бо Давід выхваляў імі; сьвятары ж трубілі перад ім, і ўвесь Ізраель стаяў.
А сьвятары стаялі на варце сваёй, і лявіты з музычнымі інструмэнтамі ГОСПАДАВЫМІ, якія зрабіў валадар Давід для праслаўленьня ГОСПАДА, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная, бо Давід выхваляў [Бога] імі. І сьвятары трубілі перад імі, і ўвесь Ізраіль стаяў.
І пасьвяціў Салямон і нутраную часьць панадворку, што перад домам СПАДАРОВЫМ, бо там аброк усепаленьні а тук супакойных аброкаў, бо аброчнік мядзяны, зроблены Салямонам, ня мог тоўпіць усепаленьня, і хлебнага аброку, і тукаў.
І асьвяціў Салямон сярэдзіну панадворку, які перад Домам ГОСПАДА, бо там прынёс цэласпаленьні і тлушч ахвяраў мірных, бо ахвярнік мядзяны, які зрабіў Салямон, ня мог зьмясьціць цэласпаленьняў, і ахвяраў хлебных, і тлушчу.
І зрабіў Салямон таго часу сямідзеннае сьвята, і ўвесь Ізраель ізь ім — грамада вельма вялікая, ад уходу ў Гамаф аж да ракі Ягіпецкае.
І зрабіў Салямон у той час сьвята на сем дзён, і ўвесь Ізраіль з ім, царква вельмі вялікая, [якая сабралася] ад уваходу ў Хамат аж да ракі Эгіпецкай.
І зрабілі восьмага дня ўрочысты збор, бо пасьвячэньне аброчніка рабілі сем дзён і сьвята сем дзён.
І зрабілі ў восьмы дзень урачысты сход, бо асьвячэньне ахвярніка рабілі сем дзён, і сьвяткавалі сем дзён.
І дваццаць трэйцяга дня сёмага месяца адпусьцілі люд да буданоў іхных, каторы радаваўся а весяліўся ў сэрцу з дабра, якое ўчыніў СПАДАР Давіду а Салямону а Ізраелю, люду Свайму.
І ў дваццаць трэці дзень сёмага месяца адпусьціў [Салямон] народ у намёты іхнія, радасных і з добрым сэрцам дзеля дабра, якое зрабіў ГОСПАД Давіду, і Салямону, і Ізраілю, народу Свайму.
І скончыў Салямон дом СПАДАРОЎ а дом каралеўскі; і ў вусім, што задумаў Салямон у сэрцу зрабіць у доме СПАДАРОВЫМ і ў сваім собскім доме, ён меў дасьпех.
І скончыў Салямон Дом ГОСПАДА і дом валадара; і ў-ва ўсім, што прыйшло ў сэрца Салямону зрабіць у Доме ГОСПАДА і ў доме сваім, ён меў посьпех.
І зьявіўся СПАДАР Салямону ночы, і сказаў яму: «Я пачуў малітву тваю і абраў Сабе месца гэтае на дом абраканьня.
І зьявіўся ГОСПАД Салямону ўначы, і сказаў яму: «Я пачуў малітву тваю і выбраў Сабе месца гэтае на Дом для ахвяраваньня.
Калі Я замкну неба і ня будзе дажджу, і калі раскажу шаранчы жэрці зямлю, альбо пашлю мор на люд Свой;
Калі Я замкну неба і ня будзе дажджу, і калі загадаю саранчы жэрці зямлю, альбо спашлю пошасьць на народ Мой,
Калі скарыцца люд Мой, што завецца імям Маім, і будзе маліцца а шукаць віду Майго, і адвернуцца ад благіх дарогаў сваіх, то Я пачую зь неба, і дарую грахі іхныя, і ўздараўлю зямлю іхную.
і калі ўпакорыцца народ Мой, які завецца імем Маім, і будзе маліцца і шукаць аблічча Маё, і адвернуцца ад шляхоў сваіх ліхіх, Я пачую з неба і прабачу грахі іхнія, і аздараўлю зямлю іхнюю.
Цяпер вочы Мае будуць адчыненыя й вусны ўважлівыя да малітвы на месцу гэтым.
Цяпер вочы Мае будуць адчыненыя і вушы Мае ўважлівыя да малітвы на месцы гэтым.
І цяпер Я абраў а пасьвяціў дом гэты, каб імя Мае было там на векі; і вочы Мае а сэрца Мае будуць там усі дні.
І цяпер Я выбраў і асьвяціў Дом гэты, каб імя Маё было там на вякі; і вочы Мае і сэрца Маё будуць там усе дні.
І калі ты будзеш хадзіць перад відам Маім, як хадзіў Давід, айцец твой, і рабіць подле ўсёга, што Я расказаў табе, і дзяржаць уставы Мае а суды Мае;
І цяпер, калі ты будзеш хадзіць перад абліччам Маім, як хадзіў Давід, бацька твой, і рабіць паводле ўсяго, што Я загадаў табе, і захоўваць пастановы Мае і суды Мае,
То Я ўмацую пасад каралеўства твайго, як Я змовіўся з Давідам, айцом тваім, кажучы: "Ня будзе адцяты ў цябе муж-гаспадар у Ізраелю".
Я ўмацую пасад валадарства твайго, як Я заключыў [запавет] з Давідам, бацькам тваім, кажучы: “Ня будзе забраны ў цябе муж, які пануе ў Ізраілі”.
Калі ж вы адвернецеся й пакінеце ўставы Мае а расказаньні Мае, каторыя Я даў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць багом іншым, і кланяцца ім,
А калі вы адвернецеся і пакінеце пастановы Мае і прыказаньні Мае, якія Я даў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць іншым багам, і будзеце пакланяцца ім,
То Я выкараню іх ізь зямлі, каторую Я даў ім, і гэты дом, што Я пасьвяціў імені Свайму, адхіну ад віду Свайго, і аддам яго на прыказь а пасьмех усіх народаў.
Я выкараню вас з зямлі Маёй, якую Я даў вам, і гэты Дом, які Я асьвяціў для імя Майго, Я адкіну ад аблічча Майго і аддам яго на прыказку і насьмешку для ўсіх народаў.
І з дому гэтага, што быў найвышшы, кажны, міма яго праходзячы, зумеецца й скажа: "За што ўчыніў так СПАДАР ізь зямлёю гэтаю і з домам гэтым?"
І Дом гэты, які быў найвышэйшы, [будзе такі, што] ўсе, якія будуць праходзіць каля яго, аслупянеюць і скажуць: “За што зрабіў так ГОСПАД зямлі гэтай і Дому гэтаму?”
І скажуць: "За тое, што яны пакінулі СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, каторы вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае, і ўхапіліся за багоў іншых, і кланяліся ім, і служылі ім, — за тое Ён навёў на іх усе гэтае ліха"».
І скажуць: “За тое, што яны пакінулі ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, і ўхапіліся за багоў іншых, і пакланяліся ім, і служылі ім, за тое Ён навёў на іх усё гэтае ліха”».