2 летапісаў 26 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І ўзяў увесь люд Юдэйскі Узю, катораму было шаснанцаць год, і ўстанавілі яго за караля замест айца ягонага Амасі.
І ўзяў увесь народ Юды Узію, а ён [меў] шаснаццаць гадоў, і паставілі яго за валадара пасьля Амазіі, бацькі ягонага.
Ён забудаваў Елоф і зьвярнуў яго Юдэі просьле тога, як супачыў кароль із айцамі сваімі.
Ён пабудаваў Элят і вярнуў яго Юдзе, калі супачыў валадар з бацькамі сваімі.
Шаснанцаць год было Узі, як загаспадарстваваў, і пяцьдзясят два гады гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці ягонае Ехоля, зь Ерузаліму.
Шаснаццаць гадоў [меў] Узія, калі пачаў валадарыць, і пяцьдзясят два гады валадарыў у Ерусаліме. А імя маці ягонай — Ехолія з Ерусаліму.
І рабіў ён пасьцівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ чыста так, як рабіў Амася, айцец ягоны;
І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, усё так, як рабіў Амазія, бацька ягоны.
І шукаў ён СПАДАРА за дзён Захары, каторы меў зразуменьне ў відзенях Божых; і тых дзён, што ён шукаў СПАДАРА, шчасьціў яму Бог.
І шукаў ён Бога ў дні Захарыі, які разумеў відзежы Божыя; і ў тыя дні, калі ён шукаў ГОСПАДА, Бог даваў яму посьпех.
І ён вышаў, і ваяваў зь Пілішчанмі; і разбурыў сьцены Ґафу а сьцены Яўнеі а сьцены Ашдоду; і пабудаваў месты ў Ашдодзе а Пілісьце.
І ён выйшаў, і ваяваў з Філістынцамі; і разбурыў муры Гату, муры Яўнэі, і муры Ашдоду; і пабудаваў гарады ў Ашдодзе і ў Філістынцаў.
І памагаў яму Бог супроці Пілішчан а супроці Арабаў, што жывуць у Ґур-Ваале, і Маонян;
І дапамагаў яму Бог супраць Філістынцаў і супраць Арабаў, якія жылі ў Гур-Баале, і супраць Мэунянаў.
І Амоняне давалі дары Узі, і разышлося імя ягонае аж да ўходу ў Ягіпет; бо пасіліўся ён надзвычайна.
І Аманяне давалі дары Узіі. І разыйшлася [вестка пра] імя ягонае аж да ўваходу ў Эгіпет, бо ўзмацніўся ён незвычайна.
І збудаваў Узя вежы ў Ерузаліме ля Рагавое брамы, ля брамы даліны і на рагу, і ўмацаваў іх.
І пабудаваў Узія вежы ў Ерусаліме пры Браме Вуглавой, пры Браме Даліны і на рагу, і ўмацаваў іх.
І пабудаваў вежы на пустыні, і выкапаў шмат жаролаў, бо ён меў шмат стадаў, і ў даліне, і на раўніне, і ралейнікаў, і садаўнічых у горах а на Карміле; бо ён любіў ралейніцтва.
І пабудаваў ён вежы ў пустыні, і выкапаў шмат сажалак, бо ў яго было шмат статкаў, і ў Шэфэлі, і на раўніне, і [меў ён] земляробаў, і вінаградараў у гарах і на Кармэлю, бо ён быў аматарам земляробства.
Было ў Узі й войска, што выходзіла на вайну вяткамі, подле лічбы ў сьпісаньню іх, складзеным рукою Ееля пісара а Маасэі наглядніка, пад рукою Ганані, аднаго з князёў каралеўскіх.
І было ў Узіі войска, якое выходзіла на вайну дружынамі, паводле ліку попісу іхняга, [зробленага] рукою Еіэля пісара і Маасэі наглядчыка, пад рукою Хананіі, [аднаго] з князёў валадара.
Увесь лік галоў айцоў дужасілаў — дзьве тысячы шасьцьсот;
Увесь лік галоваў [дамоў] бацькоў, ваяроў мужных — дзьве тысячы шэсьцьсот.
І пад іх рукою ваеннае сілы трыста сем тысячаў пяцьсот, што ўступалі ў бітву з вайсковай мужнасьцяй, на помач каралю супроці непрыяцеля.
І пад рукою іхняю здатных да войска — трыста сем тысячаў пяцьсот тых, якія ідуць на вайну з вайсковай мужнасьцю, на дапамогу валадару супраць ворага.
І прыгатаваў ім Узя, усяму войску, шчыты а дзіды, шоламы а панцыры а лукі а пушчальнае каменьне.
І прыгатаваў для іх Узія, для ўсяго войска, шчыты, дзіды, шаломы, панцыры, лукі і камяні для пушчалак.
І зрабіў ён у Ерузаліме ўмела прыдуманыя машыны, каб яны былі на вежах а на рагох дзеля пушчаньня стрэлаў а вялікіх камянёў. І разьнеслася імя ягонае далёка, бо дзіўную помач меў, пакуль умацаваўся.
І зрабіў ён у Ерусаліме махіны вайсковыя, вынаходліва прадуманыя, каб яны былі на вежах і на кутах дзеля страляньня стрэламі і камянямі вялікімі. І разыйшлося імя ягонае далёка, бо ён меў [праз гэта] цудоўную дапамогу і стаўся моцным.
Але як ён умацаваўся, загардзела сэрца ягонае аж да згубы, і ён ізрадзіў СПАДАРА, Бога свайго, бо ўвыйшоў у дом СПАДАРОЎ, каб кадзіць на аброчніку кадзельным.
Але калі ён узмацніўся, заганарылася сэрца ягонае аж да загубы, і ён стаў няверным ГОСПАДУ, Богу свайму, і ўвайшоў ён у сьвятыню ГОСПАДА, каб кадзіць на ахвярніку каджэньня.
І пайшоў за ім Азара сьвятар, і ізь ім асьмідзясят сьвятароў СПАДАРОВЫХ, людзёў мужных.
І ўвайшоў за ім Азарыя сьвятар, і з ім восемдзясят сьвятароў ГОСПАДА, людзей мужных.
І спрацівіліся яны Узі, каралю, і сказалі яму: «Не табе, Узя, кадзіць СПАДАРУ, гэта сьвятаром, сыном Ааронавым, пасьвячаным да кадзеньня; выйдзі ізь сьвятыні, бо ты ізрадзіў, і ня будзе табе гэта да сьці ў СПАДАРА Бога».
І супрацівіліся яны Узіі валадару, і сказалі яму: «Не табе, Узія, кадзіць ГОСПАДУ, бо гэта для сьвятароў, сыноў Аарона, якія пасьвячоныя для каджэньня. Выйдзі са сьвятыні, бо ты стаў няверным, і ня будзе табе славы ў ГОСПАДА Бога».
І загневаўся Узя, — а ў руццэ ў яго кадзільніца кадзіць; і, як загневаўся ён на сьвятароў, праказа засьвітала на чале ў яго, перад сьвятарамі, у доме СПАДАРОВЫМ, ля аброчніка кадзельнага.
І загневаўся Узія, а ў руцэ ягонай [была] кадзільніца для каджэньня. І калі загневаўся ён на сьвятароў, праказа закрасавала на чале ягоным перад абліччам сьвятароў у Доме ГОСПАДА каля ахвярніка каджэньня.
І абярнуўся да яго Азара, найвышшы сьвятар, а ўсі сьвятарове, і вось, у яго праказа на чале. І сілілі яго выйсьці стуль, дый сам ён барзьдзіў выйсьці, бо выцяў яго СПАДАР.
І павярнуўся да яго Азарыя, сьвятар найвышэйшы, і ўсе сьвятары, і вось, праказа на чале ягоным. І яны выпхнулі яго адтуль, і ён сам пасьпяшаўся выйсьці, бо наведаў яго ГОСПАД.
І быў кароль Узя пракажаны аж да дня сьмерці свае, і жыў у васобным доме, і адлучаны быў ад дому СПАДАРОВАГА. А Ёфам, сын ягоны, быў над домам каралеўскім, судзячы люд зямлі.
І быў валадар Узія пракажоны аж да дня сьмерці сваёй, і жыў у асобным доме, як пракажоны, бо адлучаны быў ад Дому ГОСПАДА. І Ётам, сын ягоны, быў над домам валадарскім, судзячы народ зямлі.
Засталыя справы Узіны, першыя й апошнія, апісаў Ісая Амосёнак, прарока.
А іншыя дзеяньні Узіі, першыя і апошнія, запісаў Ісая, сын Амоса, прарок.
І супачыў Узя з айцамі сваімі, і пахавалі яго з айцамі ягонымі на полю грабоў каралеўскіх; бо казалі: «Ён пракажаны». І загаспадарстваваў Ёфам, сын ягоны, замест яго.
І супачыў Узія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі на полі магілаў валадарскіх, бо казалі: “Ён пракажоны”. І пачаў валадарыць Ётам, сын ягоны, пасьля яго.