2 летапісаў 21 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І супачыў Ясапат із айцамі сваімі, і пахаваны з айцамі сваімі ў месьце Давідавым. І загаспадарстваваў Егорам, сын ягоны, замест яго.
І супачыў Язафат з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда. І заваладарыў Егарам, сын ягоны, пасьля яго.
І ў яго браты, сыны Ясапатавы: Азара а Егіель а Захара а Азара а Міхайла а Шэфата; усі гэтыя сыны Ясапатавы, караля Ізраельскага.
І [былі] ў яго браты, сыны Язафата: Азарыя, Ехіэль, Захарыя, Азарыя, Міхаэль і Шэфатыя; усе яны — сыны Язафата, валадара Ізраіля.
І даў ім айцец іхны вялікія дары срэбрам а золатам а дарагімі рэчмі, разам із умацаванымі местамі ў Юдэі; каралеўства ж аддаў Егораму, бо ён пяршак.
І даў ім бацька іхні вялікія дары, срэбра і золата, і каштоўныя рэчы, і гарады ўмацаваныя ў Юдзе. А валадараньне аддаў Егараму, бо ён першародны.
І ўступіў Егорам на каралеўстава айца свайго, і ўмацаваўся, і забіў усіх братоў сваіх мячом, а таксама з князёў Ізраелявых.
І стаў Егарам на валадарства бацькі свайго, і ўмацаваўся, і забіў усіх братоў сваіх мячом, і таксама [некаторых] з князёў Ізраіля.
Трыццаць два гады было Егораму, як загаспадарстваваў, і восьмі год гаспадарстваваў у Ерузаліме.
Трыццаць два гады было Егараму, калі ён пачаў валадарыць, і восем гадоў ён валадарыў у Ерусаліме.
І хадзіў ён дарогаю каралёў Ізраельскіх, як рабіў дом Агаваў, бо дачка Агавава была жонкаю ягонай, і рабіу ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ.
І хадзіў ён шляхам валадароў Ізраіля, як рабіў дом Ахава, бо дачка Ахава была жонкаю ягонай, і рабіў ён ліхое ў вачах ГОСПАДА.
Не хацеў, адылі, СПАДАР выгубіць дому Давідавага дзеля змовы, каторую ўчыніў із Давідам, і затым што абяцаў даць сьветач яму а сыном ягоным на ўсі часы.
Але не хацеў ГОСПАД выгубіць дом Давіда дзеля запавету, які Ён заключаў з Давідам, і дзеля таго, што Ён абяцаў даць сьветач яму і сынам ягоным на ўсе дні.
За дзён ягоных вышаў Едом з-пад рукі Юды, і ўстанавілі над сабою караля.
У дні ягоныя выйшаў Эдом з-пад рукі Юды, і яны паставілі над сабою валадара.
Тады пайшоў Егорам із князьмі сваімі, і ўсі цялежкі ягоныя зь ім, і ўстаў ночы, і разьбіў Едомлян, каторыя акружылі яго, і вайводцаў цялежак.
І пайшоў Егарам з князямі сваімі, і ўсе калясьніцы ягоныя з ім, і сталася, што ён устаў уначы, і разьбіў Эдомцаў, якія атачалі яго, і начальнікаў калясьніцаў [іхніх].
Вышаў, адылі, Едом з-пад рукі Юды дагэтуль. Таго-ж часу вышла й Ліўна з-пад рукі ягонае, бо ён пакінуў СПАДАРА, Бога айцоў сваіх.
Але выйшаў Эдом з-пад рукі Юды аж да дня гэтага. У той час выйшла таксама Лібна з-пад рукі ягонай, бо ён пакінуў ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх.
Таксама ён узвышшы рабіў на гарах Юдэйскіх, і ўвёў у бязулства жыхараў Ерузаліму, і сіліў Юдэю.
Таксама ён рабіў узгоркі ў гарах Юды, і зрабіў распусьнікамі жыхароў Ерусаліму, і зьвёў Юду.
І прышло пісаньне да яго ад Ільлі прарокі, кажучы: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Давіда, айца твайго: "За тое, што ты не хадзіў дарогамі Ясапата, айца свайго, ані дарогамі Асы, караля Юдэйскага,
І прыйшоў да яго ліст ад Ільлі прарока, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Давіда, бацькі твайго: “За тое, што ты не хадзіў шляхамі Язафата, бацькі твайго, ані шляхамі Асы, валадара Юды,
А пайшоў дарогаю каралёў Ізраельскіх і ўвёў у бязулства Юдэю а жыхараў Ерузаліму, як уводзіў у бязулства дом Агаваў; дый братоў сваіх, дом айца свайго, каторыя лепшыя за цябе, ты забіў:
а пайшоў шляхам валадароў Ізраіля і зрабіў распусьнікамі Юду і жыхароў Ерусаліму, як рабіў распусьнікамі [Ізраіля] дом Ахава; і братоў тваіх, дом бацькі твайго, якія былі лепшыя за цябе, ты забіў;
Вось, вытне СПАДАР вялікаю ліпучкаю люд твой а сыноў тваіх а жонкі твае а ўсю маемасьць тваю;
вось, ударыць ГОСПАД плягай вялікай народ твой, і сыноў тваіх, і жонак тваіх, і ўсю маёмасьць тваю.
А ты захварэеш на вялікую хваробу, на хваробу нутра, аж нутр твой будзе вывалевацца з прычыны хваробы дзень пры дню"».
А ты захварэеш моцна на хваробу нутра, аж будзе выходзіць [з цябе] нутро тваё з прычыны хваробы дзень пры дні”».
І збудзіў СПАДАР на Егорама дух Пілішчан а Арабаў, што блізка Ефіоплян;
І ўзбудзіў ГОСПАД на Егарама дух Філістынцаў і Арабаў, якія былі пад рукою Кушанаў,
І яны ўзышлі на Юдэю, уварваліся ў яе, і захапілі ўсю маемасьць, што была ў доме каралёвым, таксама й сыноў ягоных, і жонкі ягоныя; і не засталося ў яго сына, апрача Егоагаза, найменьшага із сыноў ягоных.
і яны пайшлі на Юду, і ўвайшлі ў яго, і захапілі ўсю маёмасьць, што была ў доме валадара, а таксама сыноў ягоных, і жонак ягоных; і не засталося ў яго сына, акрамя Егаахаза, найменшага з сыноў ягоных.
А просьле ўсёга гэтага выцяў СПАДАР нутр ягоны хваробаю невылячальнаю.
І пасьля ўсяго гэтага ўдарыў ГОСПАД нутро ягонае хваробаю невылечнаю.
Гэтак было дзень пры дню, а пад канец другога году выпаў нутр ягоны ад хваробы ягонае, і ён памер ад благое хваробы; і люд ягоны не спаліў паленьня яму, як паленьне айцом ягоным.
І сталася так дзень пры дні, а пад канец другога году выйшла нутро ягонае з прычыны хваробы ягонай, і ён памёр у ліхой немачы; і народ ягоны не рабіў для яго [пахкіх паленьняў], як рабілі паленьне для бацькоў ягоных.
Трыццаць два гады было яму, як ён пачаў гаспадарстваваць, і гаспадарстваваў у Ерузаліме восьмі год, і адышоў зьбезахочаны. Пахавалі яго, адылі, у месьце Давідавым, але не ў грабох каралеўскіх.
Трыццаць два [гады] было яму, калі пачаў валадарыць, і ён валадарыў у Ерусаліме восем гадоў, і адыйшоў, і [ніхто] не шкадаваў. Пахавалі яго ў горадзе Давіда, але не ў магілах валадарскіх.