2 летапісаў 36 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І ўзяў люд зямлі Егоагаза Ёсянка, і ўстанавілі яго за караля ў Ерузаліме, замест айца ягонага.
 
І ўзяў народ зямлі Ёахаза, сына Ёсіінага, і паставілі царом яго, замест бацькі ягонага, у Ерусаліме.

Дваццаць тры гады было Егоагазу, як загаспадарстваваў, і тры месяцы гаспадарстваваў у Ерузаліме.
 
Дваццаць тры гады было Ёахазу, калі зацараваў, і тры месяцы валадарыў у Ерусаліме.

І ськінуў яго ў Ерузаліме кароль Ягіпецкі, і налажыў на зямлю кары сто таланяў срэбра і талань золата.
 
І скінуў яго цар Егіпецкі, і наклаў на зямлю яго даніны сто талантаў срэбра і талант золата.

І ўстанавіў кароль Ягіпецкі над Юдэяю а Ерузалімам Елякіма, брата ягонага, і зьмяніў імя ягонае на Егоякім; а Егоагаза, брата ягонага, узяў Нехо й павёў яго да Ягіпту.
 
І паставіў цар Егіпецкі над Юдэяй і Ерусалімам Эліякіма, брата ягонага, і перамяніў імя ягонае на Ёакіма, а Ёахаза, брата ягонага, узяў Нэхаа і завёў яго ў Егіпет.

Дваццаць пяць год было Егоякіму, як загаспадарстваваў, і адзінанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме. І рабіў ён ліха ў ваччу СПАДАРА, Бога свайго.
 
Дваццаць пяць гадоў было Ёакіму, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. І рабіў ён незаўгоднае ў вачах Госпада Бога свайго.

І супроці яго ўзышоў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, і закаваў яго ў мядзяныя ланцугі, каб павесьці яго да Бабілёну.
 
Супроць яго выйшаў Навухаданосар, цар Вавілонскі, і закаваў яго ў кайданы, каб завесьці ў Вавілон.

І із судзьдзя дому СПАДАРОВАГА прывёз Невухаднецар да Бабілёну, і палажыў іх у палацу сваім у Бабілёне.
 
І частку посуду дома Гасподняга перанёс Навухаданосар у Вавілон і паклаў яго ў капішчы сваім у Вавілоне.

Засталыя справы Егоякімовы й агіды ягоныя, якія ён рабіў, і якія знойдзены ў яго, вось, яны апісаны ў кнізе каралёў Ізраельскіх а Юдэйскіх. І загаспадарстваваў Егояхін, сын ягоны, замест яго.
 
Іншыя дзеі Ёакіма і мярзоты ягоныя, якія ён рабіў і якія знойдзены ў ім, апісаны ў кнізе цароў Ізраільскіх і Юдэйскіх. І зацараваў Еханія, сын ягоны, замест яго.

Восем год было Егояхіну, як загаспадарстваваў, і тры месяцы й дзесяць дзён гаспадарстваваў у Ерузаліме. І рабіў ён ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ.
 
Васямнаццаць гадоў было Еханіі, калі зацараваў, і тры месяцы і дзесяць дзён валадарыў у Ерусаліме, і рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх.

Як мінуў год, паслаў кароль Невухаднецар, і прывялі яго да Бабілёну разам із дарагім судзьдзям дому СПАДАРОВАГА, і прызначыў за гаспадара над Юдаю а Ерузалімам Сэдэку, брата ягонага.
 
Праз год паслаў цар Навухаданосар і загадаў узяць яго ў Вавілон разам з каштоўным посудам дома Гасподняга, і паставіў царом над Юдэяю і Ерусалімам Сэдэкію, брата ягонага.

Дваццаць адзін год быў Сэдэку, як загаспадарстваваў, і адзінанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме.
 
Дваццаць адзін год было Сэдэкію, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме,

І рабіў ён ліха ў ваччу СПАДАРА, Бога свайго. Ён не скарыўся перад Ярэмаю, прарокам, што праракаў ад вуснаў СПАДАРОВЫХ;
 
і рабіў ён неспадобнае ў вачах Госпада Бога свайго. Ён не ўпакорыўся перад Ераміем прарокам, які прарочыў з вуснаў Гасподніх,

І таксама збунтаваўся супроці караля Невухаднецара, што ўзяў ізь яго прысягу Богам, і закаляніў завыек свой, і закаляніў сэрца свае да тога, што не навярнуўся да СПАДАРА, Бога Ізраелявага.
 
і адкалоўся ад цара Навухаданосара, які ўзяў зь яго клятву імем Бога, — і зрабіў упарцістаю шыю сваю і зжарсьцьвіў сэрца сваё да таго, што не зьвярнуўся да Госпада Бога Ізраілевага.

Таксама ўсі начэльнікі сьвятароў а люд вельма шмат ізраджалі, подле ўсіх агідаў паган, і плюгавілі дом СПАДАРОЎ, каторы Ён пасьвяціў у Ерузаліме.
 
Ды і ўсе начальнікі над сьвятарамі і над народам многа грашылі, пераймаючы ўсе мярзоты язычнікаў, і спаганілі дом Госпада, які Ён асьвяціў у Ерусаліме.

І пасылаў СПАДАР, Бог айцоў іхных, да іх пасланцоў сваіх, рана ўстаючы й пасылаючы; бо меў Ён жаласьць над людам Сваім і над сялібаю Сваёю.
 
І пасылаў да іх Гасподзь Бог бацькоў іхніх пасланцаў Сваіх з раньняга рана, бо Ён шкадаваў народ Свой і Сваё жытлішча.

Але яны сьміяліся з пасланцоў Божых, і ўлегцы мелі словы Ягоныя, і зьдзекаваліся з прарокаў Ягоных, пакуль не паўстаў гнеў СПАДАРОЎ на люд Ягоны, ажно ня было леку.
 
Але яны зьдзекаваліся з пасланых ад Бога і заняхайвалі словы Яго, і ганілі прарокаў Ягоных, пакуль ня сышоў гнеў Госпада на народ Ягоны, так што ня было яму ратунку.

І Ён узьвёў на іх караля Хальдэйскага, каторы зрабіў сьмерць маладзёнам іхным мячом у доме сьвятыні іхнай, і не пажалеў ані маладзёна, ані дзеўкі, ані старога, ані сівога, — усе аддаў у рукі ягоныя.
 
І Ён навёў на іх цара Халдэйскага, — і той пазабіваў юнакоў іхніх мечам у доме сьвятыні іхняй і не пашкадаваў ні юнака, ні дзяўчыны, ні старога, ні сівога: усё аддаў Бог у руку ягоную.

І ўсе судзьдзе дому Божага, вялікае й малое, і скарбы дому СПАДАРОВАГА, і скарбы караля а князёў ягоных, — усе завёз ён да Бабілёну.
 
І ўвесь посуд дома Божага, вялікі і малы, і скарбы дома Гасподняга, і скарбы цара і князёў ягоных, усё прынёс ён у Вавілон.

І спалілі дом Божы, і разбурылі сьцяну Ерузаліму, і ўсі палацы яго спалілі цяплом, і ўсі дарагія рэчы яго зьнішчылі.
 
І спалілі дом Божы, і разбурылі сьцяну Ерусаліма, і ўсе харомы яго спалілі агнём, і ўсе каштоўнасьці яго зьнішчылі.

І перасяліў ён засталых ад мяча да Бабілёну; і былі яны слугамі ягонымі а сыноў ягоных, аж да ўлады гаспадарства Пэрскага.
 
І перасяліў ён тых, што засталіся, ў Вавілон, і былі яны рабамі яго і сыноў ягоных, да цараваньня цара Персідскага,

Каб споўніліся словы СПАДАРОВЫ вуснамі Ярэмы, пакуль зямля не здаволілася із спустошаньня сыботаў сваіх. Усі дні яна супачывала да сканчэньня семдзясят год.
 
пакуль, дзеля спраўджаньня слова Гасподняга, сказанага вуснамі Ераміі, зямля не адсьвяткавала суботаў сваіх. Ва ўсе дні запусьценьня яна суботнічала, пакуль ня споўнілася семдзесят гадоў.

А першага году Кіра, караля Пэрскага, каб скончыўся рок словам СПАДАРОВЫМ вуснамі Ярэмы, узрушыў СПАДАР дух Кіра, караля Пэрскага, і ён агаласіў па ўсім каралеўстве сваім, і таксама пісома, кажучы:
 
А на першым годзе Кіра, цара Персідскага, дзеля спраўджаньня слова Гасподняга, сказанага вуснамі Ераміі, абудзіў Гасподзь дух Кіра, цара Персідскага, і ён загадаў абвясьціць па ўсім царстве сваім словамі і пісьмова, і сказаць:

«Гэтак кажа Кір, кароль Пэрскі: "Усі каралеўствы зямлі даў імне СПАДАР, Бог нябёсны; і Ён расказаў імне пастанавіць Яму дом у Ерузаліме, каторы ў Юдэі. Хто ё з вас, з усёга люду Ягонага, СПАДАР, Бог ягоны, зь ім, і хай ён узыйдзе"».
 
так кажа Кір, цар Персідскі: усе царствы зямлі даў мне Гасподзь Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць Яму дом у Ерусаліме, што ў Юдэі. Хто ёсьць з вас — з усяго народу Ягонага, Гасподзь Бог яго зь ім, і хай ён туды ідзе.