2 летапісаў 17 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І закараляваў Ясапат, сын ягоны, замест яго; і ўмацаваўся ён супроці Ізраеля.
І зацараваў Ёсафат, сын ягоны, замест яго; і ўмацаваўся ён супроць Ізраільцян.
І пастанавіў ён войска ў вусі ўмацаваныя месты Юдэі, і расстанавіў абароннае войска па зямлі Юдэйскай а па местах Яхрэмавых, каторыя ўзяў Аса, айцец ягоны.
І паставіў ён войска ва ўсе ўмацаваныя гарады Юдэі і расставіў ахоўнае войска па зямлі Юдэйскай і па гарадах Яфрэмавых, якімі авалодаў Аса, бацька ягоны.
І быў СПАДАР ізь Ясапатам, бо ён хадзіў першымі дарогамі Давіда, айца свайго, і ня шукаў Ваалоў;
І быў Гасподзь зь Ёсафатам, бо ён хадзіў першымі шляхамі Давіда, бацькі свайго, і ня шукаў Ваалаў,
Але Бога айца свайго шукаў, і хадзіў у расказаньнях Ягоных, а ня подле падзеяў Ізраеля.
а шукаў ён Бога бацькі і рабіў паводле запаведзяў Ягоных, а не па ўчынках Ізраільцянаў.
І ўмацаваў СПАДАР каралеўства ў руццэ ягонай, і давалі ўсі Юдэі дары Ясапату, і было ў яго шмат багацьця а славы.
І ўцьвердзіў Гасподзь царства ў руцэ ягонай, і давалі ўсе Юдэі дары Ёсафату, і было ў яго многа багацьця і славы.
І ўзьнялося сэрца ягонае на дарогах СПАДАРОВЫХ; і таксама аддаліў ён узвышшы а гаі ў Юдэі.
І ўзвысілася сэрца ягонае на шляхах Гасподніх; прытым і вышыні адмяніў ён і дубровы ў Юдэі.
Трэйцяга году дзяржавы свае, ён паслаў князёў сваіх: Бенгаіла а Оваду а Захару а Нефанэля а Міхаю, вучыць люд па местах Юдзіных,
І на трэцім годзе цараваньня свайго ён паслаў князёў сваіх Бэнхаіла і Авадыю, і Захара і Натанаіла і Міхея, каб вучылі па гарадах Юдавых народ,
І зь імі Левітаў: Шэмаю а Нефаню а Зэваду а Азагэля а Шэмірамофа а Егонафана а Адоню а Тову а Тоў-Адоню, і зь імі: Елішаму а Егорама, сьвятароў.
і зь імі лявітаў: Шэмаю і Нэтанію, і Зэвадыю і Азаіла, і Шэмірамота і Ёнатана, і Аданію і Товію і Тоў-Аданію, і зь імі Элэшаму і Ёрама, сьвятароў.
І яны вучылі ў Юдэі, маючы із сабою кнігу закону СПАДАРОВАГА; і абходзілі ўсі месты Юдэі, і вучылі сярод люду.
І яны вучылі ў Юдэі, маючы з сабою кнігу закона Гасподняга: і абыходзілі ўсе гарады Юдэі і вучылі народ.
І быў страх СПАДАРОЎ на ўсіх каралеўствах земляў, што навокал Юдэі, і не ваявалі зь Ясапатам.
І быў страх Гасподні на ўсіх царствах земляў, якія вакол Юдэі, і не ваявалі зь Ёсафатам.
І ад Пілішчан прыносілі Ясапату дары а дань-срэбра; таксама Арабаве прыганялі да яго драбны статак: бараноў сем тысячаў сямсот і казлоў сем тысячаў сямсот.
А ад Філістымлянаў прыносілі Ёсафату дарункі, і ў даніну срэбра; таксама Аравіцяне прыганялі яму дробнае быдла: бараноў сем тысяч сямсот і казлоў сем тысяч сямсот.
І ўзьвялічыўся Ясапат надзвычайна, і збудаваў ён у Юдэі замкі а месты запасаў.
І ўзвышаўся Ёсафат усё больш і больш і пабудаваў у Юдэі крэпасьці і гарады пад запасы.
Шмат было ў яго работы ў местах Юдэйскіх, а ў Ерузаліме людзёў ваенных, дужасілаў.
Многа было ў яго запасаў у гарадах Юдэйскіх, а ў Ерусаліме людзей ваенных, адважных.
І во лік іх па дамох айцоў іхных: у Юдэі князі тысячаў: Адна, князь, і ў яго трыста тысячаў мужоў дужых а дужасілаў;
І вось сьпіс іх па пакаленьнях іхніх: у Юды начальнікі тысяч: Адна начальнік і ў яго выдатных воінаў трыста тысяч;
За ім Его-Ганан, князь, і ў яго дзьвесьце асьмідзясят тысячаў;
за ім Ёханан начальнік, і ў яго дзьвесьце восемдзесят тысяч;
За ім Амася Зыхранок, што пасьвяціў сябе СПАДАРУ, і ў яго дзьвесьце тысячаў ваюноў дужасілаў.
за ім Амасія, сын Зімхры, які прысьвяціў сябе Госпаду, і ў яго дзьвесьце тысяч воінаў выдатных.
У Веняміна: Еляда дужасіл, і ў яго ўзброеных лукам а шчытам дзьвесьце тысячаў;
У Веньяміна: выдатны воін Эліяда, і ў яго ўзброеных лукам і шчытом дзьвесьце тысяч;
За ім Егозавад, і ў яго сто асьмідзясят тысячаў узброеных вояў.
за ім Егазавад, і ў яго сто восемдзесят тысяч узброеных воінаў.
Гэта, служачыя каралю, звыш тых, каторых кароль пастанавіў у вабаронных местах скрозь у Юдэі.
Вось тыя, што служылі цару, звыш тых, якіх расставіў цар ва ўмацаваных гарадах па ўсёй Юдэі.