2 летапісаў 24 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Сем год было Ёашу, як загаспадарстваваў, і сорак год гаспадарстваваў у Ерузаліме; імя маці яго Цыва, зь Веер-Шэвы.
Сем гадоў было Ёасу, калі зацараваў, і сорак гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці яго Цыўя зь Вірсавіі.
І рабіў Ёаш справядлівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ усі дні Егояды сьвятара.
і рабіў Ёас заўгоднае ў вачах Гасподніх ва ўсе дні Ёдая сьвятара.
І ўзяў яму Егояда дзьве жонкі, і ён меў сыноў а дачкі.
І ўзяў яму Ёдай дзьвюх жонак, і ён меў ад іх сыноў і дочак.
І просьле гэтага прышло ў сэрца Ёашу аднавіць дом СПАДАРОЎ;
І пасьля гэтага прыйшло на сэрца Ёасу абнавіць дом Гасподні,
І зьбер ён сьвятароў а Левітаў, і сказаў ім: «Выйдзіце да местаў Юдэі, і зьбірайце з усіх Ізраялян срэбра на паправу дому Бога вашага год у год, і пабарзьдзіце ў гэтай справе». Але Левіты не барзьдзілі.
і сабраў ён сьвятароў і лявітаў і сказаў ім: ідзеце па гарадах Юдэі і зьбірайце з усіх Ізраільцянаў срэбра на падтрыманьне дома Бога вашага год у год, і пасьпяшайцеся ў гэтай справе. Але не пасьпяшаліся лявіты.
І пагукаў кароль Егояду начэльніка, і сказаў яму: «Чаму ты не вымагаў ад Левітаў зносіць ізь Юдэі а зь Ерузаліму дані подле расказаньня Масея, слугі СПАДАРОВАГА, і грамады Ізраелявае да вітальні сьветчаньня?»
І паклікаў цар Ёдая, узначальца іхняга, і сказаў яму: чаму ты не патрабуеш ад лявітаў, каб яны дастаўлялі зь Юдэі і Ерусаліма даніну, устаноўленую Майсеем, рабом Гасподнім, і зьбіраньнем Ізраільцянаў для скініі сходу?
Бо сыны Афаліны, гэтае бязбожнае жонкі, зламілі дом СПАДАРОЎ і ўсі пасьвячоныя рэчы дому СПАДАРОВАГА далі Ваалам.
Бо бязбожная Гатолія і сыны яе спустошылі дом Божы і ўсё прысьвечанае для дома Божага заўжылі для Ваалаў.
І сказаў кароль, і зрабілі адну скарбонку, і пастанавілі яе вонках брамы дому СПАДАРОВАГА.
І загадаў цар і зрабілі адну скрынку, і паставілі яе каля ўваходу ў дом Гасподні звонку.
І зрабілі агалашэньне ў Юдэі а ў Ерузаліме, каб прыносілі СПАДАРУ складку подле загады Масея, слугі Божага, Ізраелю на пустыні.
І абвясьцілі па Юдэі і Ерусаліме, каб прыносілі Госпаду даніну, накладзеную Майсеем, рабом Божым, і на Ізраільцянаў у пустыні.
І радаваліся ўсі князі а ўвесь люд, і прыносілі, і кідалі да скарбонкі, пакуль напоўнілі.
І ўзрадаваліся ўсе начальнікі і ўвесь народ, і прыносілі і клалі ў скрынку, пакуль яна не напоўнілася.
І было, што таго часу прыносілі скарбонку рукамі Левітаў да каралеўскага ўраду, і як бачылі, што шмат грошы, то прыходзіў пісар каралеўскі й ураднік найвышшага сьвятара, і выпаражнялі скарбонку, і бралі яе, і адносілі яе ўзноў на яе места. Гэтак яны рабілі дзень пры дню, і зьберлі срэбра множасьць.
У той час, калі прыносілі скрынку царскім чыноўнікам празь лявітаў, і калі яны бачылі, што срэбра многа, прыходзіў пісар цара і даверанік першасьвятара, і высыпалі са скрынкі, і адносілі яго і ставілі яе на сваё месца. Так рабілі яны дзень у дзень, і сабралі многа срэбра.
І кароль, і Егояда аддавалі яго тым, што рабілі работу службы дому СПАДАРОВАГА, і наймалі камачосаў а цесьляў аднаўляць дом СПАДАРОЎ, а таксама майстроў зялеза а медзі мацаваць дом СПАДАРОЎ.
і аддавалі яго цар і Ёдай тым, што вялі працу ў доме Гасподнім, і тыя наймалі каменячосаў і цесьляў для паднаўленьня дома Гасподнага, таксама кавалёў і меднікаў для ўмацаваньня дома Гасподнага.
І рабілі работнікі, і спорная была работа ў руках іхных, і аднавілі дом СПАДАРОЎ на яго месцу, і ўмацавалі яго.
І працавалі майстры работ, і зьдзейсьнілася папраўленьне рукамі іхнімі, і прывялі дом Божы да патрэбнага ладу, і ўмацавалі яго.
І як скончылі, яны прынесьлі астачу грошы да караля а Егояды. І зрабілі судзьдзе да дому СПАДАРОВАГА, судзьдзе да службы а да абраканьня, і ложкі, і судзьдзе залатое а срэбнае. І абракалі ўсепаленьні ў доме СПАДАРОВЫМ кажначасна ўсі дні Егояды.
І закончыўшы, яны прадставілі цару і Ёдаю рэшту срэбра. І зрабілі зь яго посуд для дома Гасподняга, посуд службовы і чары на цэласпаленьне і іншы посуд залаты і срэбраны. І прыносілі цэласпаленьні ў доме Гасподнім пастаянна ва ўсе дні Ёдая.
Але Егояда застараўся, і быў поўны дзён, і памер; сто трыццаць год было яму, як ён памер.
І састарыўся Ёдай і насыціўшыся днямі жыцьця, памёр: сто трыццаць гадоў было яму, калі ён памёр.
І пахавалі яго ў месьце Давідавым із каралямі, бо ён рабіў добрае ў Ізраелю Богу а дому Ягонаму.
І пахавалі яго ў горадзе Давідавым з царамі, бо ён рабіў добрае ў Ізраілі і дзеля Бога і дзеля дома Яго.
А, па сьмерці Егояды, прышлі князі Юдэйскія, і пакланіліся каралю; тады кароль пачаў слухаць іх.
Але пасьля сьмерці Ёдая прыйшлі князі Юдэйскія і пакланіліся цару, тады цар пачаў слухацца іх,
І пакінулі дом СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, і служылі гаём а балваном, — і прышоў гнеў на Юду а Ерузалім за гэты выступ іхны.
І пакінулі дні Госпада Бога бацькоў сваіх і пачалі служыць дрэвам прысьвечаным і ідалам, — і быў гнеў Гасподні на Юду і Ерусалім за гэтую віну іхнюю.
І Ён пасылаў прарокаў да іх навярнуць іх да СПАДАРА, і яны сьветчылі супроці іх, але яны не зважалі.
І Ён пасылаў да іх прарокаў дзеля навароту іх да Госпада, і яны ўмаўлялі іх, але тыя ня слухаліся.
І дух Божы ахінуў Захару, сына Егояды сьвятара, і стаў ён над людам, і сказаў ім: «Чаму вы выступаеце з расказаньня СПАДАРОВАГА? ня будзе вам дасьпеху, бо вы пакінулі СПАДАРА, то Ён пакінуў вас».
І Дух Божы ахінуў Захара, сына Ёдая сьвятара, і ён стаў на ўзвышэньні перад народам і сказаў ім: так кажа Гасподзь: навошта вы пераступаеце загады Гасподнія? Ня будзе посьпеху вам, і як вы пакінулі Госпада, так і Ён пакіне вас.
І яны змовіліся супроці яго, і ўкаменавалі яго, на расказаньне каралёва, на панадворку дому СПАДАРОВАГА.
І змовіліся супроць яго, і пабілі яго камянямі, па загадзе цара Ёаса, на двары дома Гасподняга.
Гэткім парадкам кароль Ёаш ня памятаваў ласкі, каторую Егояда, айцец ягоны, зрабіў яму, але забіў сына ягонага. І, паміраючы, ён сказаў: «СПАДАР бача гэта і спагоне».
І ня ўспомніў цар Ёас дабрадзейства, якое зрабіў яму Ёдай, бацька ягоны, і забіў сына яго. І ён паміраючы казаў: хай бачыць Гасподзь і хай спагоніць.
І сталася ў канцу году: войска Арамскае ўзышло супроці яго, і прышлі да Юдэі а Ерузаліму, і выгубілі ўсіх князёў люду з памеж люду, і ўвесь здабытак свой паслалі каралю Дамаскаму.
І праз год выступіла супроць яго войска Сірыйскае і ўвайшлі ў Юдэю і ў Ерусалім, і зьнішчылі з народу ўсіх князёў народа, і ўсю здабычу ў іх адаслалі цару ў Дамаск.
Праўда, войска Арамскае прышло ў малой колькасьці, але СПАДАР даў вельма вялікае войска ў рукі іх, бо яны пакінулі СПАДАРА, Бога айцоў сваіх. Гэтак яны зрабілі суды над Ёашом.
Хоць і ў невялікай колькасьці людзей прыходзіла войска Сірыйскае, але Гасподзь перадаў у руку іх вельмі шматлікую сілу за тое, што пакінулі Госпада Бога свайго. І над Ёасам учынілі яны суд,
І як яны адышлі ад яго, пакінуўшы яго ў шмат хваробах, собскія слугі ягоныя змовіліся супроці яго за кроў сына Егояды сьвятара, і забілі яго на ягоным ложку, і ён памер. І пахавалі яго ў месьце Давідавым, але не пахавалі яго ў грабох каралеўскіх.
і калі яны пайшлі ад яго, пакінуўшы яго ў цяжкай хваробе, дык склалі супроць яго змову рабы ягоныя, за кроў сына Ёдая сьвятара, і забілі яго на пасьцелі, і ён памёр. І пахавалі яго ў доме Давідавым, але не пахавалі яго ў царскіх магільніцах.
А гэта змоўнікі супроці яго: Завад, сын Шымеафы Амонянкі, і Егозавад, сын Шымрыфы Моаўлянкі.
А змоўшчыкі супроць яго былі: Завад, сын Шымэаты Аманіцянкі, і Егазавад, сын Шымрыты Маавіцянкі.
Праз сыноў жа ягоных, і празь велічыню дані на яго, і ўзглядам поду дому Божага, вось, запісана ў зьясьненьню кнігі каралеўскае. І Амася, сын ягоны, загаспадарстваваў замест яго.
Пра сыноў яго і пра мноства прароцтваў супроць яго і пра ўладкаваньне дома Божага напісана ў кнізе цароў. І зацараваў Амасія, сын ягоны замест яго.