2 летапісаў 28 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Дваццаць год было Агазу, як загаспадарстваваў, і шаснанцадь год гаспадарстваваў у Ерузаліме; але не рабіў ён пасьцівага ў ваччу СПАДАРОВЫМ, як Давід, айцец ягоны:
Дваццаць гадоў было Ахазу, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме; і ён не рабіў спадобнага ў вачах Гасподніх, як рабіў Давід, бацька ягоны:
Ён ішоў дарогамі каралёў Ізраельскіх, і на’т рабіў літыя асобкі Ваалаў;
ён ішоў шляхамі цароў Ізраільскіх, і нават зрабіў літыя статуі Ваалаў;
І ён кадзіў у даліне сыноў Гінномавых, і праводзіў сыноў сваіх перазь цяпло, подле агідаў паган, каторых выгнаў СПАДАР перад відам сыноў Ізраелявых;
і ён учыняў дымленьні ў даліне сыноў Энома, і праводзіў сыноў сваіх праз агонь, пераймаючы мярзоты народаў, якіх выгнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых;
І абракаў і кадзіў на ўзвышшах а на ўзгорках і пад кажным зялёным дзервам.
і прыносіў ахвяры і дымленьні на вышынях і на пагорках і пад кожным галінастым дрэвам.
І аддаў яго СПАДАР, Бог ягоны, у рукі караля Арамскага, і яны паразілі яго, і ўзялі ў яго множасьць палоненікаў, і павялі да Дамашку. Таксама і ў руку караля Ізраельскага быў адданы ён, і тый паразіў яго вялікаю паразаю.
І аддаў яго Гасподзь Бог ягоны ў руку цара Сірыйцаў, і яны пабілі яго і ўзялі ў яго шмат палонных і завялі ў Дамаск. Таксама і ў руку цара Ізраільскага быў аддадзены ён, і той учыніў яму вялікае паражэньне.
І забіў Пекаг Рэмалёнак у Юдэі сто дваццацёх тысячаў за адзін дзень, — усі яны людзі ваёўныя, бо яны пакінулі СПАДАРА, Бога бацькоў сваіх.
І пабіў Факей, сын Рэмаліін, Юдэяў сто дваццаць тысяч за адзін дзень, людзей ваяўнічых, бо яны пакінулі Госпада Бога бацькоў сваіх.
І забіў Зыхра, дужасіл ізь Ехрамлян, Маасэю, сына каралёвага, і Азрыкама, дамавера, і Елкану, другога па каралю.
А Зіхрый, асілак зь Яфрэмлянаў, забіў Маасэю, сына цара, і Азрыкама, начальніка над палацам, і Элкану, другога пасьля цара.
І ўзялі сынове Ізраелявы ў палон у братоў сваіх дзьвесьце тысячаў жонак, сыноў а дачок; таксама й множасьць здабытку наглабалі ў іх, і павезьлі здабытак да Самары.
І ўзялі сыны Ізраілевыя ў палон у братоў сваіх, Юдэяў, дзьвесьце тысяч жонак, сыноў і дочак; таксама і мноства здабычы набралі ў іх, і адправілі здабычу ў Самарыю.
Там быў прарока СПАДАРОЎ; імя ягонае Одэд. Ён вышаў наперад войску, што прышло да Самары, і сказаў ім: «Вось, СПАДАР, Бог бацькоў вашых, у гневе на Юдэяў, аддаў іх у руку вашу, і вы зьбілі іх із такую злосьцю, каторая дайшла да нябёс.
Там быў прарок Гасподні, імя яго Адэд. Ён выйшаў перад аблічча войска, якое ішло ў Самарыю, і сказаў ім: вось Гасподзь Бог бацькоў вашых, у гневе на Юдэяў, перадаў іх у руку вашу, і вы пабілі іх з такой лютасьцю, якая дайшла да нябёсаў.
І цяпер вы думаеце паняволіць сыноў Юды а Ерузаліму за слугаў а нявольніцы сабе. А ціж на самых вас няма віны перад СПАДАРОМ, Богам вашым?
І цяпер вы думаеце зрабіць рабамі сыноў Юды і Ерусаліма. А хіба на саміх вас няма віны прад Госпадам Богам вашым?
Дык паслухайце мяне, і зьвярніце палоненікаў, каторых вы ўзялі ў палон із братоў сваіх; бо поламя гневу СПАДАРОВАГА на вас».
Дык вось, паслухайце мяне, і вярнеце палонных, якіх вы захапілі з братоў вашых, бо полымя гневу Гасподняга на вас.
І ўсталі некаторыя з галоў сыноў Яхрэмавых: Азара Ёгананенак, Берэха Мешылемофенак а Гэзэка Шалумёнак а Амаса Гадлаёнак насупроці йдучых із вайны,
І ўсталі некаторыя з начальнікаў сыноў Яфрэмавых: Азарыя, сын Егаханана, Бэрэхія, сын Мэшылэмота, і Эзэкія, сын Шалума, і Амаса, сын Хадла, супроць тых, што ішлі з вайны,
І сказалі ім: «Ня ўводзьце сюды палоненікаў, бо грэх быў бы нам перад СПАДАРОМ. Нягож вы думаеце дадаць да грахоў нашых і да вінаў нашых? вялікая віна наша, і поламя гневу над Ізраелям».
і сказалі ім: ня ўводзьце сюды палонных, бо грэх быў бы нам прад Госпадам. Няўжо вы думаеце дадаць да грахоў нашых і да злачынстваў нашых? вялікая віна наша, і полымя гневу Гасподняга над Ізраілем.
І ўзброеныя пакінулі палоненікаў а здабытак перад князьмі а ўсім зборам.
І пакінулі ўзброеныя палонных і здабычу ў ваеначальнікаў і ўсяго сходу.
І ўсталі мужы выменаваныя, і ўзялі палоненікаў, і ўсіх голых ізь іх адзелі із здабытку, і адзелі іх, і абулі, і далі ім есьці, і далі ім піць, і памазалі іх, і пасадзілі на аслы ўсіх кволых ізь іх, і паслалі іх да Ерыхону, места пальмаў, да братоў іхных, і зьвярнуліся да Самары.
І ўсталі мужы, памянёныя па імёнах, і ўзялі палонных, і ўсіх голых іх апранулі са здабычы, — і апранулі іх, і абулі іх, і накармілі іх, і напаілі іх, і памазалі іх алеем, і пасадзілі на аслоў усіх слабых зь іх, і адправілі іх у Ерыхон, горад пальмаў, да братоў іхніх, і вярнуліся ў Самарыю.
Таго часу паслаў кароль Агаз да каралёў Асырскіх, каб яны памаглі яму.
У той час паслаў цар Ахаз да цароў Асірыйскіх, каб яны памаглі яму,
Бо Едомляне й яшчэ прыходзілі, і разьбілі ў Юдэі, і ўзялі ў палон.
бо Ідумэяне і яшчэ прыходзілі, і многіх пабілі ў Юдэі і ўзялі ў палон:
І Пілішчане напалі на месты нізіннае зямлі а паўдня Юдэі, і ўзялі Вефшэміш а Аіялон а Ґедэроф а Сохо а местачкі яго а Фімну а местачкі яе а Ґімзо а местачкі яго, і асяліліся там.
і Філістымляне рассыпаліся па гарадах нізіннага краю і поўдня Юдэі і ўзялі Бэтсаміс і Аялон, і Гедэрот і Сахо і залежныя ад яго гарады, і Тымну і залежныя ад яе гарады, і Гімзо і залежныя ад яго гарады, і пасяліліся там.
Бо паніжыў СПАДАР Юдэю за Агаза, караля Юдэйскага, бо ён разбурыў у Юдэі і цяжка ізрадзіў СПАДАРА.
Так прынізіў Гасподзь Юдэю за Ахаза, цара Юдэйскага, таму што ён разбэсьціў Юдэю і цяжка грашыў прад Госпадам.
І прышоў да яго Тылґаф-Пілнесэр, кароль Асырскі, але быў вялічны яму, і не мацаваў яго;
І прыйшоў да яго Тэглафэласар, цар Асірыйскі, але быў цяжарам яму, замест таго, каб памагчы яму,
Бо Агаз узяў дзель із дому СПАДАРОВАГА а дому каралеўскага, і ў князёў, і аддаў каралю Асырскаму, але не на помач сабе.
бо Ахаз узяў скарбы з дома Гасподняга і дома царскага і ў князёў і аддаў цару Асірыйскаму, але не ў дапамогу сабе.
І ў часе свае гароты ён далей ізраджаў СПАДАРА, ён — кароль Агаз.
І ў цяжкі для сябе час ён і далей учыняў беззаконна прад Госпадам, ён — цар Ахаз.
І абракаў багом Дамаскім, каторыя паразілі яго, і казаў: «Багове каралёў Арамскіх памагалі ім, я буду абракаць ім, каб яны памаглі імне». Але яны былі на ўпад яму а ўсяму Ізраелю.
І прыносіў ён ахвяры багам Дамаскім, думаючы, што яны пабівалі яго, і казаў: багі цароў Сірыйскіх дапамагаюць ім; прынясу я ахвяру ім, і яны дапамогуць мне. Але яны былі на заняпад яму і ўсяму Ізраілю.
І зьбер Агаз судзьдзе дому Божага, і парэзаў судзьдзе дому СПАДАРОВАГА, і зрабіў сабе аброчнікі па ўсіх кутох Ерузаліму;
І сабраў Ахаз посуд дома Божага, і пабіў посуд дома Божага, і замкнуў дзьверы дома Гасподняга, і зладзіў сабе ахвярнікі па ўсіх кутах у Ерусаліме,
І ў кажным месьце Юдзіным зрабіў узвышшы кадзіць багом іншым, і квяліў СПАДАРА, Бога айцоў сваіх.
і па ўсіх гарадах Юдавых зладзіў вышыні для дымленьня багам іншым, і раздражняў Госпада Бога бацькоў сваіх.
Засталыя справы ягоныя і ўсі ўчынкі ягоныя, першыя й апошнія, вось, яны апісаныя ў кнізе каралёў Юдэйскіх а Ізраельскіх.
Астатнія дзеі яго і ўсе ўчынкі яго, першыя і апошнія, апісаны ў кнізе цароў Юдэйскіх і Ізраільскіх.
І супачыў Агаз із айцамі сваімі, і пахавалі яго ў месьце, у Ерузаліме; але ня ўнесьлі яго да грабоў каралёў Ізраелявых. І загаспадарстваваў Гэзэка, сын ягоны, замест яго.
І спачыў Ахаз з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе, у Ерусаліме, але ня ўнесьлі яго ў магільніцы цароў Ізраілевых. І зацараваў Эзэкія, сын ягоны, замест яго.