2 летапісаў 32 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Просьле здарэньняў а праўды гэтае, прышоў Сэннахірыў, кароль Асырскі, і ўвыйшоў да Юдэі, і аблёг умацаваныя месты, і думаў адарваць іх сабе.
Пасьля такіх дзеяў і вернасьці прыйшоў Сэнахірым, цар Асірыйскі, і ўступіў у Юдэю і аблажыў умацаваныя гарады, і думаў адарваць іх сабе.
І Гэзэка, абачыўшы, што прышоў Сэннахірыў, манючыся ваяваць супроці Ерузаліму,
Калі Эзэкія ўбачыў, што прыйшоў Сэнахірым з намерам ваяваць супроць Ерусаліма,
Зрадзіўся з князьмі сваімі а з дужасіламі сваімі запыніць ваду жаролаў, што вонках места; і яны памаглі яму.
тады рашыў з князямі сваімі і з ваеннымі людзьмі сваімі засыпаць крыніцы вады, якія па-за горадам, і тыя дапамаглі яму.
Дык зьберлася шмат люду, каторыя запынілі ўсі жаролы а цурэй, што цячэць пасярод зямлі, кажучы: «Чаму, прышоўшы, каралі Асырскія маюць знайсьці шмат вады?»
І сабралася мноства народу, і засыпалі ўсе крыніцы і паток, які працякаў па краіне, кажучы: хай ня знойдуць цары Асірыйскія, прыйшоўшы сюды, многа вады.
І пасіліўся ён, і адбудаваў усю збураную сьцяну, і падняў яе да вежаў, і другую сьцяну вонках, і паправіў Міло места Давідавага, і зрабіў множасьць зброі а шчытоў.
І падбадзёрыўся ён, і аднавіў усю абваленую сьцяну, і падняў яе да вежы, і звонку паставіў другую сьцяну, і ўмацаваў Міло ў горадзе Давідавым, і нарыхтаваў мноства зброі і шчытоў.
І прызначыў вайводцаў над людам, і зьбер іх да сябе на вуліцу ля брамы месцкае, і гукаў да сэрца ім, кажучы:
І паставіў ваеначальнікаў над народам, і сабраў іх да сябе на пляц каля гарадское брамы, і гаварыў да сэрца іхняга, і сказаў:
«Мацуйцеся й будзьце адважныя, ня бойцеся ані лякайцеся караля Асырскага і ўсяе множасьці, што зь ім, бо большы з намі, чымся зь ім:
будзьце цвёрдыя і мужныя, ня бойцеся і не палохайцеся цара Асірыйскага і ўсяго мноства, якое зь ім, бо з намі больш, чым зь ім;
Зь ім плячо цялеснае, але з намі СПАДАР, Бог наш, памагаць нам і ваяваць войны нашы». І здаўся люд на словы Гэзэкі, караля Юдэйскага.
зь ім сіла плоцкая, а з намі Гасподзь Бог наш, каб дапамагаць нам і змагацца на вежах нашых. І падмацаваўся народ словамі Эзэкіі, цара Юдэйскага.
Просьле гэтага Сэннахірыў, кароль Асырскі, паслаў слугаў сваіх да Ерузаліму, — а ён аблягаў Лахіш, і ўся ўлада ягоная зь ім, — да Гэзэкі, караля Юдэйскага, і да ўсяе Юдэі, каторыя ў Ерузаліме, кажучы:
Пасьля гэтага паслаў Сэнахірым, цар Асірыйскі, рабоў сваіх у Ерусалім, — сам ён стаяў супроць Лахіса, і ўся сіла ягоная зь ім, — да Эзэкіі, цара Юдэйскага, і да ўсіх Юдэяў, якія ў Ерусаліме, сказаць:
«Гэтак кажа Сэннахірыў, кароль Асырскі: "На што вы спадзяіцеся й сядзіце ў горадзе ў Ерузаліме?
так кажа Сэнахірым, цар Асірыйскі: на што вы спадзеяцеся і сядзіце ў крэпасьці Ерусаліме?
Ці не ўмаўляе вам Гэзэка, каб аддаць вас на сьмерць з галадові а смагі, кажучы: ’СПАДАР, Бог наш, выбаве нас ад рукі караля Асырскага’?
І ці ня зводзіць вас з тропу Эзэкія, каб аддаць вас сьмерці з голаду і смагі, кажучы: Гасподзь Бог наш уратуе нас ад рукі цара Асірыйскага?
Ці ня гэты Гэзэка аддаліў узвышшы Ягоныя а аброчнікі Ягоныя і сказаў Юдзе а Ерузаліму, кажучы: ’Перад аброчнікам адзіным кланяйцеся і на ім кадзіце’?
Ці ня гэты Эзэкія разбурыў вышыні ягоныя і ахвярнікі ягоныя і сказаў Юдэі і Ерусаліму: перад ахвярнікам адзіным пакланяйцеся і на ім учыняйце дымленьні?
Ціж вы ня ведаеце, што зрабіў я а айцове мае ўсім людам земляў? Ці запраўды маглі багове народаў гэных земляў выбавіць іх ад рук маіх?
Хіба вы ня ведаеце, што зрабіў я і бацькі мае з усімі народамі земляў? Ці маглі багі народаў зямных выратаваць зямлю сваю ад рукі маёй?
Хто з усіх багоў народаў, каторых аканавалі айцове мае, такі, што мог выбавіць люд свой ад рукі мае? Ціж зможа ваш Бог выбавіць вас ад рукі мае?
Хто з усіх багоў народаў, зьнішчаных бацькамі маімі, мог выратаваць народ свой ад рукі маёй? Як жа можа ваш Бог уратаваць вас ад рукі маёй?
І цяпер, хай ня зводзе вас Гэзэка і не ўмаўляе вам гэтак; і ня верце яму, бо ня мог ні водзін бог ні воднага народу й каралеўства выбавіць люд свой ад рукі мае й ад рукі айцоў маіх; дык і ваш Бог ня выбаве вас ад рукі мае"».
І цяпер хай ня зводзіць вас Эзэкія і ня ўхіляе вас такім чынам: ня верце яму: калі ня меў сілы ніводзін бог ніводнага народу і царства выратаваць народ свой ад рукі маёй і ад рукі бацькоў маіх, дык і ваш Бог ня выратуе вас ад рукі маёй.
І гаманілі слугі ягоныя супроці СПАДАРА Бога а супроці Гэзэкі, слугі Ягонага.
І яшчэ шмат чаго гаварылі рабы ягоныя супроць Госпада Бога і супроць Эзэкіі, раба Ягонага.
І лісты пісаў ён, каб зьневажаць СПАДАРА, Бога Ізраелявага, і гукаў на Яго гэткія словы: «Як багове народаў земных ня выбавілі людаў сваіх ад рукі мае, так Бог Гэзэкі ня выбаве люду Свайго ад рукі мае».
І лісты пісаў ён, у якіх ганіў Госпада Бога Ізраілевага і гаварыў супроць Яго такія словы: як багі народаў зямных ня выратавалі народаў сваіх ад рукі маёй, так Бог Эзэкіі ня выратуе народу Свайго ад рукі маёй.
І крычэлі вялікім голасам паюдэйску да люду Ерузалімскага, што на сьцяне, каб настрашыць яго, і напалохаць яго, і ўзяць места.
І крычалі гучным голасам на Юдэйскай мове да народу Ерусалімскага, які быў на сьцяне, каб запалохаць яго і настрашыць яго і ўзяць горад.
І гаманілі праз Бога Ерузаліму, як праз багі людаў зямлі, — работу рук людзкіх.
І гаварылі пра Бога Ерусаліма, як пра багоў народаў зямлі, — выраб рук чалавечых.
І памаліўся праз гэта кароль Гэзэка а Ісая Амасёнак, прарока, і загаласілі да неба.
І памаліўся цар Эзэкія і Ісая, сын Амосаў, прарок, і залямантавалі да неба.
І паслаў СПАДАР Ангіла, каторы сьцяў усіх харобрых дужасілаў а правадыроў а князёў у табару караля Асырскага. Дык зьвярнуўся ён із сорамам відзеньня да свае собскае зямлі; і як ён прышоў да дому бога свайго, тыя, што вышлі з нутра ягонага, сьцялі там яго мячом.
І паслаў Гасподзь анёла, і ён вынішчыў усіх адважных і галоўнага начальніка і начальнікаў у войску цара Асірыйскага. І вярнуўся ён з сорамам у зямлю сваю; і калі прыйшоў у дом бога свайго, выхадні сьцёгнаў яго забілі яго там мечам.
Гэтак выбавіў СПАДАР Гэзэку а жыхараў Ерузаліму ад рукі Сэннахірыва, караля Асырскага, і ад рукі ўсіх; і вёў іх усюдых.
Так уратаваў Гасподзь Эзэкію і жыхароў Ерусаліма ад рукі Сэнахірыма, цара Асірыйскага, і ад рукі ўсіх і аберагаў іх адусюль.
Тады шмат хто прыносіў дары СПАДАРУ да Ерузаліму і дарагія рэчы Гэзэку, каралю Юдэйскаму. І ён адгэнуль узьвялічыўся ў вачох усіх народаў.
Тады многія прыносілі дарункі Госпаду ў Ерусалім і дарагія рэчы Эзэкію, цару Юдэйскаму. І ён узьвялічыўся пасьля гэтага ў вачах усіх народаў.
Гэных дзён захварэў Гэзэка сьмяротна. І памаліўся СПАДАРУ; і Ён казаў яму, і даў яму знак.
У тыя дні захварэў Эзэкія сьмяротна. І памаліўся Госпаду, і Ён пачуў яго і даў яму азнаку.
Але ня подле ласкі СПАДАРОВАЕ яму Гэзэка падзякаваў, бо сэрца ягонае загардзела. І быў гнеў на яго а на Юдэю а на Ерузалім.
Але не аддаў Эзэкія за ўчыненыя яму дабрадзействы, бо заганарылася сэрца ягонае. І быў на яго гнеў Божы і на Юдэю і на Ерусалім.
Але як укарыўся Гэзэка ў гордасьці сэрца свайго, ён а жыхары Ерузаліму, то ня прышоў гэны гнеў СПАДАРОЎ на іх за дзён Гэзэчыных.
Але калі ўпакорыўся Эзэкія ў ганарыстасьці сэрца свайго, — сам і жыхары Ерусаліма, дык ня прыйшоў на іх гнеў Гасподні ў дні Эзэкіі.
І было ў Гэзэкі багацьця а славы вельмі шмат; і зрабіў сабе скарбніцу на срэбра а на золата а на дарагое каменьне а на пахі а шчыты а на ўсялякага роду каштоўнае судзьдзе,
І было ў Эзэкіі багацьця і славы вельмі многа, і сховішча ён зрабіў у сябе пад срэбра і золата і камяні каштоўныя, і пад пахошчы і шчыты і пад усякі каштоўны посуд;
І сьвірны на ўрод збожда а новага віна а алівы, і хлявы ўсякаму статку, і панадворкі стадам.
і кладоўкі пад усе ўтворы зямлі, хлеб, віно і алей, і стойлы ўсякаму быдлу, і двары для статкаў.
І месты пабудаваў сабе. І стадаў драбнога й буйнога статку было ў яго множасьць, бо даў яму Бог вельмі вялікую маемасьць.
І гарады пабудаваў сабе. І статкаў дробнага і буйнога быдла было ў яго мноства, бо даў яму Бог даволі вялікую маёмасьць.
Гэты ж Гэзэка запыніў вышняе ўзьнікле водаў Ґігону й правёў іх далоў да заходняга боку места Давідавага. І шчасьціла Гэзэку ў вусіх работах ягоных.
А ён, Эзэкія, замкнуў верхні праток водаў Геона і правёў іх уніз да заходняга боку горада Давідавага. І дзеяў пасьпяхова Эзэкія ў кожнай справе сваёй.
Але што да паслоў князёў Бабілёнскіх, каторых паслалі да яго распытацца праз чуда, што было ў зямлі, СПАДАР пакінуў яго, выпрабаваць яго, каб Ён мог даведацца ўсе, што на сэрцу ягоным.
Толькі пры паслах цароў Вавілонскіх, якія прысылалі да яго спытацца пра азнаку, якая была на зямлі, пакінуў яго Бог, каб выпрабаваць яго і адкрыць усё, што ў яго на сэрцы.
І засталыя справы Гэзэчыны, і дабрадзейства ягонае, вось, яны запісаны ў відзені Ісаі Амасёнка прарокі — у кнізе каралеў Юдэйскіх а Ізраельскіх.
Астатнія дзеі Эзэкіі і дабрачынствы ягоныя апісаны ў відзежах Ісаі, сына Амосавага, прарока, і ў кнізе цароў Юдэйскіх і Ізраільскіх.
І супачыў Гэзэка з айцамі сваімі, і пахавалі яго на вышынях грабоў сыноў Давідавых, і ўсьцілі яго ўсі Юдэі а жыхары Ерузаліму пры яго сьмерці. І Манас, сын ягоны, загаспадарстваваў замест яго.
І спачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго над магільніцамі сыноў Давідавых, і ўшанаваньні яму зрабілі пасьля сьмерці ягонай ўсе Юдэі і жыхары Ерусаліма. І зацараваў Манасія, сын ягоны, замест яго.