2 летапісаў 30 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І паслаў Гэзэка па ўсім Ізраелю а Юдэі, а таксама лісты пісаў да Яхрэма а Манаса, каб прышлі да дому СПАДАРОВАГА, да Ерузаліму спраўляць Пасху СПАДАРУ, Богу Ізраеляваму;
І паслаў Эзэкія па ўсёй зямлі Ізраільскай і Юдэі, і лісты пісаў Яфрэму і Манасіі, каб прыйшлі ў дом Гасподні, у Ерусалім, дзеля ўчыненьня пасхі Госпаду Богу Ізраілеваму.
Бо ўрадзілі кароль а князі ягоныя а ўвесь збор у Ерузаліме, спраўляць Пасху другога месяца;
І пастанавіў на радзе цар і князі ягоныя і ўвесь сход у Ерусаліме — учыніць пасху ў другім месяцы,
Бо не маглі справіць яе ўпару, бо недаволі сьвятароў пасьвяцілася, і люд ня зьберся да Ерузаліму.
бо не маглі ўчыніць яе сваім часам, бо сьвятары яшчэ не асьвяціліся ў дастатковай колькасьці і народ не сабраўся ў Ерусалім.
І ўпадабаў гэта кароль а ўся грамада.
І спадабалася гэта цару і ўсяму сходу.
І пастанавілі агаласіць па ўсім Ізраелю, ад Веер-Шэвы аж да Дану, каб ішлі да Ерузаліму спраўляць Пасху СПАДАРУ, Богу Ізраеляваму, бо даўно не спраўлялі, як напісана.
І пастанавілі абвясьціць па ўсім Ізраілі, ад Вірсавіі да Дана, каб ішлі ў Ерусалім для ўчыненьня пасхі Госпаду Богу Ізраілеваму, бо даўно ня ўчынялі яе, як прадпісана.
І пайшлі ганцы зь лістамі ад караля а ад князёў ягоных па ўсім Ізраелю а Юдэі, і подле расказаньня каралёвага казалі: «Дзеці Ізраеля! навярніцеся да СПАДАРА, Бога Абрагамовага, Ісаковага а Ізраелявага, і Ён навернецца да ўцекачоў, што засталіся ад рукі каралёў Асырскіх.
І пайшлі ганцы зь лістамі ад цара і ад князёў па ўсёй зямлі Ізраільскай і Юдэі, і па загадзе цара казалі: дзеці Ізраіля, навярнецеся да Госпада Бога Абрагама, Ісака і Ізраіля, і Ён павернецца да рэшты, ацалелай у вас ад рукі цароў Асірыйскіх.
І ня будзьце, як айцове вашыя і як браты вашыя, каторыя ізрадзілі СПАДАРА, Бога айцоў сваіх; затым аддаў іх на спустошаньне, як вы бачыце.
І ня будзьце такія, як бацькі вашыя і браты вашыя, якія беззаконна дзеялі прад Госпадам Богам бацькоў сваіх; і Ён аддаў іх на спусташэньне, як вы бачыце.
Цяпер не каляньце завыйкі свае, як айцове вашыя, дайце руку СПАДАРУ, і прыходзьце да сьвятыні Ягонае, каторую Ён пасьвяціў на векі; і служыце СПАДАРУ, Богу свайму, і Ён адверне ад вас пал гневу Свайго;
Цяпер ня будзьце цвёрдахрыбетныя, як бацькі вашыя, скарэцеся Госпаду і прыходзьце ў сьвятыню Ягоную, якую Ён асьвяціў навек; і служэце Госпаду Богу вашаму, і Ён адверне ад вас полымя гневу Свайго.
Бо калі вы навернецеся да СПАДАРА, тады браты вашыя а дзеці вашыя будуць у ласцы ў тых, што іх забралі ў палон, і зьвернуцца да зямлі гэтае; бо ласкучынюшчы а спагадлівы СПАДАР, Бог ваш, і не адверне відзеньня ад вас, калі вы навернецеся да яго».
Калі вы навернецеся да Госпада, тады браты вашыя і дзеці вашыя будуць у літасьці ў тых, што паланілі іх, і вернуцца на зямлю гэтую, бо добры і міласэрны Гасподзь Бог ваш і не адверне аблічча ад вас, калі вы зьвернецеся да Яго.
І праходзілі ганцы зь места да места па зямлі Яхрэмавай а Манасавай і аж да Завулонавае; але зь іх сьміяліся а зьдзекаваліся.
І хадзілі ганцы з горада ў горад па зямлі Яфрэмавай і Манасіінай і да Завулонавай, але зь іх сьмяяліся і зьдзекаваліся.
Некатрыя, адылі, з Ашэра, Манаса а Завулона скарыліся й прышлі да Ерузаліму.
Аднак некаторыя з племя Асіравага, Манасіінага і Завулонавага зьмірыліся і прыйшлі ў Ерусалім.
І над Юдэяю была рука Божая, што даравала іх адным сэрцам, каб паўніць расказаньне каралёва а князёў, подле слова СПАДАРОВАГА.
І над Юдэяю была рука Божая, якая даравала ім адзінае сэрца, каб выканаць загад цара і князёў, па слове Гасподнім.
І зьберліся да Ерузаліму множасьць люду спраўляць сьвята праснакоў, другога месяца, — грамада вельма чысьленая.
І сабралася ў Ерусаліме мноства народу для ўчыненьня сьвята праснакоў, у другі месяц, — сход вельмі шматлюдны.
І ўсталі, і ськінулі аброчнікі, што былі ў Ерузаліме, і ўсі месцы кадзеньня ськінулі й кінулі ў цурэй Кідрон.
І ўсталі і скінулі ахвярнікі, якія былі ў Ерусаліме; і ўсё, на чым учынялася дымленьне ідалам, разбурылі і кінулі ў паток Кедрон;
І зарэзалі пасху чатырнанцатага дня другога месяца. Сьвятарове а Левітаве засароміліся, і пасьвяціліся, і прынесьлі ўсепаленьні да дому СПАДАРОВАГА.
і закалолі пасхальнае ягня на чатырнаццаты дзень другога месяца. Сьвятары і лявіты пасаромеўшыся асьвяціліся і прынесьлі цэласпаленьні ў дом Гасподні,
І стаялі на сваім месцу подле звычаю свайго, подле Права Масея, чалавека Божага. Сьвятарове крапілі крывёй з рук Левітаў.
і пачалі на сваім месцы паводле статуту свайго, паводле закона Майсея, чалавека Божага. Сьвятары крапілі крывёю з рук лявітаў.
З тае прычыны, што ў грамадзе шмат было такіх, каторыя не пасьвяціўшыся, то Левітаве рэзалі пасхі за кажнага нячыстага, на тое, каб пасьвяціць СПАДАРУ;
А як многа было на сходзе такіх, якія не асьвяціліся, дык замест нячыстых лявіты закалолі пасхальнае ягня для прысьвячэньня Госпаду.
Бо множасьць ізь люду, шмат зь Яхрэму а Манаса, Іссасхару а Завулону ня была ачысьціўшыся; елі яны, адылі, Пасху, хоць ня подле пісаньня. Але Гэзэка памаліўся за іх, кажучы: «Добры СПАДАР залашчыцца да тых,
Многія з народу, найбольш з калена Яфрэмавага і Манасіінага, Ісахаравага і Завулонавага, не ачысьціліся; аднак яны елі пасху, не паводле статуту.
Хто прыгатаваў сэрца свае шукаць Бога, СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, хоць і ня подле ачышчэньня сьвятога».
Але Эзэкія памаліўся за іх, кажучы: Гасподзь добры хай даруе кожнаму, хто прыхіліў сэрца сваё да таго, каб знайсьці Госпада Бога, Бога бацькоў сваіх, хоць і без ачышчэньня сьвятога!
І пачуў СПАДАР Гэзэку, і дараваў люду.
І пачуў Гасподзь Эзэкію і дараваў народу.
І спраўлялі сынове Ізраелявы, што былі ў Ерузаліме, сьвята праснакоў сем дзён, зь вялікай весялосьцяй; дзень пры дню Левітаве а сьвятарове выхвалялі СПАДАРА на галасьлівых снадзях выхваляць СПАДАРА.
І ўчынілі сыны Ізраілевыя, якія былі ў Ерусаліме, сьвята праснакоў на сем дзён, зь вялікай весялосьцю, кожны дзень лявіты і сьвятары славілі Госпада на спарудах, зробленых дзеля славаслаўленьня Госпада.
І гукаў Гэзэка па сэрцу ўсім Левітам, што навучалі добрага знацьця СПАДАРА. І елі пераз усе сьвята сем дзён, абракаючы супакойныя аброкі й вызнаючы СПАДАРА, Бога айцоў сваіх.
І гаварыў Эзэкія па сэрцы ўсім лявітам, якія мелі добрае разуменьне ў служэньні Госпаду. І елі сьвяточнае сем дзён, прыносячы ахвяры мірныя і славячы Госпада Бога бацькоў сваіх.
І зрадзіўся ўвесь збор спраўляць другія сем дзён, і спраўлялі сем дзён ізь весялосьцяй;
І рашыў увесь сход сьвяткаваць другія сем дзён, і правялі гэтыя сем дзён у весялосьці,
Бо Гэзэка, кароль Юдэйскі, даў грамадзе тысяча цялят-бычкоў і сем тысячаў авец, і князі далі грамадзе тысяча цялят-бычкоў і дзесяць тысяч авец; і вялікі лік сьвятароў пасьвяціўся.
бо Эзэкія, цар Юдэйскі, выставіў сходу тысячу цялят і дзесяць тысяч дробнага быдла, і вяльможы выставілі сходу тысячу цялят і дзесяць тысяч дробнага быдла; і сьвятароў асьвяцілася ўжо многа.
І весялілася ўся грамада Юдэйская ізь сьвятарамі а Левітамі, і ўся грамада, каторыя прышлі з Ізраелю, і чужаземцы, што вышлі ізь зямлі Ізраельскае і жылі ў Юдэі.
І весяліўся ўвесь сход зь Юдэі, і сьвятары і лявіты, і ўвесь збор, што прыйшлі ад Ізраіля, і прыхадні, і тыя што прыйшлі зь зямлі Ізраільскай і што жылі ў Юдэі.
Дык была вялікая радасьць у Ерузаліме, бо ад часу Салямона Давідзёнка, караля Ізраельскага, ня бывала падобнага ў Ерузаліме.
І была весялосьць вялікая ў Ерусаліме, бо зь дзён Саламона, сына Давідавага, цара Ізраілевага, ня бывала падобнага на гэты ў Ерусаліме.
І ўсталі сьвятарове, Левітаве, і дабраславілі люд; і голас іхны быў пачуты, і ўзышла малітва іхная да сьвятое сялібы Ягонае, Да нябёс.
І ўсталі сьвятары і лявіты, і дабраславілі народ; і пачуты быў голас іх, і ўзышла малітва іхняя ў сьвятое жытлішча Яго на нябёсы.