2 летапісаў 36 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Затым народ зямлі ўзяў сына Осіі — Ёахаза і паставіў царом у Ерузаліме на месца бацькі яго.
 
І ўзяў народ зямлі Ёахаза, сына Ёсіінага, і паставілі царом яго, замест бацькі ягонага, у Ерусаліме.

Ёахаз меў дваццаць тры гады, калі пачаў кіраваць, і тры месяцы быў царом у Ерузаліме.
 
Дваццаць тры гады было Ёахазу, калі зацараваў, і тры месяцы валадарыў у Ерусаліме.

А выдаліў яго цар Егіпта, калі прыбыў у Ерузалім, і абклаў зямлю данінаю ў сто талентаў срэбра і адзін талент золата.
 
І скінуў яго цар Егіпецкі, і наклаў на зямлю яго даніны сто талантаў срэбра і талант золата.

І паставіў ён замест яго царом Эліякіма, брата яго над Юдэяй і Ерузалімам, і перамяніў імя яго на Ёакіма. Самога ж Ёахаза ўзяў з сабою і павёў у Егіпет.
 
І паставіў цар Егіпецкі над Юдэяй і Ерусалімам Эліякіма, брата ягонага, і перамяніў імя ягонае на Ёакіма, а Ёахаза, брата ягонага, узяў Нэхаа і завёў яго ў Егіпет.

Ёакім меў дваццаць пяць гадоў, калі стаў царом, ды адзінаццаць гадоў цараваў у Ерузаліме; і дапускаўся ліха перад Госпадам, Богам сваім.
 
Дваццаць пяць гадоў было Ёакіму, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. І рабіў ён незаўгоднае ў вачах Госпада Бога свайго.

Супраць яго выйшаў Набукаданосар, цар халдэйцаў, ды яго, звязанага ланцугамі, павёў у Бабілон;
 
Супроць яго выйшаў Навухаданосар, цар Вавілонскі, і закаваў яго ў кайданы, каб завесьці ў Вавілон.

туды пераправіў і пасудзіны Госпадавы і памясціў у сваім храме.
 
І частку посуду дома Гасподняга перанёс Навухаданосар у Вавілон і паклаў яго ў капішчы сваім у Вавілоне.

А астатнія дзеянні Ёакіма, і агіднасці яго, якіх дапускаўся, ды тое, што было знойдзена супраць яго, — запісана ў Кнізе цароў Ізраэля і Юдэі. І па ім быў царом сын яго Ёахін.
 
Іншыя дзеі Ёакіма і мярзоты ягоныя, якія ён рабіў і якія знойдзены ў ім, апісаны ў кнізе цароў Ізраільскіх і Юдэйскіх. І зацараваў Еханія, сын ягоны, замест яго.

Васемнаццаць гадоў меў Ёахін, калі стаў царом, і ўладарыў у Ерузаліме тры месяцы і дзесяць дзён, і дапускаўся ён ліхога ў вачах Госпада.
 
Васямнаццаць гадоў было Еханіі, калі зацараваў, і тры месяцы і дзесяць дзён валадарыў у Ерусаліме, і рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх.

І па сканчэнні года цар Набукаданосар паслаў па яго і загадаў прывесці яго ў Бабілон разам з найкаштоўнейшымі пасудзінамі святыні Госпада, а на яго месца паставіў царом яго брата Сэдэцыю над Юдэяй і Ерузалімам.
 
Праз год паслаў цар Навухаданосар і загадаў узяць яго ў Вавілон разам з каштоўным посудам дома Гасподняга, і паставіў царом над Юдэяю і Ерусалімам Сэдэкію, брата ягонага.

Сэдэцыя меў дваццаць адзін год, калі стаў царом, і ў Ерузаліме цараваў адзінаццаць гадоў.
 
Дваццаць адзін год было Сэдэкію, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме,

І рабіў ён ліхое ў вачах Госпада, Бога свайго, і не ўпакорыўся перад прарокам Ярэміем, калі той казаў яму, як вусны Госпада.
 
і рабіў ён неспадобнае ў вачах Госпада Бога свайго. Ён не ўпакорыўся перад Ераміем прарокам, які прарочыў з вуснаў Гасподніх,

Узбунтаваўся ён таксама супраць Набукаданосара, якому прысягнуў Богам быць верным, і зацвярдзеў ён каркам сваім і сэрцам, каб не навярнуцца да Госпада, Бога Ізраэля.
 
і адкалоўся ад цара Навухаданосара, які ўзяў зь яго клятву імем Бога, — і зрабіў упарцістаю шыю сваю і зжарсьцьвіў сэрца сваё да таго, што не зьвярнуўся да Госпада Бога Ізраілевага.

Дый і ўсе кіраўнікі святароў і народ памножылі бясчынствы свае і паводле ўсіх агіднасцей паганскіх апаганілі дом Госпадаў, які асвяціў Госпад у Ерузаліме.
 
Ды і ўсе начальнікі над сьвятарамі і над народам многа грашылі, пераймаючы ўсе мярзоты язычнікаў, і спаганілі дом Госпада, які Ён асьвяціў у Ерусаліме.

А Госпад, Бог бацькоў іх, пасылаў да іх Сваіх вестуноў, ноччу ўстаючы і штодзень напамінаючы, так як шкадаваў народ і месца Свайго прабывання.
 
І пасылаў да іх Гасподзь Бог бацькоў іхніх пасланцаў Сваіх з раньняга рана, бо Ён шкадаваў народ Свой і Сваё жытлішча.

Але яны высмейвалі пасланцоў Божых, і не звярталі ўвагі на перасцярогі Яго, і здзекаваліся з прарокаў Яго, аж пакуль не ўзгарэлася абурэнне Госпада на народ Свой ды не было ўжо ніякага ратунку.
 
Але яны зьдзекаваліся з пасланых ад Бога і заняхайвалі словы Яго, і ганілі прарокаў Ягоных, пакуль ня сышоў гнеў Госпада на народ Ягоны, так што ня было яму ратунку.

Навёў бо на іх цара халдэяў, і мечам ён забіў іх юнакоў у доме свяцілішча іх, і не пашкадаваў ані юнака, ані дзяўчыны, ані старца, ані сівой галавы, але ўсіх аддаў у яго рукі.
 
І Ён навёў на іх цара Халдэйскага, — і той пазабіваў юнакоў іхніх мечам у доме сьвятыні іхняй і не пашкадаваў ні юнака, ні дзяўчыны, ні старога, ні сівога: усё аддаў Бог у руку ягоную.

І ўсе пасудзіны святыні Божай, як большыя, так і меншыя, і скарбы святыні, і цара, і кіраўнікоў пераправіў у Бабілон.
 
І ўвесь посуд дома Божага, вялікі і малы, і скарбы дома Гасподняга, і скарбы цара і князёў ягоных, усё прынёс ён у Вавілон.

Ворагі спалілі святыню, і разбурылі мур Ерузаліма, спалілі ўсе палацы, і ўсё, што толькі мела каштоўнасць, было знішчана.
 
І спалілі дом Божы, і разбурылі сьцяну Ерусаліма, і ўсе харомы яго спалілі агнём, і ўсе каштоўнасьці яго зьнішчылі.

Калі хто ўсцярогся меча, той быў заведзены ў Бабілон ды служыў цару і сынам яго, аж пакуль не загадаў цар персаў,
 
І перасяліў ён тых, што засталіся, ў Вавілон, і былі яны рабамі яго і сыноў ягоных, да цараваньня цара Персідскага,

каб споўнілася слова Госпада праз вусны Ярэміі: «Пакуль зямля прыме суботы свае, будзе яна спраўляць суботу ва ўвесь час свайго знішчэння, аж пакуль не мінуць семдзесят гадоў».
 
пакуль, дзеля спраўджаньня слова Гасподняга, сказанага вуснамі Ераміі, зямля не адсьвяткавала суботаў сваіх. Ва ўсе дні запусьценьня яна суботнічала, пакуль ня споўнілася семдзесят гадоў.

А каб споўнілася слова Госпада, якое сказаў Ён праз вусны Ярэміі, узбудзіў Госпад дух Кіра, цара персаў, у першы год царавання Кіра, цара персаў, які загадаў абвясціць ва ўсім царстве сваім, таксама пісьмова заяўляючы:
 
А на першым годзе Кіра, цара Персідскага, дзеля спраўджаньня слова Гасподняга, сказанага вуснамі Ераміі, абудзіў Гасподзь дух Кіра, цара Персідскага, і ён загадаў абвясьціць па ўсім царстве сваім словамі і пісьмова, і сказаць:

«Гэта заяўляе Кір, цар персаў: “Даў мне Госпад, Бог неба, усе валадарствы зямлі; і Ён загадаў мне, каб пабудаваў я Яму дом у Ерузаліме, што знаходзіцца ў Юдэі”. Хто з вас усіх з Яго народа, хай будзе Госпад, Бог яго, з ім, і хай ідзе!»
 
так кажа Кір, цар Персідскі: усе царствы зямлі даў мне Гасподзь Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць Яму дом у Ерусаліме, што ў Юдэі. Хто ёсьць з вас — з усяго народу Ягонага, Гасподзь Бог яго зь ім, і хай ён туды ідзе.