2 летапісаў 3 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І пачаў Саламон будаваць дом Госпаду ў Ерузаліме на гары Морыя, якую паказаў яму Давід, бацька яго, на месцы, якое прыгатаваў Давід, на таку Арнана Евусея.
 
І пачаў Саламон будаваць дом Гасподні ў Ерусаліме на гары Морыя, якая ўказана была Давіду, бацьку ягонаму, на месцы, якое падрыхтаваў Давід, на гумне Орны Евусэяніна.

А пачаў будаваць у другім месяцы ў чацвёрты год свайго царавання.
 
А пачаў ён будаваць у другі дзень другога месяца, на чацьвёртым годзе валадараньня свайго.

І такія памеры, што ўстанавіў Саламон для будавання дома Божага: даўжыні — шэсцьдзесят локцяў па ранейшай меры; шырыні — дваццаць локцяў.
 
І вось падмурак пакладзены Саламонам пры будове дома Божага; даўжыня яго шэсьцьдзясят локцяў, па ранейшай меры, а шырыня дваццаць локцяў;

А прысенак перад святыняй, які цягнуўся ў даўжыню, меў у шырыню дваццаць локцяў адпаведна шырыні святыні; а ў вышыню меў сто дваццаць локцяў. І ўнутры пазалаціў яго найчысцейшым золатам.
 
і бабінец, які перад домам, даўжынёю па шырыні дома ў дваццаць локцяў, а вышынёю ў сто дваццаць. І абклаў яго ўсярэдзіне чыстым золатам.

Таксама галоўны дом абшыў яловымі дошкамі ды пацягнуў пласцінамі чыстага золата; і зверху аздобіў іх пальмавымі галінамі.
 
А дом галоўны ашаляваў дрэвам кіпарысавым і абклаў яго найлепшым золатам, і вырабіў на ім пальмы і ланцужкі.

Таксама пакрыў падлогу дома найкаштоўнейшым мармурам для аздаблення.
 
І абклаў дом іншымі камянямі дзеля прыгажосьці; а золата было золата Парваімскае.

А золата было з Парваіма, з пласцін яго пакрыў дом, і бэлькі яго, і вушакі, і сцены, і на сценах выразаў херубінаў.
 
І пакрыў дом, бярвеньні, парогі і сьцены яго і дзьверы яго золатам, і выразаў на сьценах херувімаў.

Учыніў таксама святое з святых: даўжыня яго — па шырыні дома — дваццаць локцяў і шырыня таксама дваццаць локцяў; і пакрыў яго пласцінамі найлепшага золата коштам у шэсцьсот талентаў.
 
І зрабіў Сьвятое Сьвятых: даўжыня яго па шырыні дома ў дваццаць локцяў, і шырыня яго ў дваццаць локцяў; і накрыў яго найлепшым золатам на шасьцьсот талантаў.

Вага ж цвікоў была пяцьдзесят сікляў золата. Таксама верхнія пакоі пакрыў золатам.
 
У цьвіках вагі па пяцьдзясят сікляў золата. Сьвятліцы таксама пакрыў золатам.

Выразаў таксама ў святым з святых двух херубінаў скульптурнай работы і пакрыў іх золатам.
 
І зрабіў ён у Сьвятым Сьвятых два херувімы разьбёнага вырабу і пакрыў іх золатам.

Крылы херубінаў распасцёр на дваццаць локцяў, так што адно крыло мела пяць локцяў і дасягала сцяны дома, і другое крыло, што мела пяць локцяў, дакраналася да крыла другога херубіна.
 
Крылы ў херувімаў даўжынёю былі ў дваццаць локцяў. Адно крыло ў дваццаць локцяў дакраналася да сьцяны дома, а другое крыло таксама ў пяць локцяў сыходзілася з крылом другога херувіма;

Падобна і крыло другога херубіна мела пяць локцяў і дакраналася да сцяны, ды другое яго крыло было пяць локцяў і дакраналася да крыла другога херубіна.
 
і крыло другога херувіма ў пяць локцяў дакраналася да сьцяны дома, а другое крыло ў пяць локцяў сыходзілася з крылом другога херувіма.

Такім чынам, крылы абодвух херубінаў распасціраліся і выцягваліся на дваццаць локцяў; а стаялі яны на прамых нагах з тварамі, звернутымі да святыні.
 
Крылы ў гэтых херувімаў распасьцёрты на дваццаць локцяў; і яны стаялі на нагах сваіх, абліччамі сваімі да храма.

Зрабіў таксама пакрывала з гіяцынтавай тканіны, з пурпуровай тканіны, з пунсовай тканіны і з вісону ды вышыў на ім херубінаў.
 
І зрабіў заслону зь яхантавай, пурпуровай і барвовай тканіны і зь вісону і выявіў на ёй херувімаў.

Таксама паставіў перад уваходам у святыню дзве калоны, што мелі па трыццаць пяць локцяў вышыні; а капітэлі іх былі ў пяць локцяў.
 
І зрабіў перад храмам два слупы, даўжынёю па трыццаць пяць локцяў, і капітэль наверсе кожнага ў пяць локцяў.

А таксама выразаў, як быццам ланцужкі, на гірляндзе і паклаў іх на капітэлях калонаў; зрабіў таксама сто гранатавых яблыкаў, якія паклаў на ланцужкі.
 
І зрабіў ланцужкі, як у сьвятыні, і паклаў наверсе слупоў, і зрабіў сто гранатавых яблыкаў і паклаў на ланцужкі.

Таксама перад фасадам святыні паставіў такія калоны: адну з правага боку і другую — з левага; правую назваў Яхін, і левую — Баоз.
 
І паставіў слупы перад храмам, адзін з правага боку, другі зь левага, і даў імя праваму Яхін, а леваму імя Воаз.