Ераміі 47 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

Вось якое было слова Госпада Ярэміі прароку супраць філістынцаў, перш чым фараон здабыў Газу.
 

Гэта кажа Госпад: «Вось жа, воды нахлынуць з поўначы, і будуць яны, быццам ручай, які разліўся, і зальюць зямлю і ўсё, што на ёй, горад і жыхароў яго, і будуць крычаць людзі, і загалосяць усе жыхары зямлі
 

ад тупату капытоў дужых коней яго, ды ад шуму калясніц яго і грукату колаў іх. Бацькі не будуць звяртаць увагі на сыноў, бо самлеюць іх рукі,
 

дзеля надыходу дня, калі будуць знішчаны ўсе філістынцы ды будзе выгублены кожны астатні памагаты для Тыра і Сідона: вынішчае бо Госпад філістынцаў і рэшту вострава Кафтор».
 

Аблысела Газа, знямеў Аскалон; рэшткі Энаціма, дакуль будзеце рабіць сабе нарэзы?
 

О меч Госпада, дакуль яшчэ не супачынеш? Вярніся ў похвы свае, супакойся і стрымайся!
 

Але як ён супакоіцца, калі Госпад даў загад яму супраць Аскалона і супраць узбярэжжа мора і туды скіраваў яго?