Пераклад Аляксандара Надсана 11

Псалтыр i Ёна. Пераклад Аляксандара Надсана
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Яна пакіравала справамі іх рукамі святога прарока.
 

Яны прайшлі бязлюдную пустыню і паставілі палаткі на недаступных месцах;
 

сталі супраць ворагаў і адагналі ад сябе непрыяцеляў.
 

Смагнулі і клікалі Цябе; і атрымалі ваду з самай высокай скалы і заспакаенне ў смазе — з цвёрдага каменя.
 

Праз гэта пакараныя былі ворагі іх, праз гэта, калі яны знаходзіліся ў бядзе, атрымалі адплату.
 

Замест бо вады з ракі невысыхаючай, бруднай крывёй засмучанай,
 

наадварот загаду дзетазабойчаму, даў Ты ім нечакана шчодрую ваду,
 

паказваючы праз смагу, што тады была, як пакараў праціўнікаў.
 

Як бо прыйшло на іх выпрабаванне — хоць атрымалі яны настаўленне з міласэрнасцю, — зразумелі, колькі пакут пацярпелі бязбожныя, асуджаныя з гневам.
 

Бо Ты адных выпрабаваў, перасцерагаючы, як бацька, а другіх пакараў, асуджаючы, як цар грозны.
 

Адсутныя і прысутныя аднолькава цярпелі;
 

падвоены бо ахапіў іх смутак і нараканне, калі ўспомнілі мінулыя часы;
 

калі бо ўбачылі праз свае пакуты, што з імі добра абыходзяцца, — пазналі Госпада.
 

Каго бо калісьці выставілі на пасмешышча перад усімі, абняслаўленага, таму здзівіліся ў канцы падзей, прагнучы не так, як справядлівыя.
 

А за неразумныя выдумкі іх злачыннасці, якімі ашуканыя, яны пакланяліся многім гадам і марнай жывёле, наслаў Ты на іх у помсту многа неразумных звяроў,
 

каб ведалі, што хто чым грашыць, у тым будзе пакараны.
 

Бо не было немагчыма для рукі Тваёй Усемагутнай — якая свет стварыла з бясформеннай матэрыі — наслаць на іх многіх мядзведзяў, або львоў непалахлівых,
 

або новыя стварэнні, поўныя гневу, — невядомых драпежных звяроў: ці то дыхаючых агнявым полымем, ці выкідаючых клубы дыму, ці кідаючых з вачэй страшныя іскры,
 

якія не толькі раненнем маглі б іх вынішчыць, але і жудасным выглядам іх выгубіць.
 

Але і без таго маглі яны папрападаць ад аднаго дыху, справядлівасцю пераследаваныя ды змеценыя духам магутнасці Тваёй. Але Ты ўсё ўладзіў пад меру, і лік, і вагу!
 

Бо магутна дзейнічаць — заўсёды ў Тваёй моцы, ды хто супрацівіцца магутнасці рукі Тваёй?
 

Бо ўвесь свет перад Табой, як зерне на вазе і як кропля ранняе расы, якая спала на зямлю.
 

Але Ты шкадуеш усё, бо ўсё можаш; і прабачаеш грахі людзям дзеля раскаяння.
 

Мілуеш бо ўсё, што ёсць, і нічога не ненавідзіш з таго, што стварыў; бо калі б Ты меў штосьці ў нянавісці, то не стварыў бы.
 

Як жа магло б што існаваць, калі б Ты не хацеў? Або як бы яно трывала, чаго б Ты не пазваў?
 

Але ашчаджаеш усё, бо гэта Тваё, Госпадзе, Які любіш жыццё!