Выхад 31 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

І сказаў Госпад Майсею, кажучы:
 

«Вось назваў Я па імені Бесэлеэля, сына Ура, сына Гура з пакалення Юды,
 

і напоўніў яго Духам Божым, і мудрасцю, і розумам, і ўмеласцю ва ўсякай працы, каб разумець, што
 

можна вырабіць з золата, срэбра і медзі, каб разрэзваць і ўстаўляць
 

каштоўныя камяні і каб рэзаць па дрэве; выконваць любую працу;
 

і даю яму таварыша Агаліяба, сына Ахісамаха з пакалення Дана, і ў сэрца кожнага ўмельца ўклаў я мудрасць, каб выканалі яны ўсё, што Я загадаў табе:
 

палатку сустрэчы і каўчэг сведчання, і перамольню, што на ёй, і ўсе пасудзіны палаткі,
 

і стол, і пасудзіны яго, падсвечнік з найчысцейшага золата з яго пасудзінамі, і ахвярнік каджэння,
 

і цэласпалення, і ўсе яго пасудзіны, таз з падножжам яго,
 

і шаты тканыя і святыя, шаты для Аарона, святара, і шаты для сыноў яго, каб спаўнялі служэнне сваё святарскае,
 

алей для намашчэння, і пахкае кадзіла для свяцілішча: усё, што табе загадаў, хай зробяць».
 

І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
 

«Скажы сынам Ізраэля і паведамі ім: “Глядзіце, каб вам захоўваць суботу Маю, бо гэта знак паміж Мною і вамі ў пакаленнях вашых, каб ведалі вы, што Я — Госпад, Які асвячае вас.
 

Захоўвайце суботу, бо яна святая для вас. Хто апаганіць яе, будзе смерцю пакараны; хто будзе працаваць у суботу, хай знікне душа яго з грамады народа яго.
 

Шэсць дзён працуйце; а ў сёмы дзень — субота, святы адпачынак для Госпада: кожны, хто будзе працаваць у гэты дзень, памрэ.
 

Хай захоўваюць сыны Ізраэля суботу і святкуюць яе ў пакаленнях сваіх: гэта запавет вечны
 

паміж Мною і сынамі Ізраэля і знак вечны; бо шэсць дзён ствараў Госпад неба і зямлю, а ў сёмы дзень спыніў працу і супачыў”».
 

І па спыненні гэтае размовы на гары Сінай даў Госпад Майсею дзве каменныя табліцы сведчання, напісаныя пальцам Божым.