2 летапісаў 11 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Рабаам прыбыў у Ерузалім і склікаў усё пакаленне Юды і Бэньяміна — сто восемдзесят тысяч адборных ваяроў, каб ваяваць з Ізраэлем і вярнуць сабе сваю ўладу царскую.
 

І прамовіў Госпад да Сямэі, чалавека Божага, кажучы:
 

«Скажы Рабааму, сыну Саламонаву, цару Юдэі ды ўсяму Ізраэлю, які знаходзіцца ў Юдэі і Бэньяміне:
 

“Гэта кажа Госпад: “Не выходзьце і не ваюйце супраць братоў вашых. Хай кожны вернецца ў дом свой, бо гэта з Маёй волі сталася”». Калі яны пачулі слова Госпадава, вярнуліся і не пайшлі супраць Ерабаама.
 

А Рабаам абжыўся ў Ерузаліме ды адбудаваў мураваныя гарады ў Юдэі.
 

І адбудаваў Бэтлехэм, і Этам, і Тэкуа,
 

таксама Бэтсур, і Соху, і Адалам,
 

таксама Гет, і Марэсу, і Зіф,
 

таксама Адурам, і Лахіс, і Азэку,
 

Сараа таксама, і Аялон, і Геброн, гарады вельмі ўмацаваныя, што былі ў Юдэі і Бэньяміне.
 

І калі акружыў іх мурамі, паставіў у іх кіраўнікоў па харчаванні, і па аліўкавым алеі, і па віне.
 

Але і ў кожным такім горадзе ён зрабіў арсенал шчытоў, і дзід, і ўмацаваў іх з найвялікшай пільнасцю, і валадарыў над Юдэяй і Бэньямінам.
 

Святары ж і левіты, якія былі ва ўсім Ізраэлі, прыходзілі да яго з усіх сваіх пасяленняў.
 

Левіты пакідалі свае ваколіцы і ўладанні і пераходзілі да Юдэі і ў Ерузалім, бо Ерабаам і яго нашчадкі адпіхнулі іх ад святарства Госпадава.
 

Ён сам сабе паставіў святароў узгоркаў, і дэманаў, і цялят, якіх зрабіў.
 

А паслядоўнікі левітаў і з усіх пакаленняў Ізраэля, якія аддалі свае сэрцы на пошук Госпада, Бога Ізраэля, прыбывалі ў Ерузалім, каб складаць ахвяры Госпаду, Богу бацькоў сваіх.
 

І тры гады ўмацавалі ўладу Юдэі і ўзмацнілі Рабаама, сына Саламона; бо хадзілі дарогамі Давіда і Саламона толькі тры гады.
 

Ажаніўся ж Рабаам з Махалат, дачкой Ерымота, сына Давіда і Абігайль, дачкі Эліяба, сына Ясэя,
 

якая нарадзіла яму сыноў: Ягуса, і Самарыю, і Заама.
 

Па ёй ажаніўся з Маахай, дачкой Абсалома, якая нарадзіла яму Абію, і Этая, і Зізу, і Саламіта.
 

Любіў жа Рабаам Мааху, дачку Абсалома, больш за ўсіх жонак сваіх і наложніц; меў бо жонак васемнаццаць, а наложніц — шэсцьдзесят. І меў дваццаць восем сыноў і шэсцьдзесят дачок.
 

А на чале ён паставіў Абію, сына Маахі, кіраўніком над братамі сваімі; яго бо думаў зрабіць царом.
 

І сыноў сваіх мудра разаслаў па ўсіх землях Юдэі і Бэньяміна, ва ўсе мураваныя гарады. І даў ім вельмі шмат ежы і знайшоў для іх многа жонак.