2 летапісаў 33 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Калі Манаса стаў царом, меў дваццаць гадоў, і пяцьдзесят пяць гадоў цараваў у Ерузаліме.
 

А ён рабіў тое, што ліхім было ў вачах Госпада, па агіднасцях паганаў, якіх Госпад выдаліў перад сынамі Ізраэля.
 

І, адвярнуўшыся ад Бога, аднавіў узгоркі, якія перавярнуў Эзэкія, бацька яго, і пабудаваў ахвярнікі Баалам, і зрабіў слупы, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму ды служыў яму.
 

Пабудаваў таксама два ахвярнікі ў доме Госпада, аб якім Госпад сказаў: «У Ерузаліме імя Маё будзе вечна».
 

Пабудаваў жа ахвярнікі для ўсяго войска нябеснага ў двух панадворках святыні Госпада.
 

І ён перавёў сыноў сваіх праз агонь у лагчыне сыноў Гэнома. Займаўся варажбой, чарамі, служыў паганскім культам; меў пры сабе заклінальнікаў і вешчуноў; многа ліха рабіў перад абліччам Госпада, каб гнявіць Яго.
 

Таксама паставіў статую ідала, якога сам зрабіў, у доме Госпада, аб якім так казаў Бог Давіду і Саламону, сыну яго, кажучы: «У гэтым доме і ў Ерузаліме, які выбраў Я з усіх пакаленняў Ізраэля, пакіну імя Маё навечна.
 

І не дазволю, каб нага Ізраэля вырушыла з гэтай зямлі, якую даў Я бацькам іх, калі толькі будуць пільнаваць тое, што Я загадаў ім, і ўвесь закон, і прыказанні, а таксама пастановы, уведзеныя праз руку Майсея».
 

Дык Манаса давёў Юду і жыхароў Ерузаліма, што яны паводзілі сябе горш, чым усе пагане, якіх Госпад знішчыў перад сынамі Ізраэля.
 

І перасцярог Госпад яго і народ яго, і не пажадалі яны зважаць на гэта.
 

Дзеля таго навёў на іх кіраўнікоў войска цара асірыйцаў; і яны Манасу закавалі ў кайданы, і, звязанага ланцугамі, павялі ў Бабілон.
 

Ён у горы сваім маліў Госпада, Бога свайго, і моцнай пакутай упакорыўся перад Богам бацькоў сваіх.
 

Ды ўмольваў Яго, і Бог, літасцівы да яго, выслухаў маленне яго і вярнуў яго ў Ерузалім у яго царства; і пераканаўся Манаса, што толькі Госпад ёсць Бог.
 

Пасля пабудаваў мур за горадам Давіда на захад ад Гіхона ў даліне і аж да ўваходу Рыбнай брамы навокал Афэла, і многа яго павысіў; і паставіў кіраўнікоў над войскам па ўсіх умацаваных гарадах Юдэі.
 

І выкінуў чужых багоў і ідалаў з святыні Госпада, таксама ахвярнікі, якія пабудаваў на гары дома Госпада і ў Ерузаліме, ды выкінуў усё з горада.
 

Далей аднавіў ахвярнік Госпада і ўсклаў на яго ахвяры мірныя і падзякі, і загадаў Юдзе служыць Госпаду, Богу Ізраэля.
 

Але і далей народ ускладаў ахвяры на ўзгорках Госпаду, Богу свайму.
 

Астатнія дзеянні Манасы ды яго маленне да Бога свайго, поруч словы прадракальнікаў, якія прамаўлялі да яго ў імя Госпада, Бога Ізраэля, — знаходзяцца ў запісах цароў Ізраэля.
 

Таксама яго маленне і выслухванне, і ўсе яго грахі, і злачынствы, а таксама месцы, на якіх ён пабудаваў узгоркі, і зрабіў слупы і ідалаў, перад тым як ён упакорыўся, запісаны ў Размовах Газая.
 

Такім чынам, супачыў Манаса са сваімі бацькамі ды пахавалі яго ў яго доме. І па ім цараваў сын яго Амон.
 

Амон меў дваццаць два гады, калі стаў царом, і два гады быў царом у Ерузаліме.
 

І чыніў зло перад абліччам Госпада, як рабіў бацька яго Манаса, і ўсім ідалам, якіх зрабіў Манаса, складаў ахвяры і пакланяўся.
 

І не ўпакорыўся перад абліччам Госпада, як упакорыўся Манаса, бацька яго, ды яшчэ болей грашыў.
 

І тады паслугачы яго змовіліся супраць яго, і забілі яго ў яго палацы.
 

Затым народ зямлі, выразаўшы ўсіх, хто змовіўся супраць цара Амона, на яго месца паставіў царом сына яго Осію.