Яна 14 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 1999
Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце.
Хай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і ў Мяне верце.
У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас.
У доме Айца Майго жытла многа. Калі б было інакш, сказаў бы Я вам, што іду прыгатаваць вам месца.
А калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я.
І калі адыйду ды прыгатую вам месца, зноў прыйду і прыйму вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я буду.
А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце».
І куды Я іду, ведаеце, і дарогу ведаеце".
Кажа яму Тамаш: «Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?»
Сказаў Яму Тамаш: "Госпадзе, ня ведаем, куды ідзеш, а як жа можам ведаць дарогу?"
Езус сказаў яму: «Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне.
Кажа яму Езус: "Я — дарога, і праўда, і жыцьцё. Ніхто не прыходзіць да Айца, як толькі праз Мяне.
Калі вы ведаеце Мяне, то будзеце ведаць і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі».
Калі б вы Мяне былі пазнаўшы, то напэўна пазналі б і Айца Майго; але ўжо ведаеце Яго і ўжо бачылі Яго".
Філіп кажа Яму: «Пане, пакажы нам Айца, і хопіць нам».
Кажа Яму Філіп: "Госпадзе, пакажы нам Айца, і хопіць нам".
Адказаў яму Езус: «Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца. Дык чаму ты кажаш: “Пакажы нам Айца?”
Кажа яму Езус: "Ужо так доўга Я з вамі, і вы не пазналі Мяне, Філіп? Хто бачыць Мяне, бачыць і Айца. Як жа ты можаш казаць: "Пакажы нам Айца"?
Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы.
Ня верыце, што Я — у Айцу, а Айцец — у-ва Мне? Словы, якія Я вам кажу, не ад сябе самога кажу: Айцец, які ў-ва Мне, Ён робіць даконы свае.
Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх спраў.
Верце Мне, што Я — у Айцу, а Айцец — у-ва Мне, а як не, дык дзеля саміх учынкаў верце.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца.
Сапраўды, сапраўды, кажу вам: Хто верыць у Мяне, той будзе рабіць учынкі, якія Я раблю, а нават большыя даканае, бо Я іду да Айца.
І тое, аб чым папросіце ў імя Маё, Я зраблю гэта, каб уславіўся Айцец у Сыне.
І пра што толькі прасіць будзеце Айца ў імя Маё, споўню гэта, каб Айцец быў праслаўлены ў Сыне.
Калі аб чым папросіце Мяне ў імя Маё, Я зраблю гэта.
Калі Мяне аб што прасіць будзеце ў імя Маё, зраблю гэта.
Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі.
Калі Мяне любіце, беражыце прыказаньні Мае.
І Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшыцеля, каб быў з вамі навекі,
І Я буду прасіць Айца, і іншага Пацяшыцеля дасьць вам, каб заставаўся з вамі навек,
Духа праўды, якога свет не можа прыняць, таму што не бачыць Яго і не ведае. А вы Яго ведаеце, бо Ён з вамі ёсць і ў вас будзе.
Духа праўды, якога сьвет ня можа прыняць, бо Яго ня бачыць і ня ведае. Вы Яго ведаеце, бо сярод вас прабывае ды ў вас будзе.
Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас.
Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас.
Яшчэ крыху і свет ужо не ўбачыць Мяне. Вы ж бачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.
Яшчэ трохі, і сьвет Мяне ўжо ня ўбачыць. Але вы Мяне ўбачыце, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.
У той дзень пазнаеце, што Я ў Айцу Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас.
Вось у той дзень пазнаеце, што Я — ў Айцу Маім, і вы — ў-ва Мне, і Я — ў вас.
Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і аб’яўлюся яму».
Хто мае прыказаньні Мае і беражэ іх, той вось Мяне любіць. А хто Мяне любіць, таго любіць будзе Айцец Мой, і Я яго любіць буду, і аб'яўлю яму сябе самога".
Юда, не Іскарыёт, кажа Яму: «Пане, як сталася, што Ты хочаш аб’явіцца нам, а не свету?»
Сказаў Яму Юда, але не Іскарыёт: "Госпадзе, чаму гэта маеш аб'явіцца нам, а ня сьвету?"
Езус сказаў яму ў адказ: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго.
У адказ сказаў яму Езус: "Калі хто Мяне любіць, будзе берагчы слова Маё, і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і зробім сялібу ў яго.
Хто не любіць Мяне, той не захоўвае слоў Маіх. А слова, якое вы чуеце, не Маё, а Айца, які паслаў Мяне.
Хто Мяне ня любіць, не беражэ слова Майго. А слова, каторае чуеце, не Маё, але Айца, які паслаў Мяне.
Я сказаў вам гэта, будучы з вамі.
Гэта вам сказаў, між вас прабываючы.
А Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам.
А Пацяшыцель, Дух Сьвяты, якога Айцец пашле ў імя Маё, Ён вас усяго навучыць ды прыпомніць вам усё, што Я вам казаў.
Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца.
Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам; не як дае сьвет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае, і няхай не баіцца.
Вы чулі, што Я сказаў вам: адыходжу і прыйду да вас. Калі б вы Мяне любілі, то радаваліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне.
Чулі, што Я сказаў вам: Адыходжу і прыйду да вас. Калі б вы Мяне любілі, сапраўды цешыліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец большы, чым Я.
І цяпер Я сказаў вам, перш чым гэта станецца, каб вы паверылі, калі гэта станецца.
І цяпер сказаў Я вам, перш чым станецца тое, каб калі станецца, паверылі.
Ужо нядоўга Мне размаўляць з вамі, бо надыходзіць валадар гэтага свету. Ён нічога не мае ўва Мне.
Шмат ужо ня буду вам гаварыць. Надыходзіць вось князь гэтага сьвету, але ён ня мае нічога ў-ва Мне,
Але каб свет ведаў, што Я люблю Айца і раблю так, як наказаў Мне Айцец. Устаньце, пойдзем адгэтуль.
але каб сьвет пазнаў, што Я люблю Айца ды як Айцец Мне загадаў, так раблю. Падымецеся, хадземце адсюль.