Яна 14 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце.
Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і верце ў Мяне.
У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас.
У доме Айца Майго жытла шмат, бо калі б гэтак не было, Я сказаў бы вам, бо іду падрыхтаваць вам месца.
А калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я.
І, калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду ізноў, і вазьму вас да Сябе, каб і вы былі, дзе Я.
А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце».
І куды Я іду, вы ведаеце, і шлях ведаеце».
Кажа яму Тамаш: «Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?»
Кажа Яму Тамаш: «Госпадзе! Ня ведаем, куды ідзеш, дык як можам ведаць шлях?»
Езус сказаў яму: «Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне.
Кажа яму Ісус: «Я ёсьць шлях, і праўда, і жыцьцё. Ніхто не прыходзіць да Айца, калі не праз Мяне.
Калі вы ведаеце Мяне, то будзеце ведаць і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі».
Калі б вы пазналі Мяне, пазналі б і Айца Майго. І ад цяпер пазналі Яго і бачылі Яго».
Філіп кажа Яму: «Пане, пакажы нам Айца, і хопіць нам».
Кажа яму Філіп: «Госпадзе! Пакажы нам Айца, і хопіць з нас».
Адказаў яму Езус: «Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца. Дык чаму ты кажаш: “Пакажы нам Айца?”
Кажа яму Ісус: «Гэтулькі часу Я з вамі, і ты не пазнаў Мяне, Філіп? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца; дык як ты кажаш: “Пакажы нам Айца”?
Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы.
Ці ж ты ня верыш, што Я ў Айцу, і Айцец у-ва Мне? Словы, якія Я гавару вам, не гавару ад Сябе. Айцец, Які ў-ва Мне, Ён робіць гэтыя справы.
Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх спраў.
Верце Мне, што Я ў Айцу, і Айцец у-ва Мне; калі ж не, дзеля самых гэтых справаў верце Мне.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць тыя справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я да Айца Майго іду.
І тое, аб чым папросіце ў імя Маё, Я зраблю гэта, каб уславіўся Айцец у Сыне.
І што папросіце ў імя Маё, тое зраблю, каб быў праслаўлены Айцец у Сыне.
Калі аб чым папросіце Мяне ў імя Маё, Я зраблю гэта.
Калі што папросіце ў імя Маё, Я зраблю.
Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі.
Калі любіце Мяне, захоўвайце прыказаньні Мае.
І Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшыцеля, каб быў з вамі навекі,
І Я ўпрашу Айца, і Ён дасьць вам другога Абаронцу, каб заставаўся з вамі на вякі,
Духа праўды, якога свет не можа прыняць, таму што не бачыць Яго і не ведае. А вы Яго ведаеце, бо Ён з вамі ёсць і ў вас будзе.
Духа праўды, Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і не пазнаў Яго, а вы пазналі Яго, бо Ён з вамі застаецца і ў вас будзе.
Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас.
Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас.
Яшчэ крыху і свет ужо не ўбачыць Мяне. Вы ж бачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.
Яшчэ трохі, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне, а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.
У той дзень пазнаеце, што Я ў Айцу Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас.
У той дзень даведаецеся, што Я ў Айцу Маім, і вы ў-ва Мне, і Я ў вас.
Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і аб’яўлюся яму».
Хто мае прыказаньні Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне, а таго, хто любіць Мяне, будзе любіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і зьяўлю яму Сябе».
Юда, не Іскарыёт, кажа Яму: «Пане, як сталася, што Ты хочаш аб’явіцца нам, а не свету?»
Кажа Яму Юда, не Іскарыёт: «Госпадзе! Што сталася, што Ты маеш зьявіць Сябе нам, а ня сьвету?»
Езус сказаў яму ў адказ: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго.
Адказаў Ісус і сказаў яму: «Хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё; і Айцец Мой палюбіць яго; і Мы прыйдзем да яго і зробім жытло ў яго.
Хто не любіць Мяне, той не захоўвае слоў Маіх. А слова, якое вы чуеце, не Маё, а Айца, які паслаў Мяне.
Хто ня любіць Мяне, не захоўвае словаў Маіх, а слова, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, але Айца, Які паслаў Мяне.
Я сказаў вам гэта, будучы з вамі.
Гэтае сказаў Я вам, пакуль Я з вамі.
А Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам.
Абаронца ж, Дух Сьвяты, Якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяго і нагадае вам усё, што Я казаў вам.
Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца.
Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам; ня так, як сьвет дае, Я даю вам. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не палохаецца.
Вы чулі, што Я сказаў вам: адыходжу і прыйду да вас. Калі б вы Мяне любілі, то радаваліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне.
Вы чулі, што Я сказаў вам: “Зыходжу і прыйду да вас”. Калі б вы любілі Мяне, то ўзрадаваліся б, што Я сказаў: “Іду да Айца”, бо Айцец Мой большы за Мяне.
І цяпер Я сказаў вам, перш чым гэта станецца, каб вы паверылі, калі гэта станецца.
І цяпер Я сказаў вам, перш, чым сталася, каб, калі станецца, вы паверылі.
Ужо нядоўга Мне размаўляць з вамі, бо надыходзіць валадар гэтага свету. Ён нічога не мае ўва Мне.
Ужо няшмат буду гаварыць з вамі, бо прыходзіць князь гэтага сьвету, і ў-ва Мне ня мае нічога,
Але каб свет ведаў, што Я люблю Айца і раблю так, як наказаў Мне Айцец. Устаньце, пойдзем адгэтуль.
але, каб сьвет даведаўся, што Я люблю Айца і, як загадаў Мне Айцец, так і раблю. Устаньце, пойдзем адгэтуль.