Яна 16 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Я сказаў вам гэта, каб вы не зняверыліся.
 
Гэта сказаў Я вам, каб вы ня згоршыліся.

Вас адлучаць ад сінагогі. Але прыходзіць час, калі кожны, хто заб’е вас, будзе думаць, што здзяйсняе пакланенне Богу.
 
Будуць выключаць вас з сынагогаў; нават прыходзіць гадзіна, калі кожны, хто заб’е вас, будзе думаць, што выконвае служэньне Богу.

І так будуць рабіць, бо не пазналі ні Айца, ні Мяне.
 
І гэтак учыняць вам, бо не пазналі ані Айца, ані Мяне.

Але я сказаў вам гэта, каб вы, калі прыйдзе іхні час, згадалі тое, што Я сказаў вам. Я не казаў вам гэтага ад пачатку, бо Я быў з вамі.
 
Але Я сказаў вам гэта, каб, калі прыйдзе тая гадзіна, вы памяталі, што Я сказаў вам; а не казаў вам гэтага спачатку, бо быў з вамі.

Цяпер Я адыходжу да таго, хто паслаў Мяне, і ніхто з вас не пытаецца ў Мяне: “Куды ідзеш?”
 
Цяпер жа Я іду да Таго, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас не пытаецца ў Мяне: “Куды ідзеш?”

Але таму, што Я сказаў вам гэта, смутак напоўніў сэрца вашае.
 
Але ад таго, што Я сказаў вам гэта, смутак напоўніў сэрца вашае.

Аднак Я кажу вам праўду: лепш для вас, каб Я адышоў. Бо калі Я не адыду, Суцяшыцель не прыйдзе да вас. А калі адыду, пашлю Яго да вас.
 
Але Я праўду кажу вам: карысьней для вас, каб Я адыйшоў; бо калі Я не адыйду, Абаронца ня прыйдзе да вас, а калі пайду, пашлю Яго да вас,

Калі Ён прыйдзе, пераканае свет наконт граху, справядлівасці і суда.
 
і Ён, прыйшоўшы, будзе дакараць сьвет у грэху, праведнасьці і судзе;

Наконт граху, бо не вераць у Мяне.
 
у грэху, што ня вераць у Мяне;

Наконт справядлівасці, бо іду да Айца, і вы ўжо не ўбачыце Мяне.
 
у праведнасьці, што Я да Айца Майго іду, і ўжо ня ўбачыце Мяне;

Наконт суда, бо князь гэтага свету ўжо асуджаны.
 
а ў судзе, што князь сьвету гэтага асуджаны.

Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці.
 
Яшчэ шмат што маю сказаць вам, але вы цяпер ня можаце перанесьці.

Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе. Бо не ад сябе будзе прамаўляць, а будзе казаць вам тое, што пачуе, і будучыню абвесціць вам.
 
Калі ж прыйдзе Ён, Дух Праўды, то будзе весьці вас да ўсякае праўды, бо не ад Сябе гаварыць будзе, але будзе гаварыць тое, што пачуе, і абвесьціць вам, што мае прыйсьці.

Ён уславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесціць вам.
 
Ён праславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам абвесьціць.

Усё, што мае Айцец, гэта Маё. Таму Я сказаў вам, што з Майго возьме і абвесціць вам.
 
Усё, што мае Айцец, ёсьць Маё; таму Я сказаў, што з Майго возьме і вам абвесьціць.

Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне».
 
Крыху, і ня будзеце бачыць Мяне; і зноў крыху, і ўгледзіце Мяне, бо Я да Айца іду».

Некаторыя з вучняў сказалі адзін аднаму: «Што гэта Ён кажа нам: “Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне,” і: “Я іду да Айца”?»
 
Тады гаварылі некаторыя з вучняў Ягоных паміж сабою: «Што гэта Ён кажа нам: “Крыху, і ня будзеце бачыць Мяне, і зноў крыху, і ўгледзіце Мяне”, і: “Я да Айца іду”?»

Казалі таксама: «Што гэта значыць: “Яшчэ крыху”? Не ведаем, што Ён кажа».
 
Тады гаварылі: «Што гэта значыць, што Ён кажа: “Крыху”? Ня ведаем, што гаворыць».

А Езус пазнаў, што хацелі ў Яго спытаць, і сказаў ім: «Распытваецеся адзін у аднаго пра тое, што Я сказаў: “Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне?”
 
Тады зразумеў Ісус, што хацелі спытацца ў Яго, і сказаў ім: «Ці пра тое пытаецеся адзін у аднаго, што Я сказаў: “Крыху, і ня будзеце бачыць Мяне, і зноў крыху, і ўгледзіце Мяне”?

Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе радавацца. Вы будзеце смуткаваць, але смутак ваш абернецца ў радасць.
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет узрадуецца; вы сумныя будзеце, але смутак ваш радасьцю станецца.

Жанчына, калі нараджае, смуткуе, бо прыйшла яе гадзіна. Калі ж народзіць дзіця, ужо не памятае з радасці пра боль, бо чалавек нарадзіўся на свет.
 
Жанчына, калі нараджае, мае смутак, бо прыйшла яе гадзіна, але, калі народзіць дзіця, дык ужо ня памятае пра гора ад радасьці, бо нарадзіўся чалавек у сьвет.

Так і вы цяпер смуткуеце, але Я зноў убачу вас, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасці вашай ніхто не адбярэ ў вас.
 
Так і вы цяпер маеце смутак, але Я ўбачу вас ізноў, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасьці вашай ніхто не забярэ ў вас.

У той дзень вы ні пра што не будзеце ў Мяне пытацца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі чаго ў імя Маё папросіце ў Айца, дасць вам.
 
І ў той дзень ня будзеце пытацца ў Мяне ні пра што. Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі пра што папросіце Айца ў імя Маё, Ён дасьць вам.

Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя Маё. Прасіце і атрымаеце, каб радасць вашая была поўнай.
 
Да сёньня вы нічога не прасілі ў імя Маё. Прасіце, і атрымаеце, каб радасьць вашая была поўная.

Гэта Я казаў вам у прыпавесцях. Надыходзіць час, калі ўжо не ў прыпавесцях буду казаць, а адкрыта абвяшчу вам пра Айца.
 
Гэта ў прыказках гаварыў Я вам, але прыходзіць гадзіна, калі ўжо ня буду гаварыць у прыказках, але адкрыта абвяшчу вам пра Айца.

У той дзень будзеце прасіць у імя Маё. І не кажу, што Я буду прасіць Айца за вас.
 
У той дзень будзеце прасіць у імя Маё, і не кажу вам, што Я буду прасіць Айца за вас,

Сам Айцец любіць вас, бо вы Мяне палюбілі і паверылі, што Я выйшаў ад Бога.
 
бо Сам Айцец сябруе з вамі, бо вы пасябравалі са Мною і паверылі, што Я ад Бога зыйшоў.

Я выйшаў ад Айца і прыйшоў у свет. Зноў пакідаю свет і іду да Айца».
 
Я зыйшоў ад Айца і прыйшоў у сьвет, і зноў пакідаю сьвет і іду да Айца».

Вучні сказалі Езусу: «Вось цяпер Ты гаворыш адкрыта і не кажаш ніякай прыпавесці.
 
Кажуць Яму вучні Ягоныя: «Вось, Ты цяпер адкрыта гаворыш і прыказкі аніякай не кажаш.

Цяпер мы ведаем, што Ты ведаеш усё і не маеш патрэбы, каб нехта пытаўся ў Цябе. Таму верым, што Ты прыйшоў ад Бога».
 
Цяпер ведаем, што Ты ведаеш усё і ня маеш патрэбы, каб хто пытаўся ў Цябе. Дзеля гэтага верым, што Ты ад Бога зыйшоў».

Езус адказаў ім: «Цяпер верыце?
 
Адказаў ім Ісус: «Цяпер верыце?

Вось надыходзіць час і ўжо настаў, калі вы рассеецеся кожны ў свой бок і Мяне пакінеце аднаго. Але Я не адзін, бо Айцец са Мною.
 
Вось, прыходзіць гадзіна, і ўжо прыйшла, калі вы расьсеецеся кожны ў свой бок і пакінеце Мяне аднаго. Але Я не адзін, бо Айцец са Мною.

Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі ўва Мне спакой. У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет».
 
Гэта сказаў Я вам, каб мелі супакой у-ва Мне. У гэтым сьвеце гора мець будзеце, але будзьце пэўныя, Я перамог сьвет».