Лукаша 1 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 1999
Паколькі ўжо многія імкнуліся скласці апавяданне пра падзеі, якія адбыліся сярод нас,
Многія ўжо спрабавалі ўдакладніць падзеі, якія ў нас адбыліся,
як перадалі нам тыя, што ад пачатку былі відавочцамі і слугамі слова,
як пераказалі нам тыя, што ад пачатку былі вачавідцамі і слугамі Слова.
вырашыў і я дакладна даследаваць усё ад пачатку і апісаць табе ўсё па парадку, дастойны Тэафіле,
Таксама і я, старана разгледзеўшы ўсё ад пачатку, рашыўся па парадку апісаць табе, дастойны Тэафілю,
каб ты пазнаў праўдзівасць таго, чаму быў навучаны.
каб ты пераканаўся ў праўдзівасьці словаў, у якіх ты быў навучаны.
У дні Ірада, караля юдэйскага, быў адзін святар, па імені Захарыя, з роду Абія. Ён меў жонку з дачок Аарона, а імя яе было Альжбета.
У дні Герода, караля Юдэі, жыў адзін сьвятар на імя Захарыя з Абіявае чаргі. Ён меў жонку, з дачок Ааронавых, імя яе Альжбета.
Абое былі справядлівымі перад Богам, жывучы беззаганна паводле ўсіх запаведзяў і наказаў Пана.
Яны абое былі справядлівымі перад Богам, беззаганна спаўняючы ўсе прыказаньні і пастановы Госпадавы.
Але не мелі дзіцяці, бо Альжбета была бясплоднай; і абое былі ўжо ў старым узросце.
Ды ня мелі сына, бо Альжбета была няплоднай, а абое былі ўжо ў пажылым веку.
Калі Захарыя ў парадку сваёй чаргі выконваў святарскае служэнне перад Богам,
І сталася, калі ён адбываў службу сьвятарскую перад Богам у сваёй чарзе,
яму паводле святарскага звычаю выпаў лёс увайсці ў святыню Пана, каб прынесці ахвяру каджэння.
па жэрабю, як быў звычай у сьвятароў, выпала яму ўвайсьці ў сьвятыню Госпадаву для каджэньня,
Усё ж мноства народу малілася звонку падчас каджэння.
а ўсё мноства народу ў час каджэньня малілася навонкі.
І з’явіўся яму анёл Пана, які стаяў з правага боку кадзільнага ахвярніка.
І зьявіўся перад ім анёл Госпадаў, стоячы па правым баку аўтара каджэньня,
Захарыя збянтэжыўся, калі ўбачыў анёла, і страх ахапіў яго.
дык Захарыя стрывожыўся, бачачы гэта, ды вялікі страх ахапіў яго.
Анёл жа сказаў яму: «Не бойся, Захарыя, бо выслухана просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, а ты назавеш яго імем Ян.
Тады анёл прамовіў да яго: "Ня бойся, Захарыя, бо выслухана маленьне тваё, вось жа жана твая Альжбета народзіць табе сына, і назавеш яго імем Ян.
Будзе табе радасць і весялосць, і шмат хто ўзрадуецца нараджэнню ягонаму.
Ён будзе табе радасьцяй і пацехай, ды многія будуць радавацца з яго нараджэньня.
Бо ён будзе вялікі ў вачах Пана, не будзе піць ні віна, ні сіцэры і напоўніцца Духам Святым яшчэ ва ўлонні сваёй маці.
Ён будзе вялікім на віду Госпада, і ня будзе піць віна і сікеры, ды ад улоньня маці будзе напоўнены Духам Сьвятым,
Многіх з сыноў Ізраэля наверне да іхняга Пана Бога.
і многіх сыноў Ізраэля наверне да Госпада, Бога іхняга.
І сам пойдзе перад Ім у духу і моцы Іллі, каб вярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, і непаслухмяных — да разважлівасці справядлівых, каб падрыхтаваць Пану народ дасканалы».
І пройдзе перад Ім у духу і моцы Гальяша, каб вярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, а няверучых — да мудрасьці справядлівых, каб прырыхтаваць Госпаду народ дасканалы".
Тады сказаў Захарыя анёлу: «Па чым я пазнаю гэта? Бо я стары і жонка мая ў старым узросце».
І сказаў Захарыя анёлу: "З чаго я магу гэта ведаць? Я бо стары, і жонка мая пажылая ў гадах сваіх".
Анёл сказаў яму ў адказ: «Я Габрыэль, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою, і абвясціць табе добрую навіну пра гэта.
У адказ сказаў яму анёл: "Я — Габрыель, каторы стаю перад Богам, і пасланы Ім гаварыць з табою, і абвясьціць табе радасную вестку.
І вось, ты будзеш маўчаць і не зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час».
І вось станешся нямым ды ня будзеш магчы гаварыць аж да дня, у які гэта зьдзейсьніцца, таму што ты не паверыў словам маім, якія споўняцца ў свой час".
Народ жа чакаў Захарыю і дзівіўся, што ён затрымліваецца ў святыні.
І народ чакаў Захарыю, і дзівіліся, што ён так доўга прабывае ў сьвятыні.
А калі выйшаў, не мог гаварыць з імі; і яны пазналі, што ён бачыў з’яўленне ў святыні. А ён гаварыў з імі на мігах і заставаўся нямым.
Выйшаўшы, ён ня мог да іх гаварыць, дык пазналі, што ён бачыў зьяву ў сьвятыні. А ён даваў ім знакі і застаўся нямым.
Калі скончыліся дні служэння ягонага, ён вярнуўся ў свой дом.
І сталася, калі скончыліся дні службы ягонай, ён вярнуўся ў дом свой.
І пасля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная, і ўкрывалася пяць месяцаў, кажучы:
Па нейкім часе жонка яго, Альжбета, пачала дзіця і праз пяць месяцаў скрывалася, кажучы:
«Так учыніў мне Пан у тыя дні, калі глянуў на мяне, каб зняць з мяне ганьбу перад людзьмі».
"Так учыніў мне Госпад ў дні, у якія ўзглянуў на мяне, каб зьняць ганьбу маю на віду ў людзей".
У шосты месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт,
А ў шосты месяц быў пасланы Богам анёл Габрыель у горад у Галілеі, званы Назарэт,
да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.
да Дзевы, заручанай мужу, які меў імя Язэп, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.
Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою».
Увайшоўшы да яе, анёл прывітаў: "Вітай, поўная ласкі, Госпад з табою".
Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.
А яна ж стрывожылася дзеля словаў ягоных ды думала сабе, што гэта за прывітаньне такое?
І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана.
І сказаў ёй анёл: "Ня бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Бога.
Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус.
Вось жа пачнеш ва ўлоньні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус.
Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага,
Ён будзе вялікім і Сынам Узвышняга будзе названы. І дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага;
і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца».
і будзе Ён валадарыць над домам Якуба вечна, і валадарству Ягонаму ня будзе канца".
І сказала Марыя анёлу: «Як станецца гэта, калі я мужа не знаю?»
Марыя ж сказала анёлу: "Як жа гэта можа стацца, калі я мужа ня знаю?"
Анёл сказаў Ёй у адказ: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым.
У адказ анёл сказаў ёй: "Дух Сьвяты зыйдзе на Цябе, і моц Узвышняга агарне Цябе. Таму, што народзіцца сьвятое, Сынам Божым назавецца.
Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй; і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай,
Вось сваячка Твая Альжбета, і яна пачала дзіця ў сваёй старасьці, і ўжо шосты месяц у той, каторую завуць бясплоднай,
бо для Бога няма нічога немагчымага».
бо ў Бога ня будзе немагчымым ніводнае слова".
Тады Марыя сказала: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І адышоў ад Яе анёл.
Марыя ж сказала: "Вось жа Я — служанка Госпадава, хай Мне станецца паводле Твайго слова". І анёл адыйшоў ад Яе.
Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды.
У тыя дні Марыя, устаўшы, пайшла з пасьпехам у горы, у горад (пакаленьня) Юды.
Яна ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету.
І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.
Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым.
І калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, падскочыла дзіцятка ў ейным улоньні, і Дух Сьвяты напоўніў Альжбету,
Яна ўсклікнула моцным голасам і сказала: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго.
і загаманіла яна моцным голасам, кажучы: "Багаслаўленая Ты між жанчынаў, і багаслаўлены плод улоньня Твайго.
Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?
А скуль жа мне гэта ласка, што Маці Госпада майго прыйшла да мяне?
Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні маім.
Бо як толькі загучэў голас прывітаньня Твайго ў вушах маіх, падскочыла з радасьцяй дзіцятка ў маім улоньні.
І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам».
І шчасьлівая тая, што ўверыла, бо споўніцца сказанае Ёй ад Госпада".
І сказала Марыя: «Велічае душа мая Пана,
І сказала Марыя: "Узьвялічвае душа Мая Госпада,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу,
і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збаўцы Маім,
бо глянуў Бог на пакору сваёй слугі.І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
бо ўзглянуў Ён на пакорнасьць служанкі сваёй. Вось адгэтуль шчасьлівай называць Мяне будуць усе роды,
Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,а імя Яго святое.
бо зрабіў Мне вялікія рэчы Магутны, і сьвятое імя Яго,
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленненад тымі, хто Яго баіцца.
і міласэрдзе Ягонае з пакаленьня ў пакаленьне тым, што баяцца Яго.
Паказаў моц сваёй правіцы,рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.
Выявіў магутнасьць пляча свайго, разагнаў пыхлівых у намерах сэрцаў сваіх,
Скінуў магутных з тронаі ўзвысіў пакорных.
спіхнуў моцных з пасадаў і ўзвысіў пакорных.
Дабром галодных насыціў,а багатых ні з чым адправіў.
Галодных насыціў даброцьцем, а багатых адправіў ні з чым.
Прыняў свайго слугу Ізраэля,памятаючы пра сваю міласэрнасць,
Прытуліў Ізраэля, слугу свайго, памятаючы на міласэрдзе,
як абяцаў бацькам нашым,Абрагаму і яго патомству навекі».
як прадказаў бацькам нашым, Абрагаму і нашчадкам ягоным навекі".
Прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў і вярнулася ў свой дом.
Ды заставалася з ёю Марыя каля трох месяцаў, і вярнулася ў свой дом.
Альжбеце ж надышоў час нараджаць, і яна нарадзіла сына.
А Альжбеце настаў час радзіць, і яна нарадзіла сына.
Калі пачулі суседзі і сваякі яе, што Пан учыніў вялікай міласэрнасць сваю да яе, радаваліся разам з ёю.
Яе суседзі і сваякі, пачуўшы, што Госпад аказаў ёй сваё вялікае міласэрдзе, радаваліся разам з ёю.
На восьмы дзень прыйшлі абразаць дзіця і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарыем.
У восьмы дзень сабраліся яны абрэзаць хлапчука ды назваць яго імем бацькі ягонага, Захарыям.
Але, адказваючы, маці ягоная сказала: «Не, але будзе названы Янам».
І, запытаная, маці яго адказала: "Ніякім чынам, але будзе названы Ян".
Тады сказалі ёй: «Няма нікога з тваёй радні, хто б называўся такім імем».
Сказалі ёй: "У родзе тваім няма нікога, хто б называўся гэтым імем".
У бацькі ж ягонага пыталіся на мігах, як бы хацеў назваць яго.
Дык пыталі на мігі ў бацькі яго, як ён хацеў бы назваць яго.
Ён, папрасіўшы таблічку, напісаў: «Ян — імя яго». І ўсе здзівіліся.
А той запатрабаваў табліцы і напісаў словамі: "Ян імя яго". Дык зьдзівіліся ўсе.
У гэты момант адразу адкрыліся вусны ягоныя і развязаўся язык ягоны, і ён загаварыў, праслаўляючы Бога.
А ў гэты момант расчыніліся вусны яго ды язык яго і стаў гаварыць, багаславячы Бога.
Ахапіў страх усіх суседзяў іхніх, і па ўсёй горнай краіне Юдэі яны расказвалі пра ўсё гэта.
Дык ахапіў страх усіх іхніх суседзяў, і па ўсіх гарах Юдэі разьнеслася вестка пра гэта здарэньне.
Усе, хто чуў, разважалі пра гэта ў сэрцах сваіх і казалі: «Што ж гэта будзе за дзіця?» Бо рука Пана была з ім.
А ўсе, што пра гэта пачулі, разважалі ў сэрцы сваім, кажучы: "Кім жа будзе гэта дзіця?" Бо рука Госпадава была з ім.
А Захарыя, бацька яго, напоўніўся Духам Святым і прарочыў, кажучы:
І Захарыя, бацька яго, напоўнены Духам Сьвятым, праракаваў у гэтыя словы:
«Благаслаўлёны Пан, Бог Ізраэля,бо наведаў і адкупіў народ свой,
"Багаслаўлены Госпад, Бог Ізраэля, бо наведаў і адкупіў народ свой,
і ўзняў моц збаўлення для насу доме Давіда, слугі свайго.
і падняў рог збаўленьня нашага ў доме Давіда, слугі свайго,
Як абвясціў спрадвекувуснамі сваіх святых прарокаў,
як прадказаў вуснамі сьвятых прарокаў сваіх, якія жылі ад вякоў,
што збавіць нас ад ворагаў нашыхі ад рук усіх, хто нас ненавідзіць.
збаўленьне ад ворагаў нашых, ды з рук тых, што ненавідзяць нас;
Каб праявіць міласэрнасць да айцоў нашыхі нагадаць пра святы запавет свой.
каб аказаць міласэрдзе бацькам нашым, помнячы на сьвяты запавет свой,
Прысягу, якую даў Абрагаму, айцу нашаму,дасць нам.
і на прысягу, якую даў Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам,
Каб, выбаўленыя з рук ворагаў,мы без страху служылі Яму
каб без страху, асвабоджаныя з рук непрыяцеляў, служылі Яму
ў святасці і справядлівасці перад Імва ўсе дні нашыя.
ў сьвятасьці і справядлівасьці перад Ім у-ва ўсе дні нашыя.
А ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага будзеш названа,бо пойдзеш прад абліччам Пана падрыхтаваць шляхі Яму;
І ты, юнача, названы будзеш прарокам Узвышняга, бо пойдзеш перад воблікам Госпада, правячы дарогі Ягоныя,
каб даць народу Ягонаму пазнаць збаўленнепраз адпушчэнне яго грахоў,
каб даць народу Ягонаму навуку збаўленьня для адпушчэньня грахоў іхніх,
дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога,у якой наведаў нас Усход з вышыні;
праз міласэрдзе бязмежнае Бога нашага, каторы наведаў нас, зыходзячы з вышыняў,
каб асвятліць тых, хто сядзіць у цемры і ў цені смяротным;каб накіраваць ногі нашыя на шлях спакою».
каб асьвяціць тых, што сядзяць ў поцемках ды ў засеню сьмерці, каб накіраваць ногі нашыя на шлях супакою".
А дзіця расло і ўзмацнялася духам, і заставалася на пустыні да дня свайго з’яўлення перад Ізраэлем.
А дзіця расло і ўзмацоўвалася у духу, ды прабывала ў пустыні аж да дня свайго паяўленьня перад Ізраэлем.