Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Лукі 1 Паводле Лукі 1 разьдзел

1 Многія ўжо спрабавалі ўдакладніць падзеі, якія ў нас адбыліся,
2 як пераказалі нам тыя, што ад пачатку былі вачавідцамі і слугамі Слова.
3 Таксама і я, старана разгледзеўшы ўсё ад пачатку, рашыўся па парадку апісаць табе, дастойны Тэафілю,
4 каб ты пераканаўся ў праўдзівасьці словаў, у якіх ты быў навучаны.
5 У дні Герода, караля Юдэі, жыў адзін сьвятар на імя Захарыя з Абіявае чаргі. Ён меў жонку, з дачок Ааронавых, імя яе Альжбета.
6 Яны абое былі справядлівымі перад Богам, беззаганна спаўняючы ўсе прыказаньні і пастановы Госпадавы.
7 Ды ня мелі сына, бо Альжбета была няплоднай, а абое былі ўжо ў пажылым веку.
8 І сталася, калі ён адбываў службу сьвятарскую перад Богам у сваёй чарзе,
9 па жэрабю, як быў звычай у сьвятароў, выпала яму ўвайсьці ў сьвятыню Госпадаву для каджэньня,
10 а ўсё мноства народу ў час каджэньня малілася навонкі.
11 І зьявіўся перад ім анёл Госпадаў, стоячы па правым баку аўтара каджэньня,
12 дык Захарыя стрывожыўся, бачачы гэта, ды вялікі страх ахапіў яго.
13 Тады анёл прамовіў да яго: "Ня бойся, Захарыя, бо выслухана маленьне тваё, вось жа жана твая Альжбета народзіць табе сына, і назавеш яго імем Ян.
14 Ён будзе табе радасьцяй і пацехай, ды многія будуць радавацца з яго нараджэньня.
15 Ён будзе вялікім на віду Госпада, і ня будзе піць віна і сікеры, ды ад улоньня маці будзе напоўнены Духам Сьвятым,
16 і многіх сыноў Ізраэля наверне да Госпада, Бога іхняга.
17 І пройдзе перад Ім у духу і моцы Гальяша, каб вярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, а няверучых — да мудрасьці справядлівых, каб прырыхтаваць Госпаду народ дасканалы".
18 І сказаў Захарыя анёлу: "З чаго я магу гэта ведаць? Я бо стары, і жонка мая пажылая ў гадах сваіх".
19 У адказ сказаў яму анёл: "Я — Габрыель, каторы стаю перад Богам, і пасланы Ім гаварыць з табою, і абвясьціць табе радасную вестку.
20 І вось станешся нямым ды ня будзеш магчы гаварыць аж да дня, у які гэта зьдзейсьніцца, таму што ты не паверыў словам маім, якія споўняцца ў свой час".
21 І народ чакаў Захарыю, і дзівіліся, што ён так доўга прабывае ў сьвятыні.
22 Выйшаўшы, ён ня мог да іх гаварыць, дык пазналі, што ён бачыў зьяву ў сьвятыні. А ён даваў ім знакі і застаўся нямым.
23 І сталася, калі скончыліся дні службы ягонай, ён вярнуўся ў дом свой.
24 Па нейкім часе жонка яго, Альжбета, пачала дзіця і праз пяць месяцаў скрывалася, кажучы:
25 "Так учыніў мне Госпад ў дні, у якія ўзглянуў на мяне, каб зьняць ганьбу маю на віду ў людзей".
26 А ў шосты месяц быў пасланы Богам анёл Габрыель у горад у Галілеі, званы Назарэт,
27 да Дзевы, заручанай мужу, які меў імя Язэп, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.
28 Увайшоўшы да яе, анёл прывітаў: "Вітай, поўная ласкі, Госпад з табою".
29 А яна ж стрывожылася дзеля словаў ягоных ды думала сабе, што гэта за прывітаньне такое?
30 І сказаў ёй анёл: "Ня бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Бога.
31 Вось жа пачнеш ва ўлоньні і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус.
32 Ён будзе вялікім і Сынам Узвышняга будзе названы. І дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага;
33 і будзе Ён валадарыць над домам Якуба вечна, і валадарству Ягонаму ня будзе канца".
34 Марыя ж сказала анёлу: "Як жа гэта можа стацца, калі я мужа ня знаю?"
35 У адказ анёл сказаў ёй: "Дух Сьвяты зыйдзе на Цябе, і моц Узвышняга агарне Цябе. Таму, што народзіцца сьвятое, Сынам Божым назавецца.
36 Вось сваячка Твая Альжбета, і яна пачала дзіця ў сваёй старасьці, і ўжо шосты месяц у той, каторую завуць бясплоднай,
37 бо ў Бога ня будзе немагчымым ніводнае слова".
38 Марыя ж сказала: "Вось жа Я — служанка Госпадава, хай Мне станецца паводле Твайго слова". І анёл адыйшоў ад Яе.
39 У тыя дні Марыя, устаўшы, пайшла з пасьпехам у горы, у горад (пакаленьня) Юды.
40 І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.
41 І калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, падскочыла дзіцятка ў ейным улоньні, і Дух Сьвяты напоўніў Альжбету,
42 і загаманіла яна моцным голасам, кажучы: "Багаслаўленая Ты між жанчынаў, і багаслаўлены плод улоньня Твайго.
43 А скуль жа мне гэта ласка, што Маці Госпада майго прыйшла да мяне?
44 Бо як толькі загучэў голас прывітаньня Твайго ў вушах маіх, падскочыла з радасьцяй дзіцятка ў маім улоньні.
45 І шчасьлівая тая, што ўверыла, бо споўніцца сказанае Ёй ад Госпада".
46 І сказала Марыя: "Узьвялічвае душа Мая Госпада,
47 і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збаўцы Маім,
48 бо ўзглянуў Ён на пакорнасьць служанкі сваёй. Вось адгэтуль шчасьлівай называць Мяне будуць усе роды,
49 бо зрабіў Мне вялікія рэчы Магутны, і сьвятое імя Яго,
50 і міласэрдзе Ягонае з пакаленьня ў пакаленьне тым, што баяцца Яго.
51 Выявіў магутнасьць пляча свайго, разагнаў пыхлівых у намерах сэрцаў сваіх,
52 спіхнуў моцных з пасадаў і ўзвысіў пакорных.
53 Галодных насыціў даброцьцем, а багатых адправіў ні з чым.
54 Прытуліў Ізраэля, слугу свайго, памятаючы на міласэрдзе,
55 як прадказаў бацькам нашым, Абрагаму і нашчадкам ягоным навекі".
56 Ды заставалася з ёю Марыя каля трох месяцаў, і вярнулася ў свой дом.
57 А Альжбеце настаў час радзіць, і яна нарадзіла сына.
58 Яе суседзі і сваякі, пачуўшы, што Госпад аказаў ёй сваё вялікае міласэрдзе, радаваліся разам з ёю.
59 У восьмы дзень сабраліся яны абрэзаць хлапчука ды назваць яго імем бацькі ягонага, Захарыям.
60 І, запытаная, маці яго адказала: "Ніякім чынам, але будзе названы Ян".
61 Сказалі ёй: "У родзе тваім няма нікога, хто б называўся гэтым імем".
62 Дык пыталі на мігі ў бацькі яго, як ён хацеў бы назваць яго.
63 А той запатрабаваў табліцы і напісаў словамі: "Ян імя яго". Дык зьдзівіліся ўсе.
64 А ў гэты момант расчыніліся вусны яго ды язык яго і стаў гаварыць, багаславячы Бога.
65 Дык ахапіў страх усіх іхніх суседзяў, і па ўсіх гарах Юдэі разьнеслася вестка пра гэта здарэньне.
66 А ўсе, што пра гэта пачулі, разважалі ў сэрцы сваім, кажучы: "Кім жа будзе гэта дзіця?" Бо рука Госпадава была з ім.
67 І Захарыя, бацька яго, напоўнены Духам Сьвятым, праракаваў у гэтыя словы:
68 "Багаслаўлены Госпад, Бог Ізраэля, бо наведаў і адкупіў народ свой,
69 і падняў рог збаўленьня нашага ў доме Давіда, слугі свайго,
70 як прадказаў вуснамі сьвятых прарокаў сваіх, якія жылі ад вякоў,
71 збаўленьне ад ворагаў нашых, ды з рук тых, што ненавідзяць нас;
72 каб аказаць міласэрдзе бацькам нашым, помнячы на сьвяты запавет свой,
73 і на прысягу, якую даў Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам,
74 каб без страху, асвабоджаныя з рук непрыяцеляў, служылі Яму
75 ў сьвятасьці і справядлівасьці перад Ім у-ва ўсе дні нашыя.
76 І ты, юнача, названы будзеш прарокам Узвышняга, бо пойдзеш перад воблікам Госпада, правячы дарогі Ягоныя,
77 каб даць народу Ягонаму навуку збаўленьня для адпушчэньня грахоў іхніх,
78 праз міласэрдзе бязмежнае Бога нашага, каторы наведаў нас, зыходзячы з вышыняў,
79 каб асьвяціць тых, што сядзяць ў поцемках ды ў засеню сьмерці, каб накіраваць ногі нашыя на шлях супакою".
80 А дзіця расло і ўзмацоўвалася у духу, ды прабывала ў пустыні аж да дня свайго паяўленьня перад Ізраэлем.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Лукі, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.