1 Таксама расказаў ім прыповесьць аб тым, што заўсёды трэба маліцца і не пераставаць,
2 кажучы: у адным горадзе быў адзін суддзя, каторы Бога не баяўся і людзей не сароміўся.
3 Жыла таксама ў гэтым горадзе адна ўдава, якая прыйшла да яго з просьбай, кажучы: "Абарані мяне ад майго супраціўніка".
4 А ён не хацеў даўжэйшы час. Потым аднак сказаў сабе: "Хоць я Бога не баюся і з людзьмі не лічуся,
5 аднак дзеля дакучлівасьці гэтае ўдавы абараню яе, каб больш не прыходзіла надакучаць мне".
6 Дык сказаў Госпад: "Паслухайце, што гаворыць несправядлівы суддзя;
7 а ці ж Бог ня возьмецца бараніць выбраньнікаў сваіх, якія днём і ноччу прызываюць Яго, ды ці будзе марудзіць у іх справе?
8 Кажу вам, што скора возьме іх у абарону. Але калі прыйдзе Сын Чалавечы, ці знойдзе веру на зямлі?"
9 Некаторым, што надта былі пэўныя, што яны справядлівыя, а іншымі пагарджалі, сказаў гэткую прыповесьць:
10 "Двух людзей увайшло ў сьвятыню памаліцца: адзін — фарысэй, а другі — мытнік.
11 Фарысэй, стоячы, так маліўся ў сабе: "Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, несправядлівыя, чужаложнікі або як гэты мытнік.
12 Пашчу два разы ў тыдні, даю дзесяціну з усяго, што маю".
13 А мытнік, стоячы здалёку, не адважваўся нават падняць вочы ў неба, але біў сябе ў грудзі і прасіў: "Божа, будзь міласэрны мне, грэшнаму".
14 Кажу вам: Гэты вярнуўся дамоў апраўданы, а ня той, бо кожны, хто сам сябе вывышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае будзе ўзвышаны".
15 Прыносілі да Яго таксама дзяцей, каб дакрануўся да іх. Бачачы гэта, вучні сварыліся на іх.
16 Але Езус, паклікаўшы іх да сябе, сказаў: "Дазваляйце дзеткам прыходзіць да Мяне і не бараніце ім, бо такіх ёсьць Каралеўства Божае.
17 Сапраўды кажу вам: Хто ня прыйме Каралеўства Божага як дзіця, ня ўвойдзе ў яго".
18 І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, кажучы: "Вучыцель добры, што маю рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?"
19 А Езус яму адказаў: "Чаму Мяне завеш добрым? Ніхто ня добры, адно Бог.
20 Ведаеш прыказаньні: Не чужалож, не забівай, не крадзі, ня сьведчы фальшыва, паважай бацьку твайго і маці тваю".
21 А ён сказаў: "Я гэта ўсё спаўняю ад маленства".
22 Пачуўшы гэта, Езус сказаў яму: "Аднаго табе не хапае: прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе, ды прыходзь і ідзі за Мной".
23 Той жа, пачуўшы гэта, пасмутнеў, бо быў вельмі багаты.
24 Езус, бачачы яго сумным, сказаў: "Як цяжка, маючы багацьце, увайсьці ў Каралеўства Божае!
25 Лягчэй вярблюду праціснуцца праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Каралеўства Божае".
26 Дык спыталіся тыя, што слухалі: "Хто ж можа быць тады збаўлены?"
27 Сказаў Ён ім: "Што немагчыма для людзей, тое магчыма для Бога".
28 Сказаў Пётар: "Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой".
29 Сказаў ім Езус: "Сапраўды кажу вам: Няма нікога, хто б пакінуў дом, або жонку, або бацькоў, або братоў, або дзяцей дзеля Каралеўства Божага,
30 каб не атрымаў многа больш у гэты час, а ў век будучы — жыцьцё вечнае.
31 Узяўшы ж з сабой Дванаццаць, казаў ім: "Вось ідзем у Ерузалім, і зьдзейсьніцца ўсё, што напісана Прарокамі пра Сына Чалавечага:
32 будзе выдадзены паганам і высьмеяны, зьняважаны ды апляваны,
33 і па ўбічаваньні заб'юць Яго, і на трэці дзень уваскрэсьне".
34 Але яны з гэтага нічога не зразумелі; і словы гэтыя былі закрытыя для іх, і не разумелі, што гаварылася.
35 Здарылася, калі падыходзіў да Ерыхону, нейкі сьляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы.
36 Пачуўшы гармідар праходзячага натоўпу, спытаўся, што гэта такое
37 Сказалі яму: "Езус з Назарэту ідзе".
38 Дык пачаў крычаць: "Езусе, Сыне Давідаў, зжалься нада мной!"
39 А тыя, што ішлі наперадзе, сварыліся на яго, каб маўчаў. Але ён тым мацней крычаў: "Сыне Давідаў, пашкадуй мяне!"
40 Езус затрымаўся і загадаў яго прывесьці да сябе. І калі ён падыйшоў, спытаўся ў яго:
41 "Што хочаш, каб Я зрабіў табе?" А ён сказаў: "Госпадзе, хачу бачыць".
42 Сказаў яму Езус: "Праглянь! Вера твая аздаравіла цябе".
43 І зараз стаў бачыць, ды ішоў за Езусам, славячы Бога. І ўвесь народ, бачачы гэта, аддаў хвалу Богу.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Лукі, 18 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
