Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Юды 1 Ліст Юды 1 разьдзел

1 Юда, слуга Езуса Хрыста, брат Якуба, тым, што пакліканы, умілаваным у Богу Айцу і захаваным для Езуса Хрыста:
2 Хай памножыцца вам міласэрдзе, і супакой, і любоў.
3 Умілаваныя, я вельмі хацеў вам напісаць пра супольнае наша збаўленьне і палічыў неабходным напісаць вам, каб заахвоціць да барацьбы за веру, раз і назаўсёды дадзеную сьвятым.
4 Улезьлі бо да вас нейкія людзі, якія здаўна запісаныя на асуджэньне, бязбожныя, каторыя ласку Бога нашага замяняюць на распусту, і выракаюцца адзінага Валадара і Госпада нашага Езуса Хрыста.
5 Хачу вам прыпомніць, хоць вы ўсё гэта ведаеце, што Госпад найперш вызваліў народ з зямлі Эгіпецкай, а пасьля выгубіў тых, што ня верылі.
6 Анёлаў жа, што не зьбераглі сваёй дастойнасьці, але пакінулі сваё жыльлё, зьвязаных вечнымі путамі, затрымаў у цемрадзі да вялікага суднага дня.
7 Таксама Садома, і Гамора, і суседнія гарады ў падобны спосаб, як яны аддаліся распусьце і пажаданьню чужога цела, сталіся прыкладам, церпячы кару вечнага агню.
8 Падобна і тыя летуценьнікі паганяць цела, зьневажаюць валаданьне (Госпада) ды блюзьняць супраць хвалы (нябеснай).
9 Калі арханёл Міхал спрачаўся з д'яблам пра цела Майсея, не адважыўся кінуць зьняважлівага асуджэньня, але сказаў: "Хай Госпад цябе пакарае".
10 Яны ж блязгуваюць на тое, чаго ня ведаюць, а што ў натуральны спосаб пазнаюць, як неразумныя жывёліны, тым сябе зьнішчаюць.
11 Гора ім, бо пайшлі яны дарогай Каіна і паддаліся ашуканству, як Балаам, за заплату, і ў буньце Карэя папрападалі.
12 Яны — небясьпека на вашых агапах банкетуючы ў вас бяз страху і пасьвячы саміх сябе; воблакі без вады, ветрам ганяныя, дрэвы асеньнія бясплодныя, два разы мёртвыя, выкарчаваны,
13 узбураныя віры марскія, што пеняцца сваёю брыдотаю, заблуканыя зоркі, для каторых непраніклівая цемрадзь навек прызначана.
14 Вось жа пра іх праракаваў Генох, сёмы па Адаме, кажучы: "Вось ідзе Госпад з мірыядамі сваіх сьвятых,
15 каб учыніць суд над усімі ды пакараць усіх бязбожнікаў за ўсе іхнія бязбожныя ўчынкі, у якіх выявілася іхняя бязбогасьць, і за ўсе блявузгі супраць Яго, якія казалі бязбожныя грэшнікі".
16 Яны наракаюць і жаляцца на свой лёс ды патураюць сваім пажаданьням, і вусны іх гавораць узьнёсла, і дзеля карысьці патураюць людзям.
17 Вы ж, дарагія, мейце ў памяці словы, сказаныя апосталамі Госпада нашага Езуса Хрыста,
18 калі яны казалі вам: "У апошні час паявяцца насьмешнікі, каторыя будуць хадзіць паводле бязбожных пажаданьняў сваіх".
19 Гэта тыя, што саміх сябе аддзяляюць, душэўныя, ня маючыя Духа.
20 Вы ж, умілаваныя, грунтуючыся на найсьвяцейшай веры вашай, маліцеся ў Духу Сьвятым,
21 ды ў любові Божай захоўвайце саміх сябе, чакаючы міласэрдзя Госпада нашага Езуса Хрыста на жыцьцё вечнае.
22 Да тых, што сумняваюцца, будзьце міласэрнымі,
23 іх ратуйце, вырываючы з агню, іншых шкадуйце з боязьзю, брыдзячыся нават адзеньнем іхнім, якое целам спаганена.
24 А таму, хто можа ўсьцерагчы вас бяз грэху і паставіць беззаганнымі і ў радасьці на віду сваёй хвалы,
25 адзінаму Богу, Збаўцы нашаму, праз Езуса Хрыста, Госпада нашага, — хвала, веліч, магутнасьць ды ўлада перад усімі вякамі, і цяпер, і ў вякі вечныя. Амэн.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст Юды, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.