Юда 1 разьдзел

Пасланьне Юды
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Юда, раб Ісуса Хрыста, брат Якава, пакліканым, якія асьвечаныя Богам Айцом і ахаваныя Ісусам Хрыстом:
 
Юда, слуга Езуса Хрыста, брат Якуба, тым, што пакліканы, умілаваным у Богу Айцу і захаваным для Езуса Хрыста:

міласьць вам і мір і любоў хай памножацца.
 
Хай памножыцца вам міласэрдзе, і супакой, і любоў.

Любасныя! маючы ўсю руплівасьць пісаць вам пра супольнае збавеньне, я палічыў за патрэбнае напісаць вам умаўленьне — паспрыяць веры, адзін раз перададзенай сьвятым.
 
Умілаваныя, я вельмі хацеў вам напісаць пра супольнае наша збаўленьне і палічыў неабходным напісаць вам, каб заахвоціць да барацьбы за веру, раз і назаўсёды дадзеную сьвятым.

Бо пракраліся некаторыя людзі, спрадвеку прызначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, што абарочваюць мілату Бога нашага ў нагоду да распусты і выракаюцца адзінага Валадара Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 
Улезьлі бо да вас нейкія людзі, якія здаўна запісаныя на асуджэньне, бязбожныя, каторыя ласку Бога нашага замяняюць на распусту, і выракаюцца адзінага Валадара і Госпада нашага Езуса Хрыста.

Я хачу нагадаць вам, хто ўжо ведае гэта, што Гасподзь, вызваліўшы народ зь зямлі Егіпецкай, потым пагубіў тых, што ня веравалі,
 
Хачу вам прыпомніць, хоць вы ўсё гэта ведаеце, што Госпад найперш вызваліў народ з зямлі Эгіпецкай, а пасьля выгубіў тых, што ня верылі.

і анёлаў, якія не захавалі сваёй годнасьці, але пакінулі сваё жытло, трымае ў вечных кайданах, пад цемрывам, на суд вялікага дня.
 
Анёлаў жа, што не зьбераглі сваёй дастойнасьці, але пакінулі сваё жыльлё, зьвязаных вечнымі путамі, затрымаў у цемрадзі да вялікага суднага дня.

Як Садома і Гамора і навакольныя гарады, што падобна да іх блудадзеілі і ўганяліся за іншаю плоцьцю, дастаўшы кары вагнём вечным, пастаўлены ў прыклад, —
 
Таксама Садома, і Гамора, і суседнія гарады ў падобны спосаб, як яны аддаліся распусьце і пажаданьню чужога цела, сталіся прыкладам, церпячы кару вечнага агню.

гэтак сама будзе і з гэтымі лятуценьнікамі, якія апаганьваюць плоць, адмаўляюць начальствы і ліхасловяць высокія ўлады.
 
Падобна і тыя летуценьнікі паганяць цела, зьневажаюць валаданьне (Госпада) ды блюзьняць супраць хвалы (нябеснай).

Міхаіл Арханёл, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся пра Майсеева цела, не адважыўся вымавіць зьняважлівага выраку, а сказаў: няхай забароніць табе Гасподзь.
 
Калі арханёл Міхал спрачаўся з д'яблам пра цела Майсея, не адважыўся кінуць зьняважлівага асуджэньня, але сказаў: "Хай Госпад цябе пакарае".

А гэтыя ганьбуюць тое, чаго ня ведаюць; а што з прыроды, як бязмоўныя жывёлы ведаюць, тым і разбэшчваюць сябе.
 
Яны ж блязгуваюць на тое, чаго ня ведаюць, а што ў натуральны спосаб пазнаюць, як неразумныя жывёліны, тым сябе зьнішчаюць.

Гора ім, бо ідуць дарогай Каінавай, упадаюць у змусту зьдзірства, як Валаам, і ў зацятасьці гінуць, як Карэй.
 
Гора ім, бо пайшлі яны дарогай Каіна і паддаліся ашуканству, як Балаам, за заплату, і ў буньце Карэя папрападалі.

Такія бываюць спакусай на вашых вячэрах любові: банкетуючы з вамі, бяз страху напасваюцца; гэта — бязводныя хмары, што вецер носіць; восеньскія дрэвы, бясплодныя, двойчы памерлыя, выкарчаваныя;
 
Яны — небясьпека на вашых агапах банкетуючы ў вас бяз страху і пасьвячы саміх сябе; воблакі без вады, ветрам ганяныя, дрэвы асеньнія бясплодныя, два разы мёртвыя, выкарчаваны,

раз’юшаныя марскія хвалі, што з шумавіньнем выкідаюць сваю брыду, зоркі вандроўныя, якіх трымае морак цемрыва навекі.
 
узбураныя віры марскія, што пеняцца сваёю брыдотаю, заблуканыя зоркі, для каторых непраніклівая цемрадзь навек прызначана.

Пра іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: вось, ідзе Гасподзь з процьмаю сьвятых анёлаў Сваіх —
 
Вось жа пра іх праракаваў Генох, сёмы па Адаме, кажучы: "Вось ідзе Госпад з мірыядамі сваіх сьвятых,

чыніць суд над усімі і выкрыць усіх сярод іх бязбожных ва ўсіх справах, якія ад бязбожнасьці іхняй, і за ўсе жорсткія словы, якімі ганілі Яго бязбожныя грэшнікі.
 
каб учыніць суд над усімі ды пакараць усіх бязбожнікаў за ўсе іхнія бязбожныя ўчынкі, у якіх выявілася іхняя бязбогасьць, і за ўсе блявузгі супраць Яго, якія казалі бязбожныя грэшнікі".

Гэта — наракальнікі, нічым не задаволеныя, што ходзяць у сваіх пажадлівасьцях (бязбожна і беззаконна); вусны іхнія вымаўляюць пыхлівыя словы; і зважаюць на асобы з карысьлівасьці.
 
Яны наракаюць і жаляцца на свой лёс ды патураюць сваім пажаданьням, і вусны іх гавораць узьнёсла, і дзеля карысьці патураюць людзям.

Але вы, любасныя, памятайце прадказанае апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста;
 
Вы ж, дарагія, мейце ў памяці словы, сказаныя апосталамі Госпада нашага Езуса Хрыста,

яны казалі вам, што апошнім часам зьявяцца агуднікі, якія будуць хадзіць у сваіх бязбожных пахацінствах.
 
калі яны казалі вам: "У апошні час паявяцца насьмешнікі, каторыя будуць хадзіць паводле бязбожных пажаданьняў сваіх".

Гэта — людзі, якія адлучаюць сябе (ад адзінства веры), душэўныя, але бяз духу.
 
Гэта тыя, што саміх сябе аддзяляюць, душэўныя, ня маючыя Духа.

А вы, любасныя, будуючыся на найсьвяцейшай веры нашай, молячыся Духам Сьвятым,
 
Вы ж, умілаваныя, грунтуючыся на найсьвяцейшай веры вашай, маліцеся ў Духу Сьвятым,

захоўвайце сябе ў любові Божай, чакаючы міласьці ад Госпада нашага Ісуса Хрыста, на вечнае жыцьцё;
 
ды ў любові Божай захоўвайце саміх сябе, чакаючы міласэрдзя Госпада нашага Езуса Хрыста на жыцьцё вечнае.

і да адных будзьце літасьцівыя, з разважлівасьцю;
 
Да тых, што сумняваюцца, будзьце міласэрнымі,

а другіх страхам ратуйце, вырываючы з вагню, выкрывайце са страхам, пагарджаючы нават вопраткаю, якая апаганена целам.
 
іх ратуйце, вырываючы з агню, іншых шкадуйце з боязьзю, брыдзячыся нават адзеньнем іхнім, якое целам спаганена.

А Таму, Хто можа захаваць вас ад падзеньня і паставіць перад славаю Сваёю беспахібнымі ў радасьці,
 
А таму, хто можа ўсьцерагчы вас бяз грэху і паставіць беззаганнымі і ў радасьці на віду сваёй хвалы,

адзінаму, самаму мудраму Богу, Збаўцу нашаму празь Ісуса Хрыста Госпада нашага, слава: веліч, сіла і ўлада перад усімі вякамі, сёньня і ўсявечна. Амін.
 
адзінаму Богу, Збаўцы нашаму, праз Езуса Хрыста, Госпада нашага, — хвала, веліч, магутнасьць ды ўлада перад усімі вякамі, і цяпер, і ў вякі вечныя. Амэн.