Да Галятаў 1 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Павал апостал выбраны ня людзьмі і не праз чалавека, а Ісусам Хрыстом і Богам Айцом, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых,
Павал, апостал не з улады людзей і не праз чалавека, але праз Езуса Хрыста і Бога Айца, які ўваскрасіў Яго з памёршых,
і ўсе браты, якія са мною, — цэрквам Галятыйскім:
і ўсе браты, прабываючыя са мною, цэрквам Галятыі:
мілата вам і мір ад Бога Айца і Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Ласка вам і супакой ад Бога Айца і ад Госпада нашага Езуса Хрыста,
Які аддаў Сябе Самога за грахі нашыя, каб выбавіць нас ад цяперашняга падступнага веку, па волі Бога і Айца нашага;
каторы аддаў самога сябе за грахі нашыя, каб вырваць нас з ліхоцьцяў цяперашняга сьвету па волі Бога і Айца нашага,
Яму слава на векі вечныя. Амін.
якому хвала на вякі вечныя. Амэн.
Зьдзіўляюся, што вы так хутка пераходзіце ад таго, хто заклікаў вас мілатою Хрыстоваю, да іншага зьвеставаньня,
Дзіўлюся я, што гэтак хутка перакінуліся вы ад таго, каторы паклікаў вас да ласкі Хрыстовай, да іншага эвангельля,
якое, аднак, ня іншае, а толькі ёсьць людзі, якія зводзяць вас і хочуць перавярнуць зьвеставаньне Хрыстовае.
якое і ня ёсьць іншае, але напэўна знайшліся нейкія, што баламуцяць вас ды хочуць перавярнуць Эвангельле Хрыстовае.
Але калі б нават мы, альбо анёл зь неба пачаў зьвеставаць вам ня тое, што мы зьвеставалі вам, хай будзе анатэма.
Але калі б нават мы або анёл з неба абвяшчаў вам нешта іншае, чым тое, што мы абвяшчалі вам, хай будзе анатэма!
Як раней мы сказалі, так і цяпер яшчэ кажу: хто зьвястуе вам ня тое, што вы прынялі, хай будзе анатэма.
Як мы вам казалі раней, і цяпер зноў вам кажу: Калі б хто абвяшчаў вам звыш таго, што атрымалі вы ад нас, хай будзе анатэма!
Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабаньня, ці ў Бога? ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, дык ня быў бы рабом Хрыстовым.
Людзям я павінен дагаджаць ці Богу? Ці я шукаю людзям падабацца? Калі б я людзям падабаўся, ня быў бы слугою Хрыстовым!
Абвяшчаю вам, браты, што Дабравесьце, якое я абвяшчаў, ня ёсьць чалавечае;
Запэўніваю вас, браты, што Эвангельле, якое абвяшчаў я вам, ня ёсьць з волі чалавека,
бо і я прыняў яго і навучыўся не ад чалавека, а праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста.
бо я яго не ад чалавека атрымаў або навучыўся, але праз аб'яўленьне Езуса Хрыста.
Вы чулі пра мой ранейшы лад жыцьця ў Юдэйстве, як я жорстка прасьледаваў Царкву Божую і спусташаў яе,
Чулі вы пэўна аб паводзінах маіх калісьці ў Юдэйстве, як жудасна перасьледаваў я Царкву Божую і зьнішчаў яе,
і вызначыўся ў Юдэйстве сярод многіх равесьнікаў з роду майго, бо быў я зацяты прыхільнік бацькоўскіх маіх паданьняў.
і вылучаўся ў Юдэйстве між многімі аднагодкамі ў родзе сваім, будучы найбольш руплівым аб бацькоўскія традыцыі свае.
Калі ж Бог, выбраўшы мяне ад улоньня маці маёй і заклікаўшы мілатою Сваёю,
Калі ж спадабалася Богу, які выбраў мяне яшчэ ва ўлоньні маці маёй і паклікаў ласкай сваёй,
зажадаў адкрыць ува мне Сына Свайго, каб я зьвеставаў Яго язычнікам, я не пачаў адразу ж раіцца з плоцьцю і крывёю,
каб аб'явіць мне Сына свайго і каб я абвяшчаў Яго паганскім народам, ня даў я супачынку целу і крыві
і не пайшоў у Ерусалім да тых апосталаў, якія ішлі перада мною, а пайшоў у Аравію, і зноў вярнуўся ў Дамаск.
і не пайшоў у Ерузалім да сваіх папярэднікаў апосталаў, але накіраваўся ў Арабію і адтуль зноў вярнуўся ў Дамашак.
Пасьля, праз тры гады, хадзіў я ў Ерусалім пабачыцца зь Пятром і пабыў у яго дзён пятнаццаць.
Толькі пасьля трох гадоў накіраваўся я ў Ерузалім убачыць Кефаса і прабываў ў яго пятнаццаць дзён.
А другога з апосталаў я ня бачыў нікога, акрамя Якава, брата Гасподняга.
З іншых апосталаў ня бачыў ніводнага, апрача Якуба, брата Госпадавага.
А ў тым, што пішу вам, прад Богам, ня ілгу.
А ў тым, што пішу вам, дык вось перад Богам, што не хлушу.
Пасьля гэтага адышоў я ў землі Сірыі і Кілікіі.
Потым пайшоў я ў ваколіцы Сырыі і Цыліцыі.
Цэрквам Хрыстовым у Юдэі асабіста я ня быў вядомы,
З твару ня быў я знаны цэрквамі Юдэі, якія былі ў Хрысьце,
а толькі чулі яны, што колішні іхні ганіцель цяпер зьвястуе веру, якую раней вынішчаў,
а толькі чулі пра мяне, што той, які калісьці перасьледаваў іх, цяпер навучае веры, якую раней нішчыў,
і праслаўлялі за мяне Бога.
і з маёй прычыны славілі Бога.