Да Галятаў 2 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Потым, праз чатырнаццаць гадоў, зноў хадзіў я ў Ерусалім з Варнавам, узяўшы з сабою і Ціта.
 
Потым, праз чатырнаццаць гадоў, я зноў пайшоў з Барнабам у Ерузалім, забраўшы з сабою Ціта.

А хадзіў паводле адкрыцьця і абвясьціў там, і асобна самым пашаноўным, Дабравесьце, якое я прапаведую язычнікам: ці ня марна я дзею альбо дзеяў.
 
Накіраваўся ж я туды згодна з аб'яўленьнем; і прадставіў ім, асабліва найвыдатнейшым, Эвангельле, якое абвяшчаў паганам, каб часам не надарма бягу, або бег.

Але яны і Ціта, які быў са мною, хоць і Эліна, ня прымушалі абразацца.
 
Але і Ціт, які быў са мной, які быў Грэк, ня быў змушаны да абразаньня.

А што да аблудных ілжэбратоў, якія пракраліся да нас падгледзець нашую свабоду, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб паняволіць нас,
 
Фальшывым жа братам, якія паўкрадаліся, каб падгледзець свабоду нашую, якую маем у Езусе Хрысьце, каб піхнуць нас зноў у няволю,

дык мы ні на хвіліну не паступіліся і не ўпакорыліся ім, каб ісьціна зьвеставаньня захавалася чыстаю ў вас.
 
мы не саступілі і не паддаліся ні на хвіліну, каб праўда Эвангельля захавалася ў вас.

І ў знакамітых праз што-небудзь, якія б яны ні былі калі-небудзь, для мяне няма нічога асаблівага: Бог не зважае на аблічча чалавека. І знакамітыя не дадалі мне больш анічога;
 
Тыя ж, што выдаюць сябе за некага, — якімі раней не былі, мяне не цікавіць;. Бог не ўзіраецца на важнасьць асобы, — дык тыя, што лічацца выдатнейшымі, мне не пярэчылі.

наадварот, што мне даверана зьвеставаньне неабрэзаным, як Пятру абрэзаным,
 
Нават наадварот, калі пераканаліся, што мне даручана абвяшчаць Эвангельле неабразаным, як Пятру — абразаным, —

бо Той, Хто спрыяў Пятру ў апостальстве сярод абрэзаных, спрыяў і мне сярод язычнікаў, —
 
бо Той, што дзейнічаў праз Пятра ў апостальстве між абразанымі, Той самы дзейнічаў і праз мяне між паганамі, —

і даведаўшыся пра мілату, дадзеную мне, Якаў і Кіфа і Ян, якія былі ўважаныя за стаўпоў, падалі мне і Варнаву руку лучнасьці, каб нам ісьці да язычнікаў, а ім да абрэзаных,
 
і калі пазналі, што і мне дадзена гэта ласка, дык Якуб, Кефас і Ян, якія здаюцца быць шульямі, падалі мне і Барнабе руку лучнасьці, каб мы ішлі да паганаў, а яны пойдуць да абразаных,

толькі каб мы памяталі ўбогіх, што і намагаўся я выканаць дакладна.
 
каб толькі помнілі мы пра бедных, аб чым я і сам рупіўся раней.

Калі ж Пётр прыйшоў у Антыахію, дык я адкрыта выступіў супроць яго, бо ён заслужыў дакораў.
 
Калі ж пасьля таго Кефас прыбыў у Антыёхію, я выступіў супраць яго, бо ён на гэта заслужыў.

Бо да прыходу некаторых ад Якава, еў разам зь язычнікамі; а калі тыя прыйшлі, пачаў таіцца і ўхіляцца, апасаючыся абрэзаных.
 
Перш чым прыбылі некаторыя ад Якуба, сядаў разам з паганамі за стол, калі ж тыя надыйшлі, стаў пазьбягаць і аддзяляцца, баючыся тых, што былі абразанымі.

Разам зь ім крывадушнічалі і іншыя Юдэі, так што нават Варнава быў змушчаны іхняй крывадушнасьцю.
 
За гэтай яго крывадушнасьцю пайшлі і другія Юдэі, так што і Барнаба быў уцягнуты імі ў гэту няшчырасьць.

Але калі я ўбачыў, што яны ня проста дзеюць паводле ісьціны Дабравесьця, сказаў Пятру пры ўсіх: калі ты як Юдэй жывеш па-язычніцку, а не па-Юдэйску, дык навошта язычнікаў змушаеш жыць па-Юдэйску?
 
Калі ж я спасьцярог, што ня ходзяць проста, не паводле праўды Эвангельля, сказаў аб гэтым публічна Пятру: "Калі ты, будучы Юдэям, жывеш па-паганску, а не па-юдэйску, чаму змушаеш паганаў жыць па-юдэйску?"

Мы з прыроды Юдэі, а не зь язычнікаў грэшнікі;
 
Мы па прыродзе Юдэі, а не з паганаў грэшнікаў,

аднак жа, даведаўшыся, што чалавек апраўдваецца ня дзеямі закона, а толькі вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца вераю ў Хрыста, а ня дзеямі закона; бо дзеямі закона не апраўдваецца ніякая плоць.
 
ведаючы ж, што чалавек апраўдваецца ня праз выпаўненьне закону, а праз веру ў Езуса Хрыста, і мы паверылі ў Езуса Хрыста, каб апраўдацца верай, а не выпаўненьнем закону, бо выпаўненьнем закону не апраўдаецца ніводнае цела.

Калі ж, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы і самі сталіся грэшнікамі, — дык няўжо ж Хрыстос ёсьць служка грэху? Аніяк!
 
Калі ж мы, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, аказаліся грэшнымі, ці ж Хрыстос — слуга граху? Аніколі.

Бо калі я зноў будую, што быў разбурыў, дык сам сябе раблю злачынцам.
 
Калі бо я адбудоўваю зноў тое, што раней зруйнаваў, то сябе раблю праступнікам.

Праз закон я памёр для закона, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся з Хрыстом,
 
Я вось праз закон памёр для закону, каб жыць для Бога. Я ўкрыжаваны з Хрыстом:

і ўжо ня я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, дык жыву вераю ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне.
 
дык жыву ўжо ня я, але жыве ў-ва мне Хрыстос. Хоць цяпер жыву ў целе, жыву верай у Сына Божага, які ўзьлюбіў мяне і аддаў на сьмерць самога сябе за мяне.

Не адкідаю мілаты Божай. А калі праведнасьць дасягаецца праз закон, дык Хрыстос марна памёр.
 
Не адкідаю ласкі Божай. Калі б праз закон было апраўданьне, дык не патрэбна была б сьмерць Хрыстова.