Да Галятаў 2 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Потым, праз чатырнаццаць гадоў, зноў хадзіў я ў Ерусалім з Варнавам, узяўшы з сабою і Ціта.
Потым, праз чатырна́ццаць гадоў, зноў хадзіў я ў Іерусалім з Варнавам, узяўшы з сабою і Ціта.
А хадзіў паводле адкрыцьця і абвясьціў там, і асобна самым пашаноўным, Дабравесьце, якое я прапаведую язычнікам: ці ня марна я дзею альбо дзеяў.
Хадзіў жа паводле адкравення і тое дабравесце, якое прапаведую язычнікам, вы́клаў ім, а асобна — самым шанаваным, каб вы́значылі, ці не марна я прыклада́ю і прыклада́ў свае сілы.
Але яны і Ціта, які быў са мною, хоць і Эліна, ня прымушалі абразацца.
Але і Ціта, які быў са мною, не прымушалі абрэзацца, хоць ён і Элін.
А што да аблудных ілжэбратоў, якія пракраліся да нас падгледзець нашую свабоду, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб паняволіць нас,
А што да лжэбратоў, якія скрытна праніклі, каб падгле́дзець свабоду нашу, якую мы маем у Хрысце Іісусе, і каб паняволіць нас,
дык мы ні на хвіліну не паступіліся і не ўпакорыліся ім, каб ісьціна зьвеставаньня захавалася чыстаю ў вас.
то мы не саступілі і не падпарадкава́ліся ім ні на хвіліну, каб ісціна дабравесця захавалася ў вас.
І ў знакамітых праз што-небудзь, якія б яны ні былі калі-небудзь, для мяне няма нічога асаблівага: Бог не зважае на аблічча чалавека. І знакамітыя не дадалі мне больш анічога;
І ў шанаваных за нешта, якімі б яны калісьці ні былі, для мяне няма нічога асаблівага: Бог не зважае на аблічча чалавека. І шанаваныя не ўсклалі на мяне нічога больш;
наадварот, што мне даверана зьвеставаньне неабрэзаным, як Пятру абрэзаным,
наадварот, убачыўшы, што мне даверана дабравесце для неабрэзаных, як Пятру для абрэзаных, —
бо Той, Хто спрыяў Пятру ў апостальстве сярод абрэзаных, спрыяў і мне сярод язычнікаў, —
бо Той, Хто садзейнічаў Пятру ў апостальстве сярод абрэзаных, садзейнічаў і мне сярод язычнікаў, —
і даведаўшыся пра мілату, дадзеную мне, Якаў і Кіфа і Ян, якія былі ўважаныя за стаўпоў, падалі мне і Варнаву руку лучнасьці, каб нам ісьці да язычнікаў, а ім да абрэзаных,
і даведаўшыся пра благадаць, дадзеную мне, Іакаў, і Кіфа, і Іаан, якіх шанавалі як стаўпоў, падалí мне і Варнаву руку́ адзінства, каб нам ісці да язычнікаў, а ім да абрэзаных,
толькі каб мы памяталі ўбогіх, што і намагаўся я выканаць дакладна.
толькі каб мы памяталі пра ўбогіх, што якраз стараўся я выконваць.
Калі ж Пётр прыйшоў у Антыахію, дык я адкрыта выступіў супроць яго, бо ён заслужыў дакораў.
Калі ж Пётр прыйшоў у Антыяхію, то я адкрыта выступіў супраць яго, таму што ён быў варты дакору:
Бо да прыходу некаторых ад Якава, еў разам зь язычнікамі; а калі тыя прыйшлі, пачаў таіцца і ўхіляцца, апасаючыся абрэзаных.
бо да прыходу некаторых ад Іакава ён еў разам з язычнікамі; а калі тыя прыйшлі, пачаў ухіляцца і трымацца асобна, баючы́ся абрэзаных.
Разам зь ім крывадушнічалі і іншыя Юдэі, так што нават Варнава быў змушчаны іхняй крывадушнасьцю.
Крывадушнічалі разам з ім і іншыя Іудзеі, так што нават Варнава паддаўся іх крывадушнасці.
Але калі я ўбачыў, што яны ня проста дзеюць паводле ісьціны Дабравесьця, сказаў Пятру пры ўсіх: калі ты як Юдэй жывеш па-язычніцку, а не па-Юдэйску, дык навошта язычнікаў змушаеш жыць па-Юдэйску?
Але калі я ўбачыў, што яны не ідуць прама паводле ісціны Дабравесця, то сказаў Пятру пры ўсіх: калі ты, будучы Іудзеем, жывеш па-язычніцку, а не па-іудзейску, то навошта язычнікаў прымушаеш жыць па-іудзейску́
Мы з прыроды Юдэі, а не зь язычнікаў грэшнікі;
Мы па прыродзе Іудзеі, а не з язычнікаў грэшнікі;
аднак жа, даведаўшыся, што чалавек апраўдваецца ня дзеямі закона, а толькі вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца вераю ў Хрыста, а ня дзеямі закона; бо дзеямі закона не апраўдваецца ніякая плоць.
аднак, даведаўшыся, што чалавек атрымлівае апраўданне не паводле спраў закона, а толькі праз веру ў Іісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Іісуса, каб быць апраўда́нымі вераю ў Хрыста, а не справамі закона; бо справамі закона не будзе апраўда́на ніякая плоць.
Калі ж, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы і самі сталіся грэшнікамі, — дык няўжо ж Хрыстос ёсьць служка грэху? Аніяк!
Калі ж, шукаючы апраўдання ў Хрысце, мы і самі аказаліся грэшнікамі, то няўжо Хрыстос — слуга граху́ Ні ў якім разе!
Бо калі я зноў будую, што быў разбурыў, дык сам сябе раблю злачынцам.
Бо калі я зноў будую тое, што разбуры́ў, тады сам сябе раблю злачынцам.
Праз закон я памёр для закона, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся з Хрыстом,
Я ж праз закон памёр для закона, каб жыць для Бога. Я — распя́ты з Хрыстом,
і ўжо ня я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, дык жыву вераю ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне.
і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў плоці, то жыву вераю ў Сына Божага, Які ўзлюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне.
Не адкідаю мілаты Божай. А калі праведнасьць дасягаецца праз закон, дык Хрыстос марна памёр.
Не адкіда́ю благадаці Божай. Бо калі апраўданне дасягаецца праз закон, то Хрыстос памёр марна.