Да Галятаў 3 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы
О, няцямныя Галяты! Хто падбіў вас не скарацца ісьціне, вас, у каго перад вачыма накрэсьлены быў Ісус Хрыстос, як бы сярод вас укрыжаваны?
О, неразумныя Галаты! хто вас так зачараваў, каб не скара́ліся ісціне, вас, перад вачыма якіх апíсаны быў Іісус Хрыстос, нíбы сярод вас распя́ты́
Толькі гэта хачу ведаць ад вас: ці празь дзеі закона вы атрымалі Духа, ці праз настаўленьне ў веры?
Толькі адно хачу ведаць ад вас: праз справы закона вы атрымалі Духа ці праз пропаведзь веры́
Ці такія вы няцямныя, што, пачаўшы Духам, цяпер канчаеце плоцьцю?
Хіба́ вы такія неразумныя, што, пачаўшы Духам, цяпер завяршаеце плоццю́
Так многа вы перацярпелі няўжо марна? О, калі б толькі марна!
Няўжо вы столькі перацярпелі марна́ Калі б толькі марна!
Той, Хто падаў вам Духа і творыць сярод вас цуды, ці празь дзеі закона робіць гэта, ці праз пропаведзь веры?
Той, Хто дае вам Духа і здзяйсняе сярод вас цуды, робіць гэта праз справы закона ці праз пропаведзь веры́
Так Абрагам паверыў Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць.
Так, як Аўраам паверыў Богу, і гэта залічылася яму як праведнасць.
Уведайце ж, што вернікі — сыны Абрагамавыя.
Дык ведайце, што веруючыя — гэта сыны Аўраамавы.
І Пісаньне, прадбачачы, што Бог вераю апраўдае язычнікаў, наперад узьвясьціла Абрагаму: «у табе дабраславяцца ўсе народы».
І Пісанне, прадбачачы, што Бог па веры апраўдае язычнікаў, прадвясціла Аўрааму: «у табе благаславёныя будуць усе народы».
Вось так, веруючыя дабраславяцца зь верным Абрагамам.
Так што веруючыя благаслаўляюцца з верным Аўраамам,
А ўсе, хто сьцьвярджаецца на дзеях закона, жывуць пад пракляцьцем. Бо напісана: «пракляты кожны, хто ня выконвае пастаянна ўсяго, што напісана ў кнізе закона».
а ўсе, хто спадзяецца ад справы закона, тыя пад пракляццем. Бо напісана: «пракляты кожны, хто не трымаецца ўсяго, што напíсана ў кнізе закона, каб вы́канаць гэта».
А што законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, гэта ясна, бо «праведны вераю жыць будзе».
А што законам ніхто не атрымлівае апраўдання перад Богам, гэта ясна, бо праведны вераю жывы будзе.
А закон не ад веры; «а хто выконвае яго, той жыць будзе ім».
Закон жа не ад веры; наадварот, у ім ска́зана: хто выконвае яго, той жывы́ будзе ім.
Хрыстос адкупіў нас ад пракляцьця закона, зрабіўшыся за нас пракляцьцем — бо напісана: «пракляты кожны, хто вісіць на дрэве»,
Хрыстос выкупіў нас ад пракляцця закона, зрабіўшыся за нас пракляццем, — бо напісана: «пракляты кожны, хто вісіць на дрэве», —
каб дабраславеньне Абрагамавае праз Хрыста Ісуса пашырылася на язычнікаў, каб нам атрымаць абяцанага Духа вераю.
каб благаславенне Аўраамава было́ праз Хрыста Іісуса на язычніках, каб абяцанага Духа мы атрымалі па веры.
Браты! кажу я па-людзку: нават чалавекам зацьверджанага запавету ніхто не адмяняе і не дадае да яго.
Браты! я кажу́, разважа́ючы як чалаве́к: нават чалавекам зацверджанага завяшчання ніхто не адмяня́е і не дапаўня́е.
Але Абрагаму дадзеныя былі абяцаньні і нашчадку ягонаму. Ня сказана: «і нашчадкам», як бы пра многіх, а як бы пра аднаго: «і насеньню твайму», якое ёсьць Хрыстос.
Аўрааму ж дадзены былі абяцанні і се́мені яго. Не сказана: «і насе́нню», як пра многіх, а як пра аднаго: «і се́мені твайму», якое ёсць Хрыстос.
Я кажу тое, што запавета пра Хрыста, раней Богам зацьверджанага, закон, які паявіўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не адмяняе так, каб абяцаньне страціла сілу.
Вось што я кажу: раней зацверджанага Богам запавету пра Хрыста закон, які з’явіўся на чатырыста трыццаць гадоў пазней, не адмяняе і не скасоўвае абяцання.
Бо калі паводле закона спадчына, дык ужо не паводле абяцаньня; але Абрагаму Бог даў гэта паводле абяцаньня.
Бо калі паводле закона спадчына, то ўжо не паводле абяцання; але Аўрааму Бог даў гэта паводле абяцання.
Навошта ж закон? Ён дадзены пасьля з прычыны злачынстваў, да часу прышэсьця насеньня, якому было дадзена абяцаньне, і ўчынена праз анёлаў, рукою пасрэдніка.
Навошта ж закон? Ён быў дададзены пазней з-за злачынстваў, — да часу прышэсця семені, якому дадзена абяцанне, — і перададзены праз ангелаў, рукою пасрэдніка.
Але пасрэднік пры адным ня бывае, а Бог адзін.
Але пасрэдніка пры адным не бывае, а Бог адзін.
Дык ці ж закон супроць абяцаньняў Божых? Ані! Бо калі б дадзены быў закон, які мог бы ажыўляць, дык сапраўды праведнасьць была б ад закона;
Дык што, закон супраць абяцанняў Божых? Ні ў якім разе! Бо калі б дадзены быў закон, які можа даваць жыццё, то сапраўды праведнасць была б ад закона;
але Пісаньне ўсіх замкнула пад грэх, каб абяцаньне веруючым было дадзена ад веры ў Ісуса Хрыста.
але Пісанне ўсё замкнула пад грахом, каб абяцанне дадзена было па веры ў Іісуса Хрыста веруючым.
Але да прышэсьця веры, мы былі замкнутыя пад вартаю закона да таго часу, як мела адкрыцца вера.
Але да таго як прыйшла вера, мы былі замкнёнымі пад вартаю закона ў чаканні адкрыцця веры.
Дык вось закон быў для нас павадыром да Хрыста, каб нам апраўдацца вераю;
Так што закон стаў для нас выхавацелем, які вёў да Хрыста, каб мы былі апраўда́ны вераю;
а як прыйшла вера, мы ўжо не пад кіраваньнем павадыра.
калі ж прыйшла вера, то мы ўжо не пад апекай выхавацеля.
Бо ўсе вы сыны Божыя па веры ў Хрыста Ісуса;
Бо ўсе вы сыны Божыя па веры ў Хрыста Іісуса;
усе вы, хто хрысьціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся!
усе вы, што ў Хрыста ахрысціліся, у Хрыста апрануліся.
Няма ўжо Юдэя, ні язычніка; няма раба, ні вольніка; няма мужчынскага полу, ні жаночага: бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе.
Няма ўжо ні Іудзея, ні язычніка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчынскага полу, ні жаночага: бо ўсе вы — адно ў Хрысце Іісусе.
Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы нашчадкі Абарагамавыя, і паводле абяцаньня спадкаемцы.
Калі ж вы Хрыстовы, то вы — семя Аўраамава і паводле абяцання спадкаемцы.