Да Галятаў 2 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Потым, праз чатырнаццаць гадоў, зноў хадзіў я ў Ерусалім з Варнавам, узяўшы з сабою і Ціта.
 
Потым, за чатырнанцаць год, я ізноў хадзіў да Ерузаліму з Варнаваю, узяўшы із сабою й Ціта.

А хадзіў паводле адкрыцьця і абвясьціў там, і асобна самым пашаноўным, Дабравесьце, якое я прапаведую язычнікам: ці ня марна я дзею альбо дзеяў.
 
Узышоў жа подле аб’яўленьня і пакладаў перад імі Евангелю, каторую я абяшчаю меж народаў, але асобна выдатным, каб можа дарма ня бегаць цяпер і ўперад.

Але яны і Ціта, які быў са мною, хоць і Эліна, ня прымушалі абразацца.
 
Але й Ціт, што, будучы Грэкам, быў з імною, ня быў прысілены абразацца.

А што да аблудных ілжэбратоў, якія пракраліся да нас падгледзець нашую свабоду, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб паняволіць нас,
 
І дзеля хвальшывых братоў, што былі прыведзены патай, каторыя цікавалі, каб падгледзіць свабоду нашу, каторую маем у Хрысту Ісусу, каб паняволіць нас,

дык мы ні на хвіліну не паступіліся і не ўпакорыліся ім, каб ісьціна зьвеставаньня захавалася чыстаю ў вас.
 
Мы ані на гадзіну ня ўступілі і не паддаліся, каб праўда Евангелі заставалася ў вас.

І ў знакамітых праз што-небудзь, якія б яны ні былі калі-небудзь, для мяне няма нічога асаблівага: Бог не зважае на аблічча чалавека. І знакамітыя не дадалі мне больш анічога;
 
І ў значных чымсь, чым-колечы яны ня былі б, імне няма нічога асаблівага: Бог не глядзіць на асобу людзіны. І значныя імне нічога не дадалі;

наадварот, што мне даверана зьвеставаньне неабрэзаным, як Пятру абрэзаным,
 
Але наадварот, бачачы, што Дабравесьць неабразаным была даверана імне, як Пётру абразаным, —

бо Той, Хто спрыяў Пятру ў апостальстве сярод абрэзаных, спрыяў і мне сярод язычнікаў, —
 
Бо Тый, што дзеяў у Пётру дзеля апосталства ў вабрэзаных, дзеяў таксама ў імне ўзглядам паган, —

і даведаўшыся пра мілату, дадзеную мне, Якаў і Кіфа і Ян, якія былі ўважаныя за стаўпоў, падалі мне і Варнаву руку лучнасьці, каб нам ісьці да язычнікаў, а ім да абрэзаных,
 
І ведаючы ласку, даную імне, Якаў а Кіфа а Яан, каторых мелі за стаўпоў, далі імне а Варнаве правіцу ўзаем’я, каб мы йшлі да паган, а яны да абразаньня,

толькі каб мы памяталі ўбогіх, што і намагаўся я выканаць дакладна.
 
Адно, каб мы памятавалі бедных, што я жадаў рабіць.

Калі ж Пётр прыйшоў у Антыахію, дык я адкрыта выступіў супроць яго, бо ён заслужыў дакораў.
 
Як жа Пётра прышоў да Антыёхі, дык я аблічна спрацівіўся яму, бо ён годзен быў ганеньня.

Бо да прыходу некаторых ад Якава, еў разам зь язычнікамі; а калі тыя прыйшлі, пачаў таіцца і ўхіляцца, апасаючыся абрэзаных.
 
Бо, да прыбыцьця некатрых ад Якава, еў з тымі з народаў, а як яны прышлі, ён адсунуўся а аддзяліўся, баючыся абразаньня.

Разам зь ім крывадушнічалі і іншыя Юдэі, так што нават Варнава быў змушчаны іхняй крывадушнасьцю.
 
І зь ім засталыя із Жыдоў прыдаваліся, ажно Варнава паддаўся іх двудушнасьці.

Але калі я ўбачыў, што яны ня проста дзеюць паводле ісьціны Дабравесьця, сказаў Пятру пры ўсіх: калі ты як Юдэй жывеш па-язычніцку, а не па-Юдэйску, дык навошта язычнікаў змушаеш жыць па-Юдэйску?
 
Але як я абачыў, што яны ня проста ходзяць подле праўды Евангелі, я сказаў Пётру перад усімі: «Калі ты, будучы Жыдам, жывеш, як няжыд, а не як Жыды, дык чаму сіліш няжыдоў да Юдаізмы?»

Мы з прыроды Юдэі, а не зь язычнікаў грэшнікі;
 
Мы з прыроды Жыды, а ня грэшнікі з народаў;

аднак жа, даведаўшыся, што чалавек апраўдваецца ня дзеямі закона, а толькі вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца вераю ў Хрыста, а ня дзеямі закона; бо дзеямі закона не апраўдваецца ніякая плоць.
 
Але, ведаючы, што людзіна правіцца ня ўчынкамі Закону, але вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверылі ў Хрыста Ісуса, каб аправіцца вераю ў Хрыста, а ня ўчынкамі Закону; бо ўчынкамі Закону ніякае цела не аправіцца.

Калі ж, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы і самі сталіся грэшнікамі, — дык няўжо ж Хрыстос ёсьць служка грэху? Аніяк!
 
Калі ж, шукаючы апраўленьня ў Хрысту, мы й самы аказаліся грэшнікамі, — дык нягож Хрыстос слуга грэху? Няхай ня станецца так!

Бо калі я зноў будую, што быў разбурыў, дык сам сябе раблю злачынцам.
 
Бо калі я ізноў станаўлю, што абурыў, дык сам сябе раблю выступнікам.

Праз закон я памёр для закона, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся з Хрыстом,
 
Законам я памер дзеля Закону, каб жыць дзеля Бога.

і ўжо ня я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, дык жыву вераю ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне.
 
Я ўкрыжаваны з Хрыстом, і ня жыву ўжо я, але Хрыстос жывець у імне. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, што ўлюбіў мяне і аддаў Сябе Самога за мяне.

Не адкідаю мілаты Божай. А калі праведнасьць дасягаецца праз закон, дык Хрыстос марна памёр.
 
Не адхінаю ласкі Божае; а калі справядлівасьць Законам, дык Хрыстос памер дарма.