Да Галятаў 2 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Потым, праз чатырнаццаць гадоў, я зноў пайшоў з Барнабам у Ерузалім, забраўшы з сабою і Ціта.
Потым, за чатырнанцаць год, я ізноў хадзіў да Ерузаліму з Варнаваю, узяўшы із сабою й Ціта.
Накіраваўся ж я згодна з аб’яўленнем; і прадставіў ім, асабліва найвыдатнейшым, Евангелле, якое абвяшчаў паганам, каб часам не надарма бег або бягу.
Узышоў жа подле аб’яўленьня і пакладаў перад імі Евангелю, каторую я абяшчаю меж народаў, але асобна выдатным, каб можа дарма ня бегаць цяпер і ўперад.
Але і Ціт, што быў са мной, хоць быў грэк, не быў змушаны да абразання.
Але й Ціт, што, будучы Грэкам, быў з імною, ня быў прысілены абразацца.
А адносна фальшывых братоў, якія падступіліся, каб выпрабаваць свабоду нашу, якую маем у Ісусе Хрысце, каб адправіць нас зноў у няволю,
І дзеля хвальшывых братоў, што былі прыведзены патай, каторыя цікавалі, каб падгледзіць свабоду нашу, каторую маем у Хрысту Ісусу, каб паняволіць нас,
ім мы не саступілі і не паддаліся ні на хвіліну, каб праўда Евангелля захавалася ў вас.
Мы ані на гадзіну ня ўступілі і не паддаліся, каб праўда Евангелі заставалася ў вас.
Адносна ж да тых, што выдаюць сябе за некага, якімі б яны ні былі калісьці, для мяне ўсё роўна: Бог не ўзіраецца на важнасць асобы. А тыя, што лічацца за кагосьці, мне не пярэчылі.
І ў значных чымсь, чым-колечы яны ня былі б, імне няма нічога асаблівага: Бог не глядзіць на асобу людзіны. І значныя імне нічога не дадалі;
Нават наадварот, калі ўбачылі, што мне даручана абвяшчаць Евангелле неабрэзаным, як Пётры абрэзаным, —
Але наадварот, бачачы, што Дабравесьць неабразаным была даверана імне, як Пётру абразаным, —
бо Той, Які дзейнічаў праз Пётру ў Апостальстве між абрэзанымі, дзейнічаў і праз мяне між паганамі, —
Бо Тый, што дзеяў у Пётру дзеля апосталства ў вабрэзаных, дзеяў таксама ў імне ўзглядам паган, —
і калі пазналі, што і мне дадзена гэтая ласка, дык Якуб, Кіфа і Ян, якіх лічылі стаўпамі, падалі мне і Барнабе руку лучнасці, каб мы ішлі да паганаў, а яны да абрэзаных,
І ведаючы ласку, даную імне, Якаў а Кіфа а Яан, каторых мелі за стаўпоў, далі імне а Варнаве правіцу ўзаем’я, каб мы йшлі да паган, а яны да абразаньня,
каб толькі помнілі мы пра бедных, аб чым я і сам рупіўся раней, каб рабіць гэта.
Адно, каб мы памятавалі бедных, што я жадаў рабіць.
Калі ж пасля таго Пётра прыбыў у Антыёхію, я выступіў супраць яго, бо ён заслужыў дакор.
Як жа Пётра прышоў да Антыёхі, дык я аблічна спрацівіўся яму, бо ён годзен быў ганеньня.
Перш чым прыбылі некаторыя ад Якуба, ён еў разам з паганамі, калі ж тыя надышлі, стаў пазбягаць і аддзяляцца, баючыся тых, што былі абрэзанымі.
Бо, да прыбыцьця некатрых ад Якава, еў з тымі з народаў, а як яны прышлі, ён адсунуўся а аддзяліўся, баючыся абразаньня.
За гэтай яго крывадушнасцю пайшлі і другія юдэі, так што і Барнаба быў уцягнуты імі ў гэтую крывадушнасць.
І зь ім засталыя із Жыдоў прыдаваліся, ажно Варнава паддаўся іх двудушнасьці.
Калі ж я ўбачыў, што яны не ходзяць проста, не паводле праўды Евангелля, сказаў аб гэтым Пётры ў прысутнасці ўсіх: «Калі ты, будучы юдэем, жывеш па-паганску, а не па-юдэйску, чаму змушаеш паганаў жыць па-юдэйску?»
Але як я абачыў, што яны ня проста ходзяць подле праўды Евангелі, я сказаў Пётру перад усімі: «Калі ты, будучы Жыдам, жывеш, як няжыд, а не як Жыды, дык чаму сіліш няжыдоў да Юдаізмы?»
Мы па прыродзе юдэі, а не з паганаў грэшнікі,
Мы з прыроды Жыды, а ня грэшнікі з народаў;
ведаючы ж, што чалавек апраўдваецца не праз выкананне закону, а праз веру ў Ісуса Хрыста, і мы паверылі ў Ісуса Хрыста, каб апраўдацца верай у Хрыста, а не выкананнем закону, бо выкананнем закону не апраўдаецца ніводнае цела.
Але, ведаючы, што людзіна правіцца ня ўчынкамі Закону, але вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверылі ў Хрыста Ісуса, каб аправіцца вераю ў Хрыста, а ня ўчынкамі Закону; бо ўчынкамі Закону ніякае цела не аправіцца.
Калі ж мы, шукаючы апраўдання ў Хрысце, аказаліся самі грэшнымі, ці ж Хрыстос — паслугач граху? Аніколі.
Калі ж, шукаючы апраўленьня ў Хрысту, мы й самы аказаліся грэшнікамі, — дык нягож Хрыстос слуга грэху? Няхай ня станецца так!
Бо калі я адбудоўваю зноў тое, што раней зруйнаваў, то сябе раблю злачынцам.
Бо калі я ізноў станаўлю, што абурыў, дык сам сябе раблю выступнікам.
Я, вось, праз закон памёр для закону, каб жыць для Бога. Я ўкрыжаваны з Хрыстом:
Законам я памер дзеля Закону, каб жыць дзеля Бога.
дык жыву ўжо не я, але жыве ўва мне Хрыстос. Хоць цяпер жыву ў целе, жыву ў веры ў Сына Божага, Які ўзлюбіў мяне і аддаў Самога Сябе за мяне.
Я ўкрыжаваны з Хрыстом, і ня жыву ўжо я, але Хрыстос жывець у імне. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, што ўлюбіў мяне і аддаў Сябе Самога за мяне.
Не адкідаю ласкі Божай. Калі б праз закон справядлівасць, дык Хрыстос памёр дарма.
Не адхінаю ласкі Божае; а калі справядлівасьць Законам, дык Хрыстос памер дарма.