Да Галятаў 2 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Потым, праз чатырнаццаць гадоў, я зноў пайшоў з Барнабам у Ерузалім, забраўшы з сабою і Ціта.
 
Пазьней, цераз гадоў чатырнаццаць, я зноў хадзіў у Ерузалім з Барнабай, узяўшы з сабою і Ціта.

Накіраваўся ж я згодна з аб’яўленнем; і прадставіў ім, асабліва найвыдатнейшым, Евангелле, якое абвяшчаў паганам, каб часам не надарма бег або бягу.
 
А хадзіў дзеля аб’яўлення і занёс ім Эванэлію прапаведваную паганам, асабліва-ж выдатнейшым, каб не дарма бач бегаць, ці бегаў.

Але і Ціт, што быў са мной, хоць быў грэк, не быў змушаны да абразання.
 
Але навет і Ціт, мой спадарожнік, хоць Гэльлен, ня быў прымушаны абражацца.

А адносна фальшывых братоў, якія падступіліся, каб выпрабаваць свабоду нашу, якую маем у Ісусе Хрысце, каб адправіць нас зноў у няволю,
 
А братом аблудным, што ўкрадаліся, каб падгледзець нашую свабоду, якую маем у Хрыстусе Езусе, ды паняволіць нас,

ім мы не саступілі і не паддаліся ні на хвіліну, каб праўда Евангелля захавалася ў вас.
 
мы ні на часіну не здаліся пакарэннем, каб праўда Эванэліі захавалася ў вас.

Адносна ж да тых, што выдаюць сябе за некага, якімі б яны ні былі калісьці, для мяне ўсё роўна: Бог не ўзіраецца на важнасць асобы. А тыя, што лічацца за кагосьці, мне не пярэчылі.
 
І тыя, што ўважаныя за выдатнейшых, (мне ўсёроўна кімбы яны калісь ні былі: Бог бо ня ўзіраецца на чалавечае аблічча), і тые не ўзлажылі на мяне болей нічога;

Нават наадварот, калі ўбачылі, што мне даручана абвяшчаць Евангелле неабрэзаным, як Пётры абрэзаным, —
 
а наадварот — угледзеўшы, што мне была даверана эванэлізацыя неабразаных, як Пятру — абразаных,

бо Той, Які дзейнічаў праз Пётру ў Апостальстве між абрэзанымі, дзейнічаў і праз мяне між паганамі, —
 
(Той бо, Хто памагаў Пятру ў апостальстве над абразанымі, памагаў і мне над паганамі),

і калі пазналі, што і мне дадзена гэтая ласка, дык Якуб, Кіфа і Ян, якіх лічылі стаўпамі, падалі мне і Барнабе руку лучнасці, каб мы ішлі да паганаў, а яны да абрэзаных,
 
ды даведаўшыся аб ласцы мне данай — Якуб і Кэфас і Ян, уважаныя за філяры, падалі мне і Барнабе руку ўзаемнасьці, каб нам ісбці да паганаў, а ім да абразаных,

каб толькі помнілі мы пра бедных, аб чым я і сам рупіўся раней, каб рабіць гэта.
 
каб толькі не забывацца нам аб убогіх, што і стараўся я шчыра выконываць.

Калі ж пасля таго Пётра прыбыў у Антыёхію, я выступіў супраць яго, бо ён заслужыў дакор.
 
Калі-ж Кэфас прыйшоў у Антыохію, дык я супрацівіўся яму ў вочы, бо варты быў дакору.

Перш чым прыбылі некаторыя ад Якуба, ён еў разам з паганамі, калі ж тыя надышлі, стаў пазбягаць і аддзяляцца, баючыся тых, што былі абрэзанымі.
 
Перш бо, чым прыйшлі некаторыя ад Якуба, еў разам з паганамі; а як толькі тыя зьявіліся, стаў таіцца і ўхіляцца, баючыся абразаных.

За гэтай яго крывадушнасцю пайшлі і другія юдэі, так што і Барнаба быў уцягнуты імі ў гэтую крывадушнасць.
 
За няшчырым яго прыкладам пайшлі й іншыя Юдэі, аж і Барнаба даўся ўцягнуць у гэну дваістасьць.

Калі ж я ўбачыў, што яны не ходзяць проста, не паводле праўды Евангелля, сказаў аб гэтым Пётры ў прысутнасці ўсіх: «Калі ты, будучы юдэем, жывеш па-паганску, а не па-юдэйску, чаму змушаеш паганаў жыць па-юдэйску?»
 
Але, як убачыў я, што ня проста паступалі па праўдзе Эванэліі, дык сказаў Кэфасу пры ўсіх: Калі ты, будучы Юдэем, жывеш па-паганску, а не па-юдэйску, то чамуж прымушаеш паганаў жыць па-юдэйску?

Мы па прыродзе юдэі, а не з паганаў грэшнікі,
 
Мы з прыроды Юдэі, а не з паганаў грэшнікі;

ведаючы ж, што чалавек апраўдваецца не праз выкананне закону, а праз веру ў Ісуса Хрыста, і мы паверылі ў Ісуса Хрыста, каб апраўдацца верай у Хрыста, а не выкананнем закону, бо выкананнем закону не апраўдаецца ніводнае цела.
 
аднак ведаючы, што чалавек апраўдваецца не учынкамі Закону, а толькі вераю ў Езуса Хрыстуса, дык мы й верым у Хрыстуса Езуса, каб гэтай верай у Хрыстуса апраўдацца (асправядлівіцца), а не учынкамі Закону: учынкамі бо Закону не апраўдаецца ніякае цела.

Калі ж мы, шукаючы апраўдання ў Хрысце, аказаліся самі грэшнымі, ці ж Хрыстос — паслугач граху? Аніколі.
 
А калі, шукаючы асправядліўлення у Хрыстусе, мы і самыя аказаліся грэшнікамі, дык няўжо Хрыстус дапаможнік граху? Крый Божа!

Бо калі я адбудоўваю зноў тое, што раней зруйнаваў, то сябе раблю злачынцам.
 
Бо калі я назад адбудоўваю тое, што раскідаў, дык сам сябе раблю праступнікам.

Я, вось, праз закон памёр для закону, каб жыць для Бога. Я ўкрыжаваны з Хрыстом:
 
Я бо праз Закон умёр для Закону, каб жыць для Бога; з Хрыстусам прыбіты я да крыжа;

дык жыву ўжо не я, але жыве ўва мне Хрыстос. Хоць цяпер жыву ў целе, жыву ў веры ў Сына Божага, Які ўзлюбіў мяне і аддаў Самога Сябе за мяне.
 
і жыву ўжо не я, але жыве ў-ва мне Хрыстус. А што я цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, Каторы палюбіў мяне й выдаў за мяне Сябе Самога.

Не адкідаю ласкі Божай. Калі б праз закон справядлівасць, дык Хрыстос памёр дарма.
 
Не адкідаю ласкі Божае: калі бо асправядліўленне праз Закон атрымоўваецца, тады Хрыстус умёр надарма.